Ніва № 12 (2393), 24 сакавіка 2002 г.

Свята свабодных беларусаў

Яўген МІРАНОВІЧ

Хаця дакладна невядома колькі людзей у свеце адзначае 25 Сакавіка як сваё нацыянальнае свята, але несумненна гэта большасць выхадцаў з Беларусі і знакамітая меншасць грамадзян сучаснай Рэспублікі Беларусь. Гэтую дату лічыць святочным днём таксама пару соцень чалавек на Беласточчыне. Беластоцкія беларусы знаходзяцца ў падобнай сітуацыі, што іх суродзічы ў Беларусі. І тут, і там дзяржава ў такі сам спосаб ставіцца да людзей гэтай нацыянальнасці; і тут, і там люд беларускі хоча служыць іншым народам і іншым культурам. Мы знаходзімся, аднак, у зусім іншым юрыдычным становішчы, чым нашы суродзічы ў Беларусі. Жывем у польскай дзяржаве, якую стварылі палякі для сваіх як духоўных, так і матэрыяльных партэб. За мяжой існуе фармальна незалежная беларуская дзяржава, больш за 80 працэнтаў яе насельніцтва складаюць людзі, якія два гады таму сваю нацыянальнасць назвалі беларускай. Дзяржава, аднак, фактычна служыць рускай нацыі, а тыя ж беларусы робяць усё, каб быць падобнымі на рускіх, сваіх дзяцей вучаць перш за ўсё прыгожа размаўляць на рускай мове.

84 гады таму незалежнасць Беларусі аб’явілі беларусы, якія хацелі жыць супольна з рускімі ў адной дзяржаве, дамагаліся толькі, каб браты-славяне ўшанавалі іх культурную і духоўную адметнасць, дазволілі арганізаваць сваю лакальную ўладу, школы, культурныя ўстановы. Ні рускія дэмакраты з сацыялістам Керанскім на чале, ні бальшавікі са сваёй інтэрнацыяналістычнай дэмагогіяй не хацелі слухаць ні пра беларускую адметнасць, ні аўтаномію. Незалежнасць аб’яўлялася беларусамі дзеля таго, каб існаваць у прыродзе. Сёння пра гэтую сімвалічную дату памятаюць таксама тыя, што хочуць звычайна быць. Найчасцей натоўп выходзіць святкаваць прымушаны акалічнасцямі. Адных выганяюць функцыянеры, другіх — таталітарная прапаганда, існуючая таксама ў дэмакратычных і недэмакратычных краінах. Беларусаў дзяржаўная прапаганда заўсёды вучыла, што незалежнасць, свабода і свята 25 Сакавіка — гэта выдумка нацыяналістаў, накіраваная супраць інтарэсаў люду. Усе акупанты дбалі пра тое, каб вырасла такая нацыя, з якой зусім не трэба лічыцца, а толькі патрабаваць выконваць акрэсленыя панамі абавязкі.

Пасля вялікіх пераўтварэнняў у пачатку дзевяностых гадоў, калі з’явілася Небам падараваная Незалежнасць, толькі жменька беларусаў хацела парадкаваць і ўпрыгожваць доўгачаканы Свой Дом. Вызваленыя з савецкага лагера людзі не ведалі, аднак, што з сабой рабіць, як далей жыць. Пабеглі тады прасіць даўняга пана прыняць іх пад сваю апеку. Свята незалежнасці, сімвалы свабоды атаясамліваюцца ім са злачынствам. Таму вялікі правадыр рабскага стану Аляксандр Лукашэнка без праблемы мог праводзіць і выйгрываць усялякія рэферэндумы, якія адкідаюць незалежнасць. Ці можна ўявіць сабе другую еўрапейскую нацыю, якая ў тайным галасаванні адкідае сваю мову, нацыянальныя сімвалы і ўсе прыкметы свабоды, лёс свой аддае ў рукі чалавека, які адкрыта заяўляе, што ўчыніць сваю краіну часткай суседняй дзяржавы.

Такі ж псіхалагічны тып пераважае ў нас на Беласточчыне. „Нашага хлопца” заўсёды цынічна выкарыстоўвалі да разбурэння ўсяго, што магло б служыць нацыянальным інтарэсам. „Наш хлопец” раз змагаўся тут з беларускім нацыяналізмам, абараняючы інтарэсы сусветнага пралетарыяту, другі раз аргументаваў, што прагрэс і развіццё краіны патрабуюць адсутнасці школ з беларускай мовай навучання, іншым разам — што нейкая беларуская ўстанова разбурыць мясцовыя традыцыі, ці нават палітычны парадак. Чым вышэй замацаваны ён ў палітычнай, грамадскай ці навуковай іерархіі, тым больш шкодны. Навучыўся ў жыцці аднаго, што павышэнне прыходзіла тады, калі выконваў патрабаванні работадаўцы. За кожную нікчэмнасць давалі цукерак, за праяву сумленнасці — каралі. Таму не пабачыш у іх ніякай лаяльнасці для якой-небудзь справы ці ідэі. Пан пяшчотна гладзіў нашага мужычка па галоўцы за лаяльнасць да яго асобы.

25 Сакавіка гэта свята беларусаў — людзей свабодных, свята тых, якія вырваліся з няволі страху і ўласнай слабасці. Незалежнасць Беларусі ў 1918 г. аб’явілі людзі, якія не здрадзілі сваёй зямлі, продкам ні чалавечай годнасці. Іх аднак было надта мала, каб супрацьставіцца агрэсарам і ўсім сваім гатовым служыць чужым інтарэсам. Хаця ад таго часу мінулі дзесяткі гадоў, усё паўтарылася яшчэ раз. Гэтым разам за незалежнасць не трэба было нават змагацца, яна была дараваная беларусам, толькі ніхто яе не чакаў і ніхто не ведаў, што з гэтым падарункам рабіць. Найбольш, аднак, сумнае тое, што ніхто са святкуючых цяпер не ведае, якой быць краіне, у якой дзяржаўным святам стане 25 Сакавіка.