Ніва № 11 (2392), 17 сакавіка 2002 г.

Нацмены зноў на хвалі

Яўген МІРАНОВІЧ

Тэрмін з савецкага слэнгу — нацмены — вельмі трапна адлюстроўваў адносіны бальшавікоў да нацыянальных меншасцей у расійскай камуністычнай імперыі. Праўда, лёс „нацменаў” быў трохі лепшы за нацдэмаў, але заўсёды былі яны аб’ектам маніпуляцыі. У Польшчы прыдумалі іншы варыянт палітыкі — улады прыкідваліся, што такіх увогуле няма ў краіне нават тады, калі чыноўнікі ў тайных справаздачах пісалі пра мільёны такіх грамадзян.

Зараз пасля вайны ў межах Польшчы пражывала пад чатыры мільёны людзей няпольскай нацыянальнасці, што складала 14 працэнтаў насельніцтва краіны. Дзяржаўныя ўлады вырашылі тады, што Польшча мае стаць адзінаэтнічнай краінай і так паспяхова праводзілі сваю палітыку, што ў семідзесятыя гады супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў маглі далажыць партыйнаму кіраўніцтву, што ўсе меншасці складалі толькі паўмільённую групу грамадзян. Праўдападобна гэтая ацэнка была вельмі блізкая да рэальнага стану.

Пры канцы васьмідзесятых гадоў у выніку палітычнай кан’юнктуры з’явілася парусоттысячная нямецкая нацыянальная меншасць. Сілезцам, мазурам ці кашубам нямецкасць адкрывала перспектывы эміграцыі на Захад, легальнай працы там і шмат іншых прывілеяў. Рост гэтай нацыянальнасці вельмі хутка быў спынены ў выніку істэрычнай антынямецкай прапаганды шматлікіх патрыятычных груповак, а ў палове дзевяностых гадоў наступіла поўная маргіналізацыя палітычнага значэння гэтай праблемы. Польскія немцы, якія мелі так фінансавую, як і палітычную падтрымку з боку наймагутнейшай дзяржавы ў Еўропе, раптам патрацілі ўсе магчымасці ўнутранага развіцця. Раней яны ганарыліся васьмю парламентарыямі, на двух апошніх выбарах здолелі выбраць толькі двух паслоў.

Праблема нацменаў у Польшчы зноў выплыла на старонкі агульнадзяржаўных газет і часопісаў з-за праекта „Закону аб нацыянальных меншасцях”, які пару тыдняў таму трапіў у спісак сеймавых нарадаў. Праект на самым пачатку выклікаў эмацыйныя выказванні паслоў нацыяналістычнай арыентацыі. Вядомы з ранейшых нацыяналістычных выказванняў беластоцкі пасол ад Лігі польскіх сем’яў Анджэй Фэдаровіч, выступаючы ў Сейме карыстаўся тэрмінамi „tak zwane mniejszosci”, „tak zwani Bialorusini”. Быццам нічога новага, але пасля дзесяцігадовай балбатні пра тое, што „zawsze bylismy i jestesmy w Europie”, хацелася б пабачыць прынамсі цень тае еўрапейскасці.

Сам „Закон аб нацыянальных меншасцях”, нават калі б быў адобраны парламентам, нічога не памяняе ў нашай сітуацыі. Не будзе двухмоўных надпісаў ні ў Беластоку, ні Бельску-Падляшскім. Ніхто таксама не стане мяняць імёны, ні прозвішчы, таму што дзесяткаў гадоў трэба было б, каб упарадкаваць усе дакументы, якія цягнуцца за чалавекам. Закон не памяняе адносін польскага грамадства да грамадзян няпольскай нацыянальнасці. Рэакцыі палітычных элітаў на праект паказваюць аднак, якія эмоцыі выклікала спроба запісу гарантыі роўных правоў для нацыянальных меншасцей. Варта ўсвядоміць, што гаворка ідзе пра менш чым адзін працэнт насельніцтва Польшчы і што ніводная нацыянальная меншасць не дамагаецца ніякай аўтаноміі, пагражаючай інтэгральнасці краіны. Закон гэты, дарэчы, вымушаны працэсам інтэграцыі з Еўрасаюзам.

Вясной гэтага года плануецца правесці перапіс насельніцтва краіны, а адным з пытанняў, якое плануецца паставіць грамадзянам Польшчы, будзе іх нацыянальнасць. Перапіс адкажа колькі жыхароў краіны захоча назваць сваю нацыянальнасць беларускай, нямецкай, яўрэйскай, украінскай, літоўскай. Трэба спадзявацца, што згіне міф пра чатырохсоттысячную беларускую ці таксама вялікую ўкраінскую меншасць. Перапіс выразна пакажа вынік шматгадовай нацыянальнай палітыкі дзяржавы, а таксама рэальны стан свядомасці грамадства. Калі высветліцца, што ў Беластоку толькі 2-3 тысячы гараджан адчуваюць сябе беларусамі, тады праўдападобна так справа будзе выглядаць і ў сапраўднасці. Ходзячы кожны дзень па горадзе, не адчуваецца, каб было інакш.

Уладам краіны перапіс дасць аргумент у размовах з еўрасаюзнымі партнёрамі, што ў Польшчы нацыянальныя меншасці гэта зусім маргінальная праблема. У наступных гадах можна, напрыклад, запланаваць ашчаднасці ў бюджэце, не ўлічваючы зусім фактара існавання беларусаў ці ўспрымаць іх на ўзроўні татараў. Пратэсты дзеячаў, за якімі не стаяла ніколі грамадская падтрымка, дзяржава можа спакойна праігнараваць. Распараджаецца яна адпаведным патэнцыялам, каб пагасіць праявы незадаволенасці ці даказаць беспадстаўнасць пратэстаў. З Еўропы мы ўжо даўно вярнуліся ў свае хаты, толькі не ўсе яшчэ пра гэта ведаюць.