Ніва № 9 (2390), 3 сакавіка 2002 г.

Будуць візы

Мікола ВАЎРАНЮК

Польшча з днём 1 ліпеня 2003 года ўвядзе візы для грамадзян Беларусі, Расіі і Украіны — пастанавіў урад. Аб патрабаванні Еўрапейскага Саюза зрабіць польскую ўсходнюю мяжу болей шчыльнай здаўна было вядома, аднак ніхто яшчэ да гэтай пары не называў канкрэтнага тэрміну ўвядзення візавага рэжыму.

— Я лічу, што сярэдзіна турыстычнага сезона, гэта не самы лепшы момант, але мы на гэта падрыхтаваныя, — кажа Леанід Каравайка, генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку, — у нашай установе пабольшала дыпламатаў, неўзабаве пераедзем у новае памяшканне, дзе зможам прымаць наведвальнікаў у камфартабельных умовах.

Міністр замежных спраў Польшчы Уладзімеж Цімашэвіч заявіў на прэс-канферэнцыі ў Беластоку, што візы не павінны ўскладніць абмен з суседзямі з усходу. Да іх увядзення яшчэ многа часу. Трэба яго выкарыстаць на дапрацоўку падрабязнасцей: якія маюць быць візы, колькі будуць каштаваць, дзе найзручней іх атрымаць. Польскае Міністэрства замежных спраў рыхтуе шырокую інфармацыйную акцыю.

Жыхары Беластока прынялі ўрадавую пастанову з насцярогай. На рынку па вуліцы Кавалерыйскай, дзе міжнародныя кантакты найбольш інтэнсіўныя, усе выказваліся супраць візаў для грамадзян Беларусі, Украіны і Расіі.

— Нам кожны прыезджы дарагі, — даказваў Яўген Кішкель, — а калі будуць уведзены візы, напэўна будзе іх менш. Ці ж не можна зрабіць так як з літоўцамі?

У час апытання на вуліцах горада выказванні не былі так адназначныя, але таксама пераважалі праціўнікі візаў. Толькі адзін малады чалавек рашуча заявіў, што трэба скончыць з нелегальным гандлем цыгарэтамі і гарэлкай. Затое дзядзька ў пенсійным узросце ўспрыняў навіну са стаічным спакоем:

— Усё будзе залежыць ад таго, ці тыя візы будуць даступныя.

Інакш кажучы, колькі будуць каштаваць. Адказ на гэта прынясуць двухбаковыя пагадненні.