Ніва № 16 (2397), 21 красавіка 2002 г.

Размовы на ваяводскіх вярхах

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

— Гэтая сустрэча была шматпластавая і творчая, — пераконваў журналістаў прадстаўнік абласнога выканаўчага камітэта ў Гродне Уладзімір Ягоравіч Саўчанка пасля спаткання з падляшскім ваяводам Маркам Стшалінскім.

Падляшскі ваявода паехаў у Гродна (8 красавіка) першы раз пасля прыняцця мінулай восенню сваёй пасады. Як казалі беларускія журналісты, пры нагодзе гэтага візіту, гродзенскі ваявода (перакінуты сюды экіпай прэзідэнта Лукашэнкі з усходняй часткі Беларусі, з Магілёўскай вобласці), які трэці год кіруе вобласцю, упершыню сарганізаваў прэс-канферэнцыю — у адной з залаў бібліятэкі на Новым замку.

Згодна з заявамі Саўчанкі і Стшалінскага, у найбліжэйшы час мае дайсці да сустрэчы ў Беластоку сельскагаспадарчых вытворцаў абодвух рэгіёнаў з мэтай „абмену вопытам і наладжання кантактаў”. Прытым успомнена пра ўдзельніцтва польскіх фірмаў у чацвёртай выстаўцы „Еўрарэгіён Нёман”, якая яшчэ сёлета мае правесціся ў Гродне. Як падкрэсліў Саўчанка, гродзенскае прадпрыемства „Азот” і цэментавыя прадпрыемствы зацікаўлены экспартам у наш рэгіён сваіх вырабаў (з узаемнасцю). Самае важнае, аднак, на што звяртаў увагу перш за ўсё ваявода Стшалінскі, гэта дапамога абодвух устаноў у наладжанні кантактаў паміж малымі і сярэднімі прадпрыемствамі, не зважаючы на тое, што генеральна нашы гаспадаркі адрозніваюцца структурай кіравання, аб’ёмам і г.д. Падляшская ваяводская ўстанова ўжо падрыхтавала адпаведны спісак фірмаў і прапаноў. Калі глядзець на зацікаўленне беларускага боку, чакаецца супрацоўніцтва звязанае з вырабам адзення, скуры, тканін і перапрацоўкай рапсу.

Адным з найважнейшых пытанняў, якія краналіся ў час сустрэчы, было працягванне мадэрнізацыі пагранперахода Брузгі — Кузніца. На думку Стшалінскага, ёсць агромны шанц, што яшчэ летась будзе аддадзены ва ўжытак пас руху для легкавых аўтамашын, няма яго, аднак, увогуле ў выпадку таварнага руху. Добраўпарадкаванне адрэзка 450 метраў з беларускага боку мяжы сфінансуе польскі ўрад, але будзе гэта (ад аўкцыёну, дамовы на выкананне) паддадзена рэжыму цэлай інвестыцыі, акрэсленаму Еўрасаюзам, які ў асноўным з польскім урадам фінансуе гэтае пачынанне. У гэтай справе ёсць ужо падрыхтаваны ўступны польска-беларускі праект. Праз пару тыдняў мае быць ён адобраны польскім урадам.

Працягваюцца таксама міжнародныя ўзгадненні, якія датычаць адкрыцця невялікай авіялініі Беласток — Гродна.

Абодва ваяводы ўспомнілі таксама пра Аўгустаўскі канал. Яны згадзіліся, што абавязкова трэба вярнуць яму першасную функцыю. Саўчанка адзначыў, што прэзідэнт Лукашэнка неўзабаве мае выдаць дэкрэт аб рэканструкцыі канала.

У сувязі з паведамленнем аб увядзенні візавага рэжыму з уваходам Польшчы ў Еўрасаюз, Марк Стшалінскі спрабаваў супакойваць беларусаў:

— Хочам, каб граніцы былі шчыльныя (справа ў кантрабандзе наркотыкаў і людзей — М. Х.), але таксама і прыязныя. Не выключаем, што ўдасца ўвесці, замест ваўчараў, шматгадовыя візы многаразовага перасякання мяжы.

На думку беластоцкага ваяводы, падляшскі і гродзенскі бакі павінны „як найхутчэй навучыцца распрацоўваць супольныя праекты з мэтай здабывання грошай з Еўрасаюза”.

Яшчэ на пачатку канферэнцыі ваявода Стшалінскі зрабіў агаворку:

— Гэта ёсць візіт суседзяў блізкіх, але не настолькі, якімі маглі б быць.

На канец дадаў:

— Мы адкрыты на ўсе кантакты. Не хачу, аднак, іх напалітызавання.

У час аднадзённага візіту ў Гродне ў групе падляшскага ваяводы апынуліся тры яго найбліжэйшыя супрацоўнікі (дырэктар яго кабінета, шэф аддзела па справах інтэграцыі з Еўрасаюзам, прэс-інфарматар). Згодна з заявай абодвух прэс-інфарматараў, мела ім спадарожнічаць гаспадарчая місія. Паявілася, аднак, толькі пара бізнесменаў: Рэгіна Судлеўская з Сельскагаспадарча-таварнай біржы „Фасты” і Вітальд Карчэўскі з Падляшскага гаспадарчага форуму, які наладзіў ужо інтарэсы з беларусамі.

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці зарэгістравана 75 фірмаў з удзелам польскага капіталу. У галоўным займаюцца яны вырабам нятканых матэрыялаў, ёгуртаў, газіраваных напояў, касметыкі, макаронных вырабаў, мэблі, сельскагаспадачых і драўнінных тавараў ды пасажырскім транспартам.