Ніва № 13 (2394), 31 сакавіка 2002 г.

Дыскрымінацыя — гэта паталогія

Віталь ЛУБА

Прабываючы ў Падляшскім ваяводстве заступнік грамадзянскіх правоў прафесар Анджэй Цоль вывучаў таксама пытанні нацыянальных меншасцей. З гэтай мэтай 20 сакавіка сустрэўся ён з прадстаўнікамі беларускага асяроддзя. З іх вуснаў омбудсмен пачуў аб ненайлепшай атмасферы вакол нацыянальных меншасцей у ваяводстве, аб апасеннях перад перапісам насельніцтва, аб перыпетыях вакол помніка вазакам, аб дыскрымінацыі ў размяркоўванні бюджэтных сродкаў на культуру і інвестыцыі ў паўднёва-ўсходняй частцы ваяводства, аб дыскрымінацыі школ з дадатковым навучаннем моў нацыянальных меншасцей у распараджэннях Міністэрства адукацыі і спорту (абмежаванне колькасці ўрокаў роднай мовы з 4 да 3 у тыдзень).

Дыскрымінацыя — гэта паталогія, з якой трэба змагацца, сказаў прафесар Цоль і запэўніў, што ўсе справы, якія закраналіся ў ходзе сустрэчы, патрабуюць аналізу і будуць улічвацца ў працы яго ўстановы. Сённяшняя Польшча — сказаў омбудсмен — гэта дзяржава права, хаця можна мець засцярогі да няўмелага яго прымянення. Таму нельга думаць, што ўлады хочуць выкарыстаць вынікі перапісу для дыскрымінацыі. Пытанне пра нацыянальнасць у перапісе насельніцтва ставіцца таму, бо ўлады хочуць ведаць лік грамадзян няпольскай нацыянальнасці, каб, напрыклад, рацыянальна размяркоўваць сродкі на іх культуру.

У балючай справе, якой з’яўляецца рэабілітацыя „Бурага” і „Рэкіна” — камандзіраў падпольнага атрада, вінаватага ў смерці 80 мірных беларусаў у 1946 годзе, у тым ліку 30 вазакоў, якім ваяводскія ўлады перашкаджаюць паставіць помнік, прафесар Цоль не мае юрыдычных сродкаў, каб выправіць склаўшуюся сітуацыю. Паабяцаў ён звярнуцца з гэтым пытаннем у Інстытут нацыянальнай памяці, які можа ўзбудзіць расследаванне справы.

Калі б не гэтая сустрэча, заступнік грамадзянскіх правоў выехаў бы ў Варшаву ў перакананні, што ў Падляшскім ваяводстве беларуская меншасць не мае ніякіх праблемаў. Да такога меркавання схіліў бы яго факт, што перад ягонымі супрацоўнікамі, якія выслухалі 380 наведвальнікаў, ніводная асоба не скардзілася на дыскрымінацыйныя дзеянні на нацыянальнай глебе. Але ці людзі пойдуць скардзіцца, калі ўсё яшчэ баяцца, не вераць у дэмакратычныя інстытуты, маючы за сабою прыкры вопыт дачыненняў з непрыхільнай ім або абыякавай адміністрацыяй?