Ніва № 9 (2390), 3 сакавіка 2002 г.

Алімпіяда прапаганды

Яўген МІРАНОВІЧ

Зімовых алімпійскіх гульняў заўсёды чакалася троху менш эмацыянальна чым летніх, але атмасферу свята спорту адчувалася на некалькі месяцаў раней. У гэтым годзе алімпіяда адбываецца ў краіне, якая вядзе вайну супраць бліжэй неакрэсленых тэрарыстаў. Тэрарыстам — як можна здагадацца, напрыклад, з „Gazety Wyborczej” — можа быць кожная краіна, якой улады не выконваюць васальных жэстаў перад Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Сотні мільёнаў людзей ва ўсім свеце перажываюць алімпіяду праз пасрэдніцтва тэлебачання. У таго, хто першы тыдзень сачыў за спартыўнымі падзеямі ў Амерыцы па польскім тэлебачанні, магло скласціся ўражанне, што адбываецца там выключна чэмпіянат па лыжных скачках. Толькі тады, калі Адам Малыш закончыў свой выступ, можна было пачуць і пабачыць пра спартсменаў з іншых краін свету і ўвогуле пра зімовую алімпіяду. Удзельнік спаборніцтва, які заваяваў бронзавы і сярэбраны медалі, стварыў дзесяткам мільёнам сваіх суродзічаў нацыянальнае свята. У газетах Малыш гасцяваў на першых старонках некалькі дзён, звесткай пра яго поспех пачыналіся ўсе інфармацыйныя праграмы радыё і тэлебачання. Але ўжо ў прэсе суседніх краін, апрача зацемкі пра вынік лыжных скокаў на апошніх старонках газет, імя Малыша не ўпаміналася. Сёння пэўна палова грамадзян Польшчы памятае, і доўга яшчэ будзе памятаць, пра поспех свайго спартсмена, але які працэнт ведае абсалютнага пераможцу алімпіяды ў скачках з лыжнага трампліна швейцарца Сімона Амана?

Падчас трансляцыі спаборніцтва канькабежцаў каментатары шмат гаварылі пра канькі, якімі карыстаюцца спартсмены паасобных краін. Аказваецца, што амерыканцы далі сваім удзельнікам алімпіяды абсталяванне, якое пабольшвае іх шанц на дзесяць працэнтаў. Канькі янкі збудаваны са сталі, вырабленай у лабараторыі касмічнай тэхналогіі. Камбінезоны гэтых спартсменаў таксама спецыяльнай канструкцыі, дазваляючыя на выкарыстанне аэрадынамікі руху ў такі спосаб, што паветра не з’яўляецца матэрыяльнай перашкодай, а толькі сілай спрыяльнай апранутым у іх удзельнікам спаборніцтва. Ставяць тады на адной лініі, побач сябе, спартсменаў з Амерыкі, Балгарыі і яшчэ, напрыклад, Турцыі. Першы, дзякуючы вопратцы і канькам, вырабленых у сакрэтных лабараторыях, мае перавагу над канкурэнтамі, якія прыехалі толькі з воляй сумленнага змагання. Не надта магу зразумець, што гэта ўсё мае супольнага з духам алімпіяды, як мірнага спаборніцтва моладзі свету паводле прынцыпу роўных шансаў.

Алімпіяда стала нагодай для нахабнай прапаганды і прыцягвання вялікіх грошай. Сучасныя плямёны (народы) тым адрозніваюцца ад старажытных грэкаў, што падпарадкавалі ўсё камерцыі. Медаль — гэта рэклама не чалавека, але супольнасці, якую ён прадстаўляе. Таму кожны ўрад, нават найбяднейшай краіны, гатовы пазбавіць сродкаў сотні тысяч сваіх грамадзян і накіраваць іх на падрыхтоўку спартсменаў, каб толькі свет пачуў, што ў прыродзе выступае такая нацыя пераможцаў. Грэкі на алімпіяду ішлі проста ад сваіх штодзённых заняткаў. Адны сыходзілі з фронту, другія — з купецкіх лодак, іншыя — з вінаграднага саду, каб паказаць не толькі сілу сваіх рук ці ног, але перш за ўсё характар як чалавека. Сучасны спартсмен гэта дадатак да палітыкаў, бізнесменаў і мафіёзі, банкаўскага рахунку, прадукт прамысловасці, у якой працуе табун спецыялістаў медычных навук, псіхолагаў, шпіёнаў і г.д. Спаборніцтва выйгрываюць найчасцей тыя, за якімі стаяць большыя грошы. Але гэта мала мае супольнага з ідэяй грэчаскай алімпійскай ідэі. Багіня Афіна ад сораму ўжо даўно не прысутнічае на сучасных алімпіядах.