Ніва № 12 (2393), 24 сакавіка 2002 г.

Комплекс школ у Чыжах

Аляксей МАРОЗ

Рада Чыжоўскай гміны 27 лютага 2002 года прыняла пастанову аб стварэнні на аснове Падставовай школы і Гімназіі Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы.

— Была магчымасць стварыць комплекс школ, паколькі ў нашай школе вучыцца нацыянальная меншасць — беларусы, — кажа войт Чыжоўскай гміны Рыгор Мацкевіч. — Пры адным дырэктары прасцей будзе ўпраўляць школай.

— Педагагічныя рады школы і гімназіі ўжо двойчы выступалі за стварэнне комплексу школ. У нашых умовах не было б сэнсу будаваць асобны школьны будынак. Сёння не пад сілу будаваць новую школу з гміннага бюджэту. Раней многа адміністрацыйнай працы дубліравалася. У адной школе зможам лепш арганізаваць вучобу. Настаўнікі гімназіі змогуць замяшчаць на ўроках настаўнікаў падставовай школы і наадварот, — патлумачыў дырэктар Падставовай школы і Гімназіі ў Чыжах Міраслаў Пяткевіч.

Зараз у Падставовай школе вучыцца 108 вучняў, а ў Гімназіі 85 асоб. 90% вучняў ходзіць на заняткі беларускай мовы, якія вядуць настаўніцы Валянціна Андрасюк, Анна Лаеўская і Вера Фларчук.

— На заняткі беларускай мовы ў гімназіі ходзяць тыя вучні, якія вучыліся беларускай мове ў падставовых школах у Чыжах, Кленіках і Курашаве. Гэта найчасцей праваслаўныя дзеці, — паведаміла настаўніца беларускай мовы ў гімназіі Вера Фларчук. — Забеспячэнне ў падручнікі ў школе стопрацэнтнае, а праграму навучання беларускай мовы пісалі мы самі. Мы, як настаўнікі беларускай мовы, былі на курсах у Мінску і прывезлі адтуль беларускую літаратуру. Прывозім яшчэ матэрыялы з метадычных канферэнцый, карыстаемся дапамогай бібліятэкі Беларускага музея ў Гайнаўцы.

— На ўроках працуем з „Нівай”, „Часопісам” і „Родным словам”. На жаль, няма ў нас відэакасет і магнітафонных плёнак у якасці дапаможнікаў. Маем толькі плёнкі з беларускай музыкай. З гімназістамі ездзілі мы ў музей у Студзіводах, наведалі Успенскую царкву ў Бельску-Падляшскім. Плануем паехаць у скансэн у Будах, — сказала Вера Фларчук. — Малодшыя вучні ахвотна прымаюць удзел у дэкламатарскіх конкурсах, а старэйшым больш падыходзіць конкурс расказчыкаў.

У конкурсе расказчыкаў першае месца заняла Анэта Трафімюк, а трэцяе Пётр Янчук. На раённых элімінацыях Конкурсу беларускай мовы поспехаў дабіліся і ў ваяводскія элімінацыі перайшлі Юстына Купрыяновіч, Івона Рамановіч і Эвеліна Пліс. Гімназісты з Чыжоў падрыхтавалі „Куццю” і вечар калядак. Вучні прымалі ўдзел у турніры аб Еўрасаюзе, арганізаваным разам са школамі ў Орлі, Кляшчэлях і Ягуштове. Неўзабаве гімназісты будуць арганізаваць „Масленіцу”. Плануецца, што калектыў „Чыжавяне” паставіць у школе спектакль „Вяселле”. Амаль палова навучэнцаў дзейнічае ў гарцэрскай арганізацыі, якой апякуецца айцец Марк Якімюк. У час школьных мерапрыемстваў вучні дэкламуюць беларускія творы і спяваюць беларускія песні.