Ніва № 11 (2392), 17 сакавіка 2002 г.

Жукавец застанецца ў Польшчы

Віталь ЛУБА

7 сакавіка г.г. Апеляцыйны суд у Беластоку прыняў канчатковае рашэнне аб адмове выдачы мінскім уладам беларускага бізнесмена Сяргея Жукаўца.

Прыгадаем, што ўлады Рэспублікі Беларусь абвінавачваюць Сяргея Жукаўца ў невяртанні 700 тысяч долараў крэдыту і патрабуюць выдачы яго ў Беларусь. Крымінальная справа супраць беларускага бізнесмена пачалася вясною мінулага года. За гэты час Акруговы суд у Беластоку тройчы выказаўся за экстрадыцыю Жукаўца, а падсудны тройчы абскарджваў яго рашэнні. На апошнім пасяджэнні ад 7 лютага г.г. гэты ж суд дайшоў да вываду, што ў Беларусі няма праследаванняў і Жукавец будзе мець там справядлівы працэс. Выступленне на гэтым працэсе пракурора Уладзіміра Раманчука і абгрунтаванне рашэння суддзёю Янам Сідаруком успрымалася ў краіне як скандальнае.

Апеляцыйны суд дайшоў да зусім іншага вываду: выдварэнне Жукаўца з Польшчы палічыў ён юрыдычна недапушчальным і адхіліў у адносінах да яго асобы паліцэйскі нагляд. Пракурор Апеляцыйнага суда Веслаў Бытыс сказаў, што суд першай інстанцыі не прааналізаваў як след судовыя доказы аб апазіцыйнай дзейнасці Жукаўца, з якіх вынікае, што падсудны быў членам Маладога фронту і да выезду ў Польшчу падвяргаўся палітычным ганенням.

Усе пастановы польскіх судоў у падобных справах бралі ў абарону беларускіх апазіцыянераў.