Ніва № 14 (2395), 7 красавіка 2002 г.

Далейшы лёс школы ў Малінніках

Міхал МІНЦЭВІЧ

Зноў вырашаецца далейшы лёс Падставовай школы ў Малінніках Арлянскай гміны. У мінулым годзе, дзякуючы агітацыі ўлад гміны, частка бацькоў перавяла сваіх дзяцей у школу ў Орлю. Цяпер у Малінніках у I-V класах вучыцца 28 дзяцей. Займаюцца з імі 8 настаўнікаў і 2 асобы абслуговага персаналу. У 2001 годзе школа каштавала 435 632 злотых.

За ліквідацыю школы ў Малінніках у наступным 2002/2003 школьным годзе выказваецца Управа гміны, якая аб намеры ліквідацыі паведаміла Кураторыю, усіх бацькоў і дырэкцыю школы. Інфармацыя згодна закону была абнародаваная шэсць месяцаў да заканчэння школьнага года.

28 лютага пратэстацыйны ліст накіравалі жыхары Маліннік. Напісалі яны так: „Школьны будынак быў пабудаваны на грамадскіх пачатках жыхарамі вёскі. Да сёння было праведзена некалькі рамонтаў грамадскімі намаганнямі бацькоў. Будынак мае адпаведныя ўмовы для навучання. Гаспадарчая сітуацыя краіны змушае маладых людзей аставацца на вёсцы, нараджаюцца дзеці, а самаўрады хочуць ліквідаваць школы. У гісторыі школы не было паталагічных з’яў: курэння, піцця алкаголю, прымянення наркотыкаў. Непакоімся, што пасля ліквідацыі нашай школы будынак сустрэне такі сам лёс, як астатнія пустуючыя будынкі на тэрыторыі гміны. Пратэстуем і не хочам, каб наш труд пайшоў на марнае”.

Сваю падтрымку жыхарам Маліннік аказалі радныя Клуба радных „Радныя, якія клапоцяцца аб Гміне Орля і яе жыхарах”. Радныя адзначылі між іншым: „Ад пачатку школьнага года на сесіі Рады не хапіла часу на якую-небудзь мерытарычную дыскусію аб школе ў Малінніках. Да сёння не прыняты план працы Рады на 2002 год, што нарушае Статут Гміны. Гмінныя ўлады не маюць канцэпцыі наконт далейшага выкарыстання будынка школы”.

Падляшскі куратар асветы ў Беластоку пісьмом ад 6 сакавіка г.г. ветліва паінфармаваў, што прапанова ліквідацыі Падставовай школы ў Малінніках адхіляецца.

* * *

Аб ліквідацыі вырашае Рада гміны. Войт, маючы за сабой нязначную большасць радных, можа зрабіць што захоча. Але зважыўшы на тое, што не адважыўся закрыць школу год раней — гэтым разам перад самаўрадавымі выбарамі таксама не рызыкне. І тут узнікае пытанне: чым кіруюцца гмінныя ўлады? Эканоміяй ці палітычнымі матывамі.