Ніва № 13 (2394), 31 сакавіка 2002 г.
Час перарэгістрацыйАляксандр МАКСІМЮКУ беларускім грамадскім руху ў Польшчы наступіў перыяд перарэгістрацыі. Распачаў яго 15 сакавіка сход Праграмнай рады нашага тыднёвіка, а 17 сакавіка — адбыўся кангрэс Беларускага дэмакратычнага аб’яднання (БДА), які перавыбраў улады арганізацыі. Новым старшынёю беларускай партыі стаў Яўген Янчук — настаўнік гісторыі ў ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы.Зачаткам адкрытай палітычнай дзейнасці беларусаў у пасляваеннай Польшчы стаў Беларускі клуб, які ўтварыўся 11 лютага 1989 г. Стваральнікі Клуба свае мэты сфармулявалі наступным чынам: „Усеагульны крызіс, які ахоплівае ўсе дзялянкі грамадскага жыцця ў ПНР, кранае ў такой самай меры і нас, беларусаў. У нашым выпадку гэты крызіс мае яшчэ адну, найбольш набалелую, прыкмету: пагрозу дэнацыяналізацыі. Абарона беларускай справы ў Польшчы патрабуе асэнсавання палітычных абставін нашага далейшага існавання як нацыянальнай меншасці. Дзеля таго мусім аб’яднаць нашы інтэлектуальныя сілы. Да часу ўзнікнення нармальнага палітычнага жыцця Беларускі клуб будзе цэнтрам самастойнай беларускай думкі. У меру патрэбаў Клуб будзе таксама выказваць сваё становішча ў адносінах да актуальных праблемаў жыцця ў Польшчы”. Старшынёю Клуба выбраны быў Юры Туронак. Першай праверкай маладога палітычнага руху, які толькі што фармаваўся, сталі парламенцкія выбары ў чэрвені таго ж 1989 года, беларускімі кандыдатамі ў якіх былі Сакрат Яновіч у Сенат і Яўген Мірановіч у Сейм. Год пасля стварэння Клуба, 10 лютага 1990 г., у Беластоку адбыўся ўстаноўчы кангрэс Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, які і вызначыў мэты маладога беларускага руху ў Польшчы ў галіне асветы, культуры, эканоміі і палітыкі. Было гэта наша малое, бо ў маштабе нацыянальнай меншасці, беларускае адраджэнне. Старшынёю партыі стаў пісьменнік Сакрат Яновіч. Пасля яго Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем кіравалі Алег Латышонак і Пятро Крук. У палітычным жыцці краіны відавочнага поспеху Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне не дасягнула — не ўвяло беларускага кандыдата ў парламент. Лепшым вынікам закончыліся дзеянні БДА на ўзроўні самаўрадаў, дзе пад беларускай шыльдай кандыдаты ўваходзілі ў мясцовыя самакіраванні. І ўсё ж на гэтым 11-гадовым шляху Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне апраўдала сябе, даказала сваю патрэбнасць у нашым грамадскім жыцці — такія галасы чуліся ў ходзе кангрэсавай дыскусіі. А засяроджвалася яна на пытанні ўсеагульнага перапісу ў Польшчы, які мае адбыцца на зломе мая і чэрвеня гэтага года, ды на пытанні новых арыенціраў дзейнасці БДА. Першае пытанне важна, бо ў ходзе перапісу ўпершыню пасля вайны будзе ставіцца пытанне пра нацыянальнасць грамадзян Польшчы. Пытанне арыенціраў дзейнасці заключаецца ў сфармуляванні новай праграмы дзейнасці партыі, бо праграма тая застаецца някранутай (некарэктаванай) з 1990 года. У абодвух выпадках кангрэс прыняў пастановы, якія на новыя ўлады ўскладаюць абавязак пытанні тыя вырашыць. У Галоўную раду Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, апрача названага на пачатку новага старшыні Я. Янчука, увайшлі: Яўген Альховік, Яўген Вапа, Славамір Іванюк, Пятро Крук, Алег Латышонак, Ян Мордань, Віктар Стахвюк, Міхал Стэльмашук і Яраслаў Харкевіч. Каардынатарам Краёвай управы надалей застаўся Пятро Юшчук, а Галоўную рэвізійную камісію склалі Яўген Мірановіч, Яўген Сачко і Міраслаў Урбановіч.
|