Ніва № 14 (2395), 7 красавіка 2002 г.

У Чыжоўскай гміне

Аляксей МАРОЗ

У Чыжоўскай гміне, дзе самыя лепшыя землі ў Гайнаўскім павеце і адны з найлепшых у Падляшскім ваяводстве, ад 1975 года колькасць жыхароў паменшылася з 5 300 асоб да 2 900. Многія людзі, якія засталіся гаспадарыць на пшанічна-бурачаных землях, незадаволеныя даходамі са сваёй прадукцыі. Апошнім часам, выкарыстоўваючы грошы з „Кантракта для Белавежскай пушчы”, гмінныя сродкі і крэдыты, у многіх вёсках пракладалі водаправоды і папраўлялі дарогі.

Слабы прыбытак з добрых зямель

— Сельскагаспадарчая прадукцыя дае слабы прыбытак. Цэны на прадукты амаль стаяць на месцы, а сродкі прадукцыі даражэюць хутка, — заявіў войт Чыжоўскай гміны Рыгор Мацкевіч. — Не ўсе гаспадары маглі прадаць збожжа з даплатай з дзяржаўнага бюджэту, бо здаралася, што было яно дробнае і мела замала бялку. Тады вымушаны былі прадаваць амаль за паўцаны на корм для жывёлы. Здаралася і так, што ў выніку праверкі пробы падыходзіла яно для продажы з бюджэтнай даплатай, а калі завезлі ў прычэпах, то аказвалася, што яго не прымуць.

У Чыжоўскай гміне каля 5 тысяч гектараў меліяраванай і дрэнажаванай зямлі. Пераважная большасць гэта землі ІІІ і ІV класаў (толькі каля Кленік выступае крыху больш зямлі V i VI класаў). Хаця прыбытак з сельскагаспадарчай прадукцыі невялікі, у гміне ёсць гаспадары, якія дакупляюць зямлю. Зямлю купляюць таксама жыхары суседніх гмін. Людзі найчасцей сеюць пшаніцу, апошнім часам вырошчваюць цукровыя буракі, некаторыя гаспадары па 5-7 гектараў. Самыя вялікія плошчы буракоў былі ў Міхала Мароза і Яна Граматовіча з Шастакова, Аляксея Саўчука, Уладзіміра Пліса і Яўгена Заброцкага са Збуча.

Водаправоды і дарогі

Пачынаючы з 2000 года, калі можна было карыстацца сродкамі з „Кантракта для Белавежскай пушчы”, у Чыжоўскай гміне праклалі водаправоды ў Шастакове, Ракавічах, Лядах, Ляневе і ў пасёлках Курашава і Кленікі. Засталося толькі давесці водаправоды да асобных гаспадароў на хутарах. Апошнім часам рамантаваліся дарогі з Кленік у Слівава, з Шастакова ў Новаберазова, у Камені і з Чыжоў у Асоўку. У гэтым годзе будзе мадэрнізавацца дарога з Лушчоў у Курашава. Інвестыцыя гэтая ўведзена ў Кантракт для Падляшскага ваяводства і гмінныя ўлады разлічваюць атрымаць на яе палову сродкаў з ваяводскага бюджэту.

— Маем ужо праект будовы ачышчальні сцёкаў і каналізацыі ў Чыжах, але няма сродкаў на інвестыцыю ў гэтым годзе. Няма таксама грошай, каб закончыць будову адміністрацыйнага будынка і канцэртнай залы. У сувязі з рэформай аховы здароўя будзем вымушаны прадаць будынак у Кленіках, у якім меў быць асяродак здароўя. Гэты прыгожы „палацык” каштаваў нас 240 тыс. зл. (асяродак здароўя ў Кленіках знаходзіцца ў адной са школьных залаў — А. М.). Узялі мы крэдыт, каб скарыстаць на інвестыцыі грошы з „Кантракта для Белавежскай пушчы” (можна было карыстацца сродкамі з кантракта, калі дакладалася столькі ж грошай з іншых крыніц — А. М.) і зараз сплачваем яго. Гмінныя падаткі пакінулі мы на тым самым узроўні што ў мінулым годзе, — паінфармаваў войт Рыгор Мацкевіч.