Ніва № 14 (2395), 7 красавіка 2002 г.
25 Сакавіка ў БеластокуАляксандр МАКСІМЮКСвяткаванне 25 Сакавіка — Дня Волі, Дня Незалежнасці, гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. — гэта выбар жыццягляду. І нельга тут дадаваць, што гэты выбар „пэўнага” ці „некаторага” жыццягляду. Гэта выбар „вельміканкрэтнай” жыццёвай філасофіі. Прытрымліваецца яе беларуская эміграцыя, беларуская дыяспара і частка беларусаў у самой жа Рэспубліцы Беларусь. Тыя апошнія за гэтую філасофію збіраюць на свае спіны лупцаванне дубінамі, арышты, штрафы, папярэджанні, увальненні з працы...25 Сакавіка — гэта, па-мойму, і свята самоты. Раз у год раскінутыя па чужых морах і акіянах беларусы прыгадваюць сабе пра тую адну спробу стаць народам і дзяржавай. А захацелі яны гэтага ў не надта спрыяльны час — у акружэнні (у моры) вонкавых і ўнутраных ворагаў. Але той момант вырашыў пра ўсё — свету нельга ўжо было быць без Беларусі (так сцвярджаюць гісторыкі), і тая Беларусь ёсць. Той момант вырашыў і пра характар беларуса — засудзіў яго на вечны выбар паміж службай ідэалу 1918 г. і службай неідэальнай фактычнасці, хаця б, і гэтага 2002 года. Стан раздвоенасці беларуса і яго самоты ў абліччы гэтай дылемы добра зафіксаваны ў мове — наўрад, ці якая яшчэ мова свету мае столькі тэрмінаў на самоту, журбу, нуду, высціш... Наўрад, ці ўсіх іх сабярэ нават самы лепшы слоўнік сінонімаў найідэальнейшай беларускай будучыні. Пашану 25 Сакавіку аддае і наша Беласточчына. Як і ўвесь беларускі свет, яна неідэальная і раздвоеная. Не святкуе гадавіны БНР найстарэйшая беларуская суполка ў Польшчы Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Не чуваць пра святочныя лінейкі ў ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску-Падляшскім. І тут жа, для кантрастнасці, у ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы 25 Сакавіка адзначаецца на тых жа прынцыпах, што і Свята Незалежнасці Польшчы. У публічнае жыццё Беласточчыны Дзень Незалежнасці Беларусі ўвяло Беларускае аб’яднанне студэнтаў больш за дэкаду назад. Многа гадоў яно ладзіла ўрачыстыя сустрэчы беларусаў Беластока ў гэты дзень. Ува ўсіх іх я заўжды стараўся прысутнічаць. Год назад нават спецыяльна вярнуўся з Мінска — зразумела, цікавіла пабачыць Дзень Волі ў сталіцы Беларусі, але „злучыцца ў самоце” цягнула да сваіх. У гэтым годзе сустрэчу беларусаў Беластока на 25 Сакавіка арганізаваў Беларускі саюз у Польшчы пад кіраўніцтвам Яўгена Вапы — прайшла сустрэча 24, у нядзелю. І з перспектывы ўсіх адбытых мною Сакавікоў была яна найбольш урачыстай і найлепш падрыхтаванай. У прэзідыуме, побач старшыні Саюза, сядзелі літаратары Сакрат Яновіч і Ян Чыквін ды маладыя выхадцы з Беларусі — Вольга Сачэвічык, Ян Абадоўскі і Алесь Мухін, студэнты беластоцкіх вучэльняў. Былі ўрачыстыя і незадоўгія прамовы, дэманстрацыя фільма „Необыкновенный концерт”, канцэрт гарадоцкага рок-гурту „Ріма”, выступ пад гітару Яна Карповіча з Гарадоцкага асяродка культуры і Генадзя Шэмета з сынам. Усе ўдзельнікі святкавання атрымалі на ўспамін сустрэчы кампакт-дыск з беларускімі патрыятычнымі песнямі, які падрыхтавала Радыё Рацыя. Я гарачы прыхільнік апошняй справы — г.зн. невялікіх, але трывалых памяткаў святкавання 25 Сакавіка, ды адзначаю гэта, каб нешта падобнае паўтарылася і праз год. Упершыню на 25 Сакавіка ў Беластоку не хапіла мне ў зале месца, што і з’яўляецца ці не самай станоўчай акалічнасцю ўсяго святкавання.
|