Ніва № 13 (2394), 31 сакавіка 2002 г.

Не аддамо свае зямі, мы яе ўжо аддалі

Яўген МІРАНОВІЧ

Слухаючы выказванні прадстаўнікоў беластоцкага беларускага люду наконт продажу зямлі грамадзянам краін Еўрасаюза заўсёды ў мяне складваецца ўражанне, што замест Радыё Рацыя, ці Радыё Беласток мне памылкова ўключылася Радыё Марыя ксяндза Рыдзыка з Торуні. Нашы сяляне, самаўрадаўцы і дзеячы рашуча заяўляюць, што не будуць прадаваць зямлі немцам, галандцам ці французам. Вакол сотні тысяч гектараў зямлі ляжаць аблогам, а наш бедны мужык баіцца мець за суседа багатага баўэра. Усялякія патрыятычныя словы гучаць хутчэй як фарс, таму што беларускі люд даўно ўжо пакінуў сваю зямлю, эміграваў у Беласток ці іншыя мястэчкі і там расплыўся ў польскім моры, аб чым пераканаўча дакажа перапіс насельніцтва, які адбудзецца сёлетняй вясной.

Тым часам пару тысяч багатых фермераў ажывіла б усходнюю сцяну, стварыла б шанц на працу нашым беспрацоўным у мястэчках, паспрыяла б развіццю рынку паслуг і спажыццю. Лепш, каб маладыя людзі былі парабкамі ў немцаў, чым трацілі здароўе і час пры бутэльцы таннага віна ці дэнатурату. Дэмаралізацыі насельніцтва не стрымаюць дэмагагічныя лозунгі палітыкаў, якія, каб далезці да „касы”, ужо не раз абманвалі сваіх выбаршчыкаў. Сёння крычаць пра абарону польскай зямлі, хіба, толькі таму, што яшчэ не паспелі выкупіць паўдарма ўсіх гектараў, будучых у распараджэнні дзяржавы. Праз сем гадоў, калі гандаль стане неабмежаваным, праўдападобна вялікая частка сучасных абаронцаў зямлі будзе прадаваць яе замежным інвестарам.

Палітыкі маюць ужо вялікі вопыт у прыватызацыі маёмасці, якая выпрацоўвалася пару пакаленнямі грамадзян Польшчы. Найбольш цынічным метадам прысвойвання маёмасці стаў продаж талонаў у 1996 годзе — 20 злотых ад асобы. Большасць уласнікаў талонаў прадала іх зараз пасля выхаду з банку былым валютчыкам. Сёння фінансісты афіцыйна заяўляюць, што дзяржава ці хутчэй грамадзяне патрацілі на гэтай прыватызацыі сотні мільярдаў злотых. Інвестыцыйныя фонды, якія мелі раскруціць прадукцыю, сталі здабычай палітычных груповак, а супрацоўнікі падпарадкаваных ім прадпрыемстваў найчасцей сталі беспрацоўнымі.

На ўсходняй Беласточчыне зямля, якая ляжыць аблогам, і якая раней была ў распараджэнні казны найчасцей даўно з’яўляецца прыватнай уласнасцю. Уладальнікамі яе пераважна сталі людзі, якія сваю зямлю бачылі толькі на карце ў гміне. Часта гэта спекулянты з Варшавы ці іншых гарадоў, якія чакаюць даты свабоднага гандлю зямлёй.

Цяжка здзіўляцца польскім сялянам, якіх партыйныя дэмагогі перапалохалі Еўропай. Школа і нацыянальная міфалогія выхоўвалі іх на прыкладзе Джымалы і яму падобных, якія па патрыятычных прычынах трымаліся свае зямлі. Аблягчае гэта цяпер жыццё такім палітыкам як Каліноўскі, Мацярэвіч, Пэнк, Соска, Лепэр ці Вжодак, якім лёс сялян у сапраўднасці зусім абыякавы. Сялянская гаспадарка была даведзена ў апошніх гадах да поўнай руіны, хаця прадстаўнікі сялянскага асяроддзя заўсёды былі не толькі ў парламенце, але таксама сярод міністраў. Традыцыйная гаспадарка можа і кансервуе грамадскія структуры, якія дазваляюць на існаванне электарату гатовага аддаваць галасы на партыі з праграмай родам з ХІХ стагоддзя, але ўсё гэта будуе толькі скансэн, у які неўзабаве можна будзе прывозіць турыстаў з Еўрасаюза.

Зямля некалькіх былых калгасаў на Памор’і, перададзеная ў часовае карыстанне галандцам, на працягу некалькіх гадоў пачала даваць плён не меншы, чым у суседняй Даніі ці Нямеччыне. Былыя трактарысты і даяркі атрымалі магчымасць зноў зарабляць грошы, замест жабраць дапамогі ў гмінных ураднікаў з пээсэлеўскай легітымацыяй. Зусім не трэба баяцца галандскіх фермераў у Міхалоўскай, Гайнаўскай ці Дубіцкай гмінах, таму што яны туды напэўна не збіраюцца, хіба што на экскурсію за грыбамі.