Ніва № 12 (2393), 24 сакавіка 2002 г.

Новая праграма і рэчаіснасць

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Нядаўна Сеймік Падляшскага ваяводства адобрыў стратэгію развіцця ваяводства да 2010 года і прыняў праграму на 2002-2006 гады. Пра яе ўхіл у бок нацыянальных меншасцей расказаў дэпутат Сейміка д-р Ян Зенюк.

З шасцідзесятых гадоў не было ў нас дакумента, які б улічваў праблемы нацыянальных меншасцей. У той час была прынята пастанова Ваяводскай нарадовай рады аб падтрымцы і захаванні нашай культуры, асветы і гаспадаркі. Цяперашні Сеймік, першага склікання, спачатку абыякава падыходзіў да меншасных спраў, за ўсё трэба было змагацца, выціскаць. Першы варыянт праекта стратэгіі развіцця ваяводства згадваў, што нешта такое ёсць, але па сутнасці размываў усё. Напрыклад, калі згадвалася пра Супрасльскі манастыр, было, што гэта базыльянскі манастыр, а нічога не было напісана пра яго праваслаўныя вытокі і сённяшняе становішча. Таксама не было згадак пра наша школьніцтва культурнага характару: пра школы псаломшчыкаў і іканапісцаў; цяперашні, папраўлены, праект стратэгіі ўлічвае і іх.

Трывогу выклікае стан чытальніцтва ў ваяводстве. У 80-я гады бібліятэкі куплялі штогод 18 кніг на тысячу чытачоў, сёння гэты лік знізіўся да 4,6 кнігі! У Браньскай гміне, для прыкладу, няма ніводнай бібліятэкі. А людзей жа цікавіць новая літаратура, змены, новыя погляды. На агульны лік 117 гмін у 21 няма ніводнага асяродка культуры; на „нашай” тэрыторыі няма яго ў Сямятычах. У Мілейчычах ролю гміннага асяродка культуры выконвае гмінная святліца.

Пра чытальніцтва нацыянальных меншасцей мала вядома і ў стратэгіі аб гэтым не згадваецца. На працягу апошніх гадоў кнігі папаўняліся толькі дарамі з Беларусі. Пра газеты ў першапачатковым варыянце стратэгіі не згадвалася, але сёння ўдалося дабіцца весткі пра існаванне „Нівы” і „Аўшры”, а таксама пра дзейнасць літаб’яднання „Белавежа” ды радыё „Рацыя”. Ёсць цяпер і згадкі пра найбольшыя масавыя мерапрыемствы: Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы, Купалле, Фестываль беларускай песні, Басовішча — гэта пацвярджае існаванне нашай культуры. Падкрэслена патрэба стварэння варункаў для развіцця і захавання культуры нацыянальных меншасцей. І калі гэтыя мерапрыемствы маем у стратэгіі развіцця ваяводства, дык можам дабівацца і сродкаў на іх здзяйсненне.

Адносіны Ваяводскага сейміка да нацыянальных меншасцей мяняюцца ў станоўчым напрамку, Сеймік спялее, заўважае важнасць нацыянальнай спецыфікі нашай зямлі. Калі замежныя ахоўнікі птаства прыехалі ў Белавежскую пушчу і пабачылі мясцовую архітэктуру, дык забыліся пра ўсё, а сталі фатаграфаваць нашы традыцыйныя хаты...

Непакоіць толькі пытанне фінансавага забеспячэння прыгожа напісанай праграмы развіцця ваяводства ў 2002-2006 гадах. На пытанне пра дафінансаванне пабудовы Беларускага музея ў Гайнаўцы адзін з адказных за выдаткі паведаміў, што ў гэтым годзе такое не прадбачваецца, бо — цяжкасці. А вось такая арганізацыя як сейненскае „Pogranicze”, якое нічога для нашага асяроддзя не робіць, мае атрымаць у гэтым годзе 550 тысяч злотаў; на фестываль царкоўнай музыкі праект прадбачвае 12 тысяч зл.

Бюджэтныя затраты на культуру ў нашым ваяводстве невялікія. Калі ў маштабе краіны на культуру прадбачваецца 16,1%, то ў Падляшскім ваяводстве гэты лік складае толькі 11,75%. Яшчэ горш справа маецца ніжэй: у гмінах прадбачана 2,7%, у гарадах і гмінах — 2,06%, а ў паветах — 0,33%. Такім чынам мы не ліквідуем нашую культурную адсталасць, толькі яшчэ больш павялічым нераўнамернасць.