Ніва № 13 (2394), 31 сакавіка 2002 г.

Балаган у радзе

Міхал МІНЦЭВІЧ

Кажуць у народзе, што „ў мутной вадзе і рыбы не пабачыш”. У Орлі такімі абставінамі карыстаюцца некаторыя радныя і войт. Справа кранае дзейнасці самаўрада, бударажыць яна многіх людзей і дакацілася ўжо ў Беласток і Варшаву.

У Радзе гміны васемнаццаць радных; большасць з іх прыручыў сабе войт Ян Добаш, дзякуючы — між іншым — перадачы ім важных пасад у Радзе і налогавым льготам. Гэтаму балагану здаўна супраціўляюцца апазіцыйныя радныя з клуба „Радныя заклапочаныя гмінай Орля і яе жыхарамі”; клуб узначальвае аўтар гэтых радкоў. Радныя клуба закідаюць войту свядомае адабрэнне парушання самаўрадавага заканадаўства; справа дайшла да ваяводы ды Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Згодна закону аб гмінным самаўрадзе радныя не могуць займацца гаспадарчай дзейнасцю самастойна і ў суполцы з іншымі асобамі, карыстаючыся камунальнай маёмасцю гміны, у якой радны быў выбраны. Радныя нашага клуба абвінавацілі ў парушэнні гэтага палажэння Аляксандра Шыманскага, якога 26 красавіка мінулага года Рада гміны з даручэння войта выбрала членам Управы гміны, хаця ён у той час быў членам управы мясцовага ГСу. Рада праігнаравала палажэнне закону і нашы закіды. Справа абурыла многіх выбаршчыкаў, а наш клуб накіраваў скаргу ў Варшаву. Відаць гэта падзейнічала на Шыманскага, бо неўзабаве ён сам адмовіўся ад пасады ва Управе гміны. Але праз нейкі час Рада адклікала сябра нашага клуба Сцяпана Куліка з Маліннік з пасады намесніка старшыні Рады і на ягонае месца назначыла Шыманскага. Кожны радны атрымлівае штомесяц пастаянную камандзіровачную ў памеры 150 злотаў, а намеснік старшыні дадаткова яшчэ 50 злотаў. Утрыманне Рады каштуе кожнага жыхара нашай гміны 110 грошаў — гэта найбольшы кошт у цэлым павеце.

Аліцыя Шчэпаноўска, хаця пастаянна прапісаная ў Беластоку, з’яўляецца арлянскай раднай і адначасна загадвае непублічнай амбулаторыяй „Alma Med” з кабінетам сямейнага лекара. Амбулаторыя месціцца ў камунальным будынку, у якім наёмную плату вызначае Рада гміны. Аліцыя Шчэпаноўска, якая ва ўсіх справах падтрымлівае войта, сама сабе вызначае наёмную плату, а да таго ж яшчэ атрымлівае немалую суму 20 тысяч злотаў (у іх ліку 6 тысяч на паліва) на ўтрыманне будынка. Гэта бударажыць арлян. Юрысты ваяводы выказваюцца, што нельга адначасна займаць гэтых дзвюх пасад, аднак Рада, дзе большасць саюзнікаў войта, палічыла скаргу на яго беспадстаўнай. Аліцыя Шчэпаноўска тлумачыць, што не займаецца такой гаспадарчай дзейнасцю, пра якую мова ў законе аб гаспадарчай дзейнасці.

Адзін радны, аднавясковец войта, бярэ штомесяц камандзіровачную, хаця большасць часу праводзіць за граніцай. Да таго ж ён з’яўляецца членам Рэвізійнай камісіі, якая павінна кантраліраваць працу Гміннай управы і падпарадкаваных ёй устаноў.

Хаця ўжо сакавік, то дагэтуль няма плана працы Рады гміны і пастаянных камісій на 2002 год. А гэта парушае статут Арлянскай гміны, які вымагае вызначэння колькасці пасяджэнняў і іх тэмаў на апошнім пасяджэнні ў папярэднім годзе. І ў гэтай справе пайшла скарга на адрас ваяводы.

Уважлівым чытачам „Нівы” прапаную вярнуцца да майго артыкула ад 6 лютага 2000 года п.з. „Не дагадзіў усходу”, у якім я апісаў якім чынам войт падабраў Управу гміны. Праз два тыдні рэдакцыя апублікавала „папраўку” Аляксандра Шыманскага і Аліцыі Шчэпаноўскай „Wstyd nam za Pana — Panie Radny”. Я ім адказаў „Няхай радныя саромеюцца самі за сябе”. Праз два гады праўду напісала самое жыццё. І відаць, як радныя з войтам трымаюцца закону. Выпадае цяпер спытаць іх: Ці не сорамна Вам за сябе?