Ніва № 11 (2392), 17 сакавіка 2002 г.

Набліжаецца ўсеагульны перапіс

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У недалёкай будучыні, ад 21 мая да 8 чэрвеня г.г. адбудзецца ў нашай дзяржаве Нацыянальны ўсеагульны перапіс насельніцтва і кватэр ды Усеагульны сельскагаспадарчы перапіс. Гэтай падзеі на тэрыторыі Падляшскага ваяводства была прысвечана адмысловая прэс-канферэнцыя, якая адбылася 28 лютага ў Ваяводскай статыстычнай управе. Інфармацыю пра намечанае мерапрыемства прадставіла дырэктар ВСУ Галіна Лупіньска.

У Падляшскім ваяводстве перапіс правядзе больш за сем тысяч перапісчыкаў, якія апытаюць больш за 1 220 тыс. асоб, наведваючы каля 400 тыс. кватэр ды 170 тыс. сельскіх гаспадарак і палеткаў. Звернуцца яны з пытаннямі, змешчанымі ў перапісных бюлетэнях і сфармуліраваных Сеймам Рэчы Паспалітай згодна патрэбам унутрыдзяржаўных ведамстваў і рэкамендацыям міжнародных арганізацый (ААН, ААН п.с. харчавання і сельскай гаспадаркі — FAO і Еўрасаюза). У гэтым годзе ўсеагульныя перапісы адбудуцца таксама ў Ірландыі, Расіі, Румыніі і Славеніі.

Апошні перапіс адбыўся ў 1988 годзе; з таго часу адбыліся ў краіне карэнныя перамены, асабліва змянілася структура ўласнасці і працаўладкаванне. Атрыманыя ў выніку новага перапісу лікі будуць выкарыстаны для прагназіравання развіцця краіны на наступныя два дзесяцігоддзі.

Перапіс мае абхапіць м.інш.: сем’і, гаспадарчую дзейнасць насельніцтва, нацыянальнасць, крыніцы ўтрымання, юрыдычныя асновы закватаравання, апісанне кватэры, паверхню і структуру зямельных угоддзяў, пагалоўе жывёлы. Упершыню адбудзецца спроба перапісу бяздомных і іншаземцаў; атрыманыя лікі дазволяць адміністрацыйным органам усвядоміць аб’ём беспрацоўя і бескватэрнасці.

Новай тэмай перапісу будзе нацыянальнасць і мова ў сям’і. Паколькі гэтая справа можа выклікаць у нас розныя хваляванні, займуся ёю больш дэталёва. Нацыянальнасць — паведамляе метадалагічная інструкцыя для перапісу — з’яўляецца індывідуальнай дэкларатыўнай прыметай кожнага чалавека і выяўляе яго эмацыянальную, культурную або радаслоўную сувязь з акрэсленым народам або этнічнай групай. Асноўным кампанентам гэтай прыметы з’яўляецца этнічная тоеснасць чалавека, ягонае індывідуальнае адчуванне іншасці і вартасці сваёй мовы, традыцыі, абрадаў, рэлігіі і паходжання. Можа назваць толькі адну нацыянальнасць, нават тады, калі бацькі розных нацыянальнасцей. Нацыянальнасць не з’яўляецца вытворнай грамадзянства, значыць, у нашым выпадку наша польскае грамадзянства не абазначае абавязкова польскай нацыянальнасці. Пытанне пра мову не патрабуе ад нас ведання нашай мовы на нейкім высокім узроўні; хопіць, што мы на ёй гаворым так, як умеем.

Пытанні пра працаўладкаванне будуць мець агульны характар і на іх аснове немагчыма будзе высветліць звязанасць апытванага з, напрыклад, ценевай эканомікай; дарэчы, не прадбачваецца, каб перапісныя інфармацыі трапілі, напрыклад, у падаткавыя ўстановы.

Індывідуальныя даныя будуць засакрэчаны і будуць ахоўвацца законам. Інфармацыі, атрыманыя ў выніку перапісу будуць выкарыстаны толькі для зводных апрацовак. Перапісныя бюлетэні будуць адсканаваны ў электронную форму, а пасля знішчаны. На электронных бюлетэнях не будзе ўжо прозвішчаў; на папяровых яны патрэбны толькі дзеля арганізацыйнага парадку — каб перапісчык ведаў, ад каго ўзяў паказанні, каб не перапісваў тых самых асоб па некалькі разоў.

Перапісчыкі будуць адбірацца ў перапісных акругах — у гмінах. Яны пройдуць курсы, пасля праверку, а затым падпішуць дамову і атрымаюць ідэнтыфікатар. Без перапіснога ідэнтыфікатара перапісчык не мае права ўваходу ў кватэру! Спярша перапісчыкі наведаюць усе кватэры ў даперапісачны перыяд, ад 9 да 15 мая, каб паведаміць пра перапіс і дамовіцца на канкрэтны тэрмін.

Калі хто не захоча адказаць на пытанні, перапісчык выкарыстае тады адміністрацыйныя інфармацыі, але толькі асноўныя. Перапісчыку нельга карыстацца чужымі весткамі, напрыклад, чуткамі, заслуханымі ў суседзяў. Толькі ў рамках сям’і дарослая асоба можа даць адказы ад імя яе малалетніх членаў. Калі хто схоча сам запісаць свой перапісачны бюлетэнь, перапісчык можа яго пакінуць, а праз дамоўлены час забраць. Папраўкі ў бюлетэнь можна заносіць толькі ў прысутнасці перапісчыка: калі ён закрые за сабой нашы дзверы, закрыецца магчымасць змен ранейшых паказанняў!

Вынікі перапісу будуць публікавацца паслядоўна, першыя прадбачваюцца на зломе гэтага і наступнага гадоў. Апошнія вынікі, у тым ліку і пра нацыянальныя меншасці ў маштабе цэлай краіны, будуць абнародаваны ў 2004 годзе — перад уваходам Польшчы ў Еўрасаюз.