Ніва № 16 (2397), 21 красавіка 2002 г.

З’езд Беларускага саюза

Самаўрадавыя выбары, усеагульны перапіс насельніцтва і беларуская прысутнасць у Беластоку — гэта галоўныя тэмы дыскусіі V З’езда дэлегатаў Беларускага саюза ў Рэчы Паспалітай, які 10 красавіка абыўся ў Беластоку. Беларускі саюз з’яўляецца федэратыўнай структурай, якую складаюць сем беларускіх суполак у Польшчы — Асацыяцыя беларускіх журналістаў, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае гістарычнае таварыства, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, Беларускае культурнае таварыства „Хатка”, Літаратурнае аб’яднанне „Белавежа” і Праграмная рада Тыднёвіка „Ніва”.

З’езд вырашыў, што Беларускі Саюз у Польшчы сваю дзейнасць засяродзіць на пашырэнні беларускай свядомасці, культуры беларускага слова і наогул таго, што завем беларускай прасторай. У сувязі з перапісам насельніцтва Саюз выдасць адмысловую лістоўку і плакат. 85 угодкі абвяшчэння БНР — у наступным годзе — маюць у Беластоку святкавацца ў яшчэ больш урачыстым кшталце, чым дагэтуль.

З’езд выбраў новую Управу Беларускага саюза, у якую ўвайшлі: Міхал Андрасюк, Яўген Вапа, Славамір Іванюк, Алег Латышонак, Юры Шульскі, Пятро Юшчук і Яўген Янчук. Затым Управа размеркавала паміж сваіх членаў функцыі — старшынёю Саюза надалей будзе Яўген Вапа.

(ам)