Ніва № 16 (2397), 21 красавіка 2002 г.

Свята „чужога”

Міхась СЦЕПАНЮК

25 сакавіка 2002 г. — гэта не толькі 84 гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, гэта таксама мерапрыемства пад лозунгам „Беларускі дзень”, якое адбылося ў бельскім белліцэі.

Не... Не будзе гэта нейкая прэсавая інфармацыя ці чарговы рэпартаж. Будуць гэта думкі наконт гэтага дня. А ёсць іх трошкі...

Калі некалькі тыдняў таму нехта абвясціў, што ў школе хочуць сарганізаваць „Беларускі дзень” адразу прыгадаліся мне нейкія міжнародныя дзіцячыя лагеры, дзе ўдзельнікі прадстаўляюць культуру сваіх народаў для людзей, якія нічога пра іх не ведаюць.

І хіба гэта была галоўная мэта „Беларускага дня”: паказаць зусім ужо спаланізаванай моладзі, што гэта такое беларускасць ды прыпомніць іншым, але, перш за ўсё, і сабе, хто мы такія (бо ў ліцэі аб гэтым забыліся амаль усе вучні). А які ёсць сапраўды ўзровень нацыянальнай свядомасці ў II Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім? Адказ ёсць адзін. Калі ў гэтак званым „беларускім ліцэі” арганізуецца „Беларускі дзень” — гэта значыць, што беларускасць у школе не адмірае... Яе ўжо даўно тут няма! І калі нехта спадзяваўся, што дзякуючы аднаму беларускаму мерапрыемству знойдуцца ў школе нейкія беларусы — моцна пералічыўся. Аднак не можам абвінавачваць беларусаў у тым, што вучні ўспрынялі „Беларускі дзень” не як дзень „нашай” культуры, а як паказанне нечага замежнага і перш за ўсё чужога.

Наколькі можам мець многія засцярогі да самой формы імпрэзы, на якой ізноў беларускасць паказана была як скансэн, у якім няма нічога маладзёжнага і сучаснага, тады намнога лепш святкаваць Дзень Волі ў такі, несумненна радасны, спосаб чым традыцыйна. „Традыцыйна” абазначае тут пампезныя і зусім нецікавыя ўрачыстыя пасяджэнні, на якіх усе спяць.

Аднак вернемся да „Беларускага дня”. Непрымальнай была адна пастанова: цэлы дзень усе вучні і настаўнікі (рэч ясная, добраахвотна!) мелі гаварыць на беларускай мове. Не ведаю, якая была мэта гэтага „ўказа”. Шкада, аднак, што ніхто не падумаў, што трошкі цяжка будзе намовіць вучняў, якія нават на ўроках беларускай мовы не хочуць гаварыць на „роднай мове”, каб карысталіся ёй увесь час і што такія ініцыятывы могуць выклікаць ячшэ большую варожасць у адносінах да ўсяго (і ўсіх!), што беларускае.

А водгукі „праваслаўных палякаў”, якія ствараюць большасць вучняў?

Попрось научыцеля по бялоруску, жэбы не пытал! — гэты сказ чуваць было на калідоры найчасцей.

Да наступнага Дня Волі застаўся амаль год. 25 сакавіка 2003 года, мабыць, зноў будзе сарганізаванае падобнае мерапрыемства. Маю надзею, што ніхто ўжо не назаве яго „Беларускім днём”, бо назоў гэты выклікае толькі сумную ўсмешку на твары. Варта таксама падумаць пра нешта маладзёжнае, каб паказаць вучням, што беларускасць — гэта не толькі фальклор, песні „Прымакоў” і „Люблю наш край, старонку гэту”, але і маладосць, сучаснасць, свежасць.

І на канец сумная справа. Не павінны мы падобнымі мерапрыемствамі старацца вярнуць у белліцэй беларускасць, якая ўжо даўно недзе адляцела. Дзякуючы ім можам яе толькі ўспамінаць...