Ніва № 12 (2393), 24 сакавіка 2002 г.

Памяці Тамары Саланевіч

Мікола ВАЎРАНЮК

Прапагандаваць творчасць адышоўшай паўтара года таму Тамары Саланевіч, працягваць яе дзейнасць новымі фільмамі пра ўсходнюю Беласточчыну ў паэтыцы артысткі, дапамагаць маладым людзям з яе родных ваколіц, падтрымліваць талерантнасць — такія мэты ставіць сабе Таварыства імя Тамары Саланевіч. Устаноўчы сход таварыства прайшоў 17 лютага ў Нараўцы.

— Тамара была не толькі выдатным рэжысёрам-дакументалістам, але таксама добрым педагогам, — кажа старшыня таварыства, Яраслаў Нікіцюк з Беластоцкага асяродка Польскай тэлевізіі, праграмным дырэктарам якога была Тамара Саланевіч, — кожны журналіст у нашым асяродку прайшоў яе школу. Таму павінны мы сплаціць гэты доўг. Будзем рабіць гэта не толькі камерай, але і грамадскай дзейнасцю. Калі дапаможам маладому здольнаму чалавеку з Нараўкі паступіць у добрую школу, даць яму стыпендыю, купіць фарбы ці фотаапарат, гэта і будзе наша сплата даўгу.

Сябрамі таварыства сталі вядомыя людзі тэлевізіі, мастацтва, культуры: дырэктар І праграмы Польскага тэлебачання Славамір Зялінскі, кіраўнік аддзялення рэпартажу ІІ праграмы Бланка Данілевіч, Эдвард Мікалайчык з Тэлевізійнай акадэміі, аператар камеры Мікалай Нестаровіч, радыёжурналіст Ян Смык, фатограф Віктар Волкаў, мастак Лявон Тарасэвіч, пісьменнік Сакрат Яновіч.

Ганаровы патранат над ініцыятывай узялі мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава ды міністр замежных спраў Владзімеж Цімашэвіч. Ганаровымі сябрамі таварыства сталі іншыя палітыкі Саюза левых дэмакратаў: Барбара Цірук і Яўген Чыквін, а таксама дырэктар Беластоцкага радыё Ежы Мушынскі.

— Першае, што пастараемся зрабіць, гэта завязаць супрацоўніцтва з рознымі фондамі, у якіх можна было б атрымаць дапамогу вясковым рэгіёнам або меншасным асяроддзям, — кажа Яраслаў Нікіцюк. — Як прыклад магу назваць Польска-амерыканскі фонд падтрымкі прадпрымальніцтва, з якім я ўжо гаварыў. Думаю, што знойдзем і іншыя.

Поспехаў.