Ніва № 13 (2394), 31 сакавіка 2002 г.

На Беларусі каранавалі лепшых сярод лепшых

Віталь СУПРАНОВІЧ

У канцэртнай зале „Мінск” прайшла чарговая 8-я „Рок-каранацыя”. Нагадаем, што „Рок-каранацыя” праводзіцца штогод з 1994 года. У пачатку кожнага года па выніках апытання музычных крытыкаў, прадусараў падводзяцца вынікі хто чаго дасягнуў і ўручаюцца кароны і дыпломы. Не стаў выключэннем і гэты год. Упершыню сярод спонсараў была польская структура — Беларуская Рэдакцыя Радыё „Палёнія”. Прадстаўнік радыё — журналіст Алесь Навіцкі за актыўнасць у прапагандзе беларускага року ўзнагародзіў спецыяльным прызам вядомага журналіста, музычнага крытыка, аўтара прадмоваў да альбомаў БМАgroup Вітаўта Мартыненку.

У намінацыі альбом года перамагла новая праграма легендарнага гурту „Крама” — „Хавайся ў бульбу!” выдадзенага ў канцы мінулага года Беларускай музычнай альтэрнатывай.

Спецыяльным прызам ад адзінага металічнага беларускага „Музыкального журнала” быў адзначаны першы зборнік айчыннага metal „Hard life — Heavy music”.

Астатнія пераможцы намінацый выглядаюць такім чынам:

— кліп года — гурт „Палац” — „На турэцкіх палях”;

— адкрыццё года — удзельнік праектаў „Вольныя танцы”, пераможца „Басовішча” — гурт „Імпэт”;

— рок-князёўна — Дана — вакалістка гурту „Імпэт”;

— традыцыі і сучаснасць — гурт Аляксандра і Канстанцін;

— лепшыя тэксты — Леанід Дранько-Майсюк за вершы для праекта „Цацачная крама”;

— музыкант года — Зміцер Вайцюшкевіч.

Галоўную „Рок-карону” гэтым разам атрымаў не гурт, а асоба — Алесь Суша за прадусаванне супольных музычных праектаў.

Нягледзячы на заявы пра няўдзел у „Рок-каранацыі” гурт „Нейро Дюбель” выканаў загалоўную песню „Скрыпка дрыгвы” з новага праекта і адну з песень з новага альбома „Я памру тут”.

Вядучыя чарговы раз заявілі пра новы выгляд і канцэпцыю наступнай каранацыі.