Ніва № 16 (2397), 21 красавіка 2002 г.

Бельскі ліцэй святкаваў 25 Сакавіка

Мікола ВАЎРАНЮК

Аляксандр Максімюк памыліўся. У справаздачы са святкавання 25 Сакавіка, якое ладзіў у Беластоку Беларускі саюз („Ніва” № 14 ад 7.04.2002), дазволіў ён сабе разважанні наконт выбару, які стаіць перад кожным беларусам. Выбару жыццёвай філасофіі, а што за тым ідзе, і свайго лёсу. Трапна заўважыў раздвоенасць беларускага народа, якая бярэцца са стаўлення да нашай спадчыны. Адны беларусы найбольшай каштоўнасцю лічаць памкненні нашых продкаў да незалежнасці. Іншыя і ведаць пра тых ідэалістаў нічога не хочуць. Ці ж трэба даказваць, што такі падыход да мінулага мае вялікі ўплыў на сёння беларускага народа і мецьме на яго будучыню? Хаця б на тое, у якой дзяржаве будуць жыць беларусы, на якой мове будуць гаварыць і г.д. і т.п.

Малая Беласточчына як вялікая Рэспубліка Беларусь у фокусе. І ў нас частка беларусаў лічыць 25 Сакавіка найбольшым святам, а бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоню — неад’емнымі атрыбутамі беларускасці. А іншай не толькі гэтыя сімвалы абыякавыя, але нават сама беларуская мова не абавязковая да жыцця.

Тое ўсё і растлумачыў Аляксандр Максімюк у сваім кароткім апісанні. Але ўсё-ткі атрымалася яно задоўгае на адзін сказ: „Не чуваць пра святочныя лінейкі ў ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску-Падляшскім”. Праўда, лінейкі там не было. Але гэта не абазначае, што школа не святкавала.

Настаўнікі і вучні 25 Сакавіка наладзілі адмысловы Беларускі дзень. Склаліся на яго: прэзентацыя традыцыйнай вышыўкі і народных абрадаў Падляшша, конкурс на найбольш смачную беларускую страву і спаборніцтва між рознымі класамі, пад час якога вучні павінны былі паказаць свае веды пра Беларусь і шмат іншых талентаў: музычных, паэтычных, мастацкіх. Усё, вядома, вялося на беларускай мове, а ў конкурсе былі пытанні пра беларускія нацыянальныя сімвалы (вядома, нашы), плямёны і першыя княствы, гарады і гістарычных герояў. Свята ў школе праходзіла, практычна, увесь дзень.

Хаця Міхась Сцепанюк заўважыў мне перад камерай, што Беларускі дзень у Беларускім ліцэі, гэта нейкі парадокс, доказ нават не смерці нашай нацыі, а ўжо яе тлення, але што зробіш, такая наша рэальнасць. А на яе цяжка крыўдаваць. І не можна вінаваціць школ ува ўсіх нашых нацыянальных няшчасцях. Віна за тое, што мы — такая, а не іншая нацыя, раскладаецца роўна на ўсіх. Калі кажам, што ў беларускіх толькі з назвы ліцэях у Бельску ці Гайнаўцы мала беларускасці, памятайма, што па-за імі яе амаль зусім няма. Найменш яе — у нашых сем’ях.

Мне асабіста такая форма святкавання 25 Сакавіка, якую прыдумалі ў Бельскім беларускім ліцэі, вельмі спадабалася. Можна спадзявацца, што пасля такога дня ў вучняў хаця нешта застанецца ў памяці. Лінейкі і іншыя афіцыёзы забываюцца ўжо наступнага дня.

Не думаю, каб Аляксандр Максімюк хацеў спецыяльна пакрыўдзіць настаўнікаў і вучняў Бельскага беларускага ліцэя, але пусціў у народ неправераную інфармацыю. За гэта яны пакрыўдзіцца мелі права.