Ніва № 11 (2392), 17 сакавіка 2002 г.

Беларуская кніга пад нямецкім кантролем

Лена ГЛАГОЎСКАЯ

Толькі што выйшла новая кніга* Юркі Туронка. У Мінску. Хаця Юрка Туронак наш, амаль што беластоцкі, шматгадовы дзеяч беларускі ў Варшаве і даследчык беларускай навейшай гісторыі Беларусі. Шкада, што выдавецкіх сяброў знайшоў ажно ў Мінску. Цешыць аднак, што ёсць людзі, якія цэняць дакладнасць і карпатлівасць Ю. Туронка. Такой і аказалася новая кніга пра беларускія выданні падчас нямецкай акупацыі. Кніга вартая ўвагі таму, што пералічвае 117 кніжных выданняў з іхнім апісаннем: аўтар, загаловак, месца і год выдання (нават і друкавання), колькасць старонак, фармат, цана, месца захавання і крыніца звесткі пра кнігу — гэта асабліва важнае, калі не ўдалося аўтару адшукаць месца захоўвання 18 кніжак, на якія ёсць доказы, што былі выдадзены.

У кнізе 5 раздзелаў: 1. Аўтары і выдаўцы, 2. Алфавітны каталог кніг і брашур, 3. Бібліяграфічная характарыстыка выданняў, 4. Кніга і палітыка, 5. Біяграмы ўдзельнікаў кнігадрукавання. У параўнанні з папярэдняй кнігай Ю. Туронка Ksiazka bialoruska w II Rzeczypospolitej (Warszawa 2000) гэтая намнога багацейшая інфармацыяй пра складаныя ўмовы друку беларускай кнігі ў ІІ сусветную вайну. Пры тым кніга ілюстраваная здымкамі вокладак кніг, што дазваляе ўявіць іх выгляд, асабліва тым, якія ніколі іх не бачылі, а магчыма і не ведалі пра такую з’яву.

ІІ сусветная вайна пакутуе ў беларускай свядомасці асабліва. Хаця ад заканчэння яе мінула амаль 60 гадоў, стэрэатыпы не толькі не разбіліся, а ўсё далей узмацняюцца афіцыйнай прапагандай, якая беларускіх дзеячаў лічыць калабарантамі, вінаватымі ў масавых экзекуцыях. Кніжка Ю. Туронка, так як і ранейшая Bialorus pod okupacja niemiecka — доказ супраць выключна шкоднай дзейнасці „калабарацыяністаў”. Адкрываеш алфавітны каталог кніг (с. 70), які пачынаецца ад сцэнічнага гратэску Францішка Аляхновіча Круці, ня круці — трэба памярці і зборніка вершаў Наталлі Арсенневай Сягоньня і бачыш у ім спісак школьных падручнікаў і педагагічнай літаратуры (31 тытул), музычнай і рэпертуарнай літаратуры (21), мастацкай літаратуры (17), рэлігійнай літаратуры (9), навуковай і папулярна-навуковай літаратуры (8), беларускай палітычнай публіцыстыкі (8), іншых выданняў (7 — напрыклад, І. Ермачэнкі Пранцы (сыфіліс), Калыньша Смалакурэньнне ці Г. Лёе Нямецка-беларускі слоўнік) і нямецкай прапагандысцкай літаратуры (16 — напрыклад, Адольф Гітлер і дзеці) (с. 98). Калі нават прычапіццa, што ўсё ж такі былі брашуры прапагандысцкага тыпу, дык было іх няцэлых 13 працэнтаў ва ўсёй кніжнай беларускамоўнай прадукцыі. А апошнія ўсё ж такі былі выключна праявай беларускай культуры. Але ж усё роўна іх аўтары і выдаўцы аказаліся ва ўяўленні савецкіх улад „ворагамі народа”. За іхнія кнігі арыштоўвалі і высылалі ў лагеры. Таму і не павінна здзіўляць чытача тое, што цяжка сёння знайсці кнігі, якія былі выдадзеныя 100-тысячным тыражом, як Антона Лёсіка Беларускі правапіс (Менск 1943) ці Браніслава Тарашкевіча Беларуская граматыка (Менск 1943). Асабліва, калі ідзе пра першую — апрача 100-тысячнага кірылічнага тыражу, яшчэ 50 тысяч асобнікаў былі выдадзены лацінкай, а аўтару ўдалося знайсці раптам два асобнікі — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ва ўласнай калекцыі (І варыянт) і адзін асобнік другога варыянта. Успомненая Беларуская граматыка Б. Тарашкевіча захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва ў Мінску. А дзе апошнія? Праўда, Ю. Туронак, адназначна не сцвярджае, што гэта ўсё, што ўдалося захаваць з ваеннай выдавецкай спадчыны. Думаю, што адгукнуцца і іншыя, якія маюць прынамсі некаторыя кнігі ў прыватных калекцыях. Аказваецца, што няўдалае спалучэнне кніг Язэпа Найдзюка і Івана Касяка пад адной вокладкай Беларусь учора і сяньня ў 1993 г. у Менску (!) было зроблена на аснове асобніка з прыватнага кнігазбору святой памяці Яўгена Куліка. А тая ж Беларусь... Я. Найдзюка выйшла ў І квартале 1944 г. тыражом 25 тысяч асобнікаў! Ведаю, што сам аўтар, пражываючы ва Інавроцлаве пасля ІІ сусветнай вайны ўсюды шукаў сваёй кнігі. Удалося яму знайсці толькі частку — 64 старонкі.

Ю. Туронку ўдалося сабраць у сваёй калекцыі 20 тытулаў, большасць з якіх купіў пасля смерці варшаўскага кнігалюба Пятра Ластаўкі (с. 8). Большая колькасць беларускіх выданняў перыяду вайны знаходзіцца толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (29 тытулаў) і ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Мінску (23 тытулы). 25-лецьце Беларускае Гімназіі ў Вільні 1919-1944, выдадзенае ў 1944 г. у Вільні (экземпляр Часлава Найдзюка з датай 7.08.1944 г.) бачыла я ў зборах адноўленага Віленскага беларускага музея (дзе ёсць і іншыя выданні, напрыклад, малітоўнік Vu<hex<e8>hex>ysia i malisia, які музею падарыла Соня Тулейка). Vybranyja bielaruskija narodnyja kazki мае ў сваёй калекцыі Вітаўт Стэповіч з Гданьска (кнігу прывёз ягоны бацька з Вільні ў 1945 г.). Дарэчы, на гэтым асобніку пазначаны тыраж кнігі — 5 тысяч асобнікаў, што можа быць дапаўненнем да табліцы 1 (с. 45), дзе пры гэтай кнізе пры накладзе стаіць пытальнік.

Аднак гэта ўсё, што захавалася, і так вельмі мала ў параўнанні з тым, што было выдадзена. Успамінаецца мне аповед старэйшай жанчыны з вуліцы Кіеўскай у Беластоку, якая расказвала, што перад прыходам саветаў, перад будынкам Беларускага камітэта ў Беластоку яго дзеячы закопвалі скрыні з кнігамі. Цікава, што там закапалі?

Ю. Туронак характарызуе беларускія выдавецкія ініцыятывы ў Генеральных акругах: Беларусь, Літва і Латвія, у Беластоцкай акрузе, Генерал-губернатарстве і ў Нямеччыне. Найбольш спрыяльныя ўмовы для выдавання былі вядома ў Генеральнай акрузе Беларусь, таму нягледзячы на розныя перашкоды і інтрыгі найбольш — бо 50 тытулаў — беларускіх кніг было выдадзеных у Мінску (с. 104). Ю. Туронак падсумоўваючы кнігавыдавецкія намаганні беларускай інтэлігенцыі (каля 70 аўтараў, рэдактараў, графікаў і кампазітараў) параўнаў з кнігадрукаваннем на латышскай мове за тры гады нямецкай акупацыі — „каля 1 500 кніг і музычных твораў агульным накладам 5 мільёнаў асобнікаў” (с. 111). 23 беларускія інтэлектуалы выехалі з адступаючымі нямецкімі войскамі. Яны „маглі аддаць свой талент і сілы беларускай культуры на Бацькаўшчыне, а не ля чужых берагоў” (с. 113). Тыя, што асталіся на Бацькаўшчыне, трапілі пад арышт і ссылку, некаторыя загінулі бясследна. За беларускую эліту не было каму заступіцца — савецкая палітыка накіравана была супраць беларускай нацыі. Таму вельмі добра, што ў кнізе знайшлося месца на біяграмы і здымкі ўдзельнікаў беларускага кнігадрукавання часоў вайны. Дапаўненнем кнігі ёсць таксама імянны паказальнік (с. 136-140).

Кніга Ю. Туронка выйшла друкам у бібліятэцы часопіса „Беларускі гістарычны агляд”, тыражом — як на іронію лёсу — толькі 300 асобнікаў. Лічачы, што 1 ліпеня 2001 г. у Беларусі было 9 972,9 тысяч жыхароў, не цяжка палічыць, што адна кніга Ю. Туронка выпадае на больш за 33 тысячы жыхароў Беларусі. Не кажу ўжо пра тых, хто зацікаўлены кнігай па-за межамі Беларусі. І так кніга Ю. Туронка адразу становіцца бібліяграфічным рарытэтам. Такая сітуацыя гаворыць пра многае ў адносінах да беларускай кнігі ў Рэспубліцы Беларусь і ў наш час.

* Юры Туронак, Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939-1944), Мінск 2002, сс. 140.