Ніва № 13 (2394), 31 сакавіка 2002 г.

Міф аб натуральным комплексе

Аляксей МАРОЗ

З выпадку васьмідзесяцігоддзя Белавежскага нацыянальнага парку ад 11 да 14 сакавіка ў Прыродазнаўча-лясным музеі БНП прайшла навуковая канферэнцыя „Польскія нацыянальныя паркі — іх значэнне ў развіцці прыродазнаўчых навук”. Прынялі ў ёй удзел прадстаўнікі Міністэрства аховы асяроддзя, Генеральнай дырэкцыі дзяржаўных лясоў, дэлегаты ад нацыянальных паркаў і навуковыя работнікі.

Канферэнцыя пачалася з выступлення старшыні Управы нацыянальных паркаў у Польшчы Аркадыюша Навіцкага, аб патрэбе супрацоўніцтва паркаў, дзяржаўных лясоў і самаўрадаў. Затым дырэктар Белавежскага нацыянальнага парку Чэслаў Аколаў зачытаў даклад „Значэнне Белавежскага нацыянальнага парку для навуковых даследаванняў”.

Белавежскі парк існуе з 29 снежня 1921 года, калі ўзнікнула лясніцтва „Запаведнік”. У 1932 годзе надлясніцтва „Запаведнік” пераўтварылася ў Нацыянальны парк у Белавежы, які займаў тады тэрыторыю 4,7 тысяч гектараў. Пасля вайны ў 1947 годзе парк аднавіў сваю дзейнасць, а ў 1996 годзе яго тэрыторыя пашырана была да 10,5 тысяч гектараў. Дырэктар Чэслаў Аколаў напомніў пра поспехі БНП у галіне навукі і аховы асяроддзя, за што ў 1979 годзе парк занесены быў у спісак Сусветнай спадчыны (а ў 1992 годзе — частка парку „Белавежская пушча” ў Рэспубліцы Беларусь).

Багдан Бжазецкі з Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве абвяргаў міф, паводле якога Белавежская пушча з’яўляецца натуральным лясным комплексам. Дакладчык патрабаваў улічваць вынікі гаспадарчай дзейнасці чалавека і знішчэнні ад пажараў. Прадставіў ён вынікі даследаванняў лясной структуры ў выбраных месцах Белавежскай пушчы, якія вяліся з 1936 па 1992 год. На адной з тэрыторый, якую дакладна аналізаваў дакладчык, грабы замясцілі сосны. Гэты працэс, магчыма, з’яўляецца вяртаннем да натуральнага стану, змененага чалавекам і прыродай.

У дакладах, якія тычыліся Белавежскай пушчы, закраналіся пытанні лясной расліннасці, птушак і млекакормячых, у тым ліку зуброў. Вучоныя даказвалі, што не трэба вывозіць мёртвыя дрэвы, бо яны з’яўляюцца кормам для многіх лясных арганізмаў. У апошні дзень канферэнцыі яе ўдзельнікі наведалі Белавежскую пушчу і знаёміліся з яе асаблівасцямі.