Ніва № 8 (2389), 24 лютага 2002 г.

На беларускай Галгофе

Мікола ВАЎРАНЮК

— Калі б нас тут не было, не было б ужо і Курапатаў, — заяўляе Алесь Гетман з Беларускай партыі свабоды. — Дарожнікі тут паўлесу спляжылі б.

Алесь жыве ў палатцы на ўскраіне Курапатаў ужо чацвёрты месяц, дзень і ноч. Група маладых людзей пратрымала восенню начны наступ бульдозераў на крыжы, якія вызначаюць межы ўрочышча, ператрывала звыш 20-градусныя маразы.

Даехаць да Курапатаў на машыне немагчыма. Ад крайніх блокаў мікрараёна „Зялёны луг” урочышча аддзяляе шырокая паласа высокага насыпу з жоўтага пяску. Пакуль з аператарам Раманам Васілюком выцягваем з багажніка камеру, мікрафон і штатыў, пад’язджае міліцыйны газік і стае ў ста метрах ад нас. Дзве галовы ў зімовых шапках з-за бруднай шыбы сузіраюць наша ўскараскванне на замерзлы насып, спусканне з яго на другім баку, знаёмства з моладдзю, якая пілуе дровы ля зялёнай вайсковай палаткі.

— Гэты патруль новы і якісь злосны, — кажуць хлопцы.

Пераконваемся ў гэтым самі. Калі два чалавекі сталі ўцягваць на мачту бел-чырвона-белы сцяг, адзін з міліцыянтаў выскачыў з машыны і пачаў верашчаць:

— Убрать этот флаг!

Але толькі Раман павярнуў на яго камеру, як той падскочыў бы апараны! Адвярнуўся спіной і шмыгнуў назад у машыну. Там і праседзеў, пакуль мы не закончылі здымкаў у Курапатах.

* * *

Пра Курапаты свет учуў у 1988 годзе. Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў апублікавалі ў тыднёвіку „Літаратура і мастацтва” артыкул „Курапаты — дарога смерці”. На падставе археалагічных раскопак і сведчанняў жыхароў навакольных вёсак даказвалі яны, што ўвесь Курапацкі лес — гэта аграмадны могільнік. У ім знайшлі смерць тысячы ахвяр сталінскага тэрору.

Праўда аб Курапатах была настолькі страшнай, што ўскалыхнула Беларуссю. У лесе, дзе жыхары Мінска выгульвалі сабак і ладзілі пікнікі, сталі збірацца сябры арганізацыі „Талака” ды іншыя — як іх тады звалі — нефармалы. Прыбіралі лес з пляшак і папераў, дапамагалі праводзіць раскопкі грамадскай камісіі, сарганізавалі першы жалобны мітынг. Разгон і жорсткае збіццё ўдзельнікаў шэсця ў Курапаты на „Дзяды” ў 1988 годзе стала пачаткам палітычнй апазіцыі. Заснаваны быў Мартыралог Беларусі, а пазней Беларускі народны фронт „Адраджэньне”.

У 1989 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб пабудове ў Курапатах спецыяльнага помніка, які ўшаноўваў бы нявінныя ахвяры. Хаця з таго часу прайшло трынаццаць гадоў, а Савецкая Беларусь стала незалежнай, помніка ўсё няма.

* * *

У цэнтральным месцы Курапат, на горцы стаяць тры драўляныя крыжы. Побач іх валун з няздзейсненым абяцаннем пабудаваць помнік. Вядзе туды, быццам на Галгофу, пясчаная сцежка. Навокал, між соснаў і елак вырас другі лес: крыжоў. Стаяць яны амаль над кожнай западзінай зямлі. Паводле падлікаў археолагаў, у 1937-1941 гадах тут расстралялі каля 200 тысяч чалавек.

— Людзі, якія па сённяшні дзень не ведаюць, дзе ў сталінскі час прапалі іх блізкія, ставяць крыжы ў гэтым лесе, — кажа Ірына Жыхар з грамадскай ініцыятывы „За ўратаванне мемарыяла Курапаты”. — Але прыходзяць сюды і іншыя.

Ірына паказвае яму.

— Такія сляды па варварах, што шукаюць невядома якіх скарбаў, археолагі знаходзяць кожнай вясной.

Ініцыятыва „За ўратаванне мемарыяла Курапаты” ўзнікла восенню мінулага года як рэакцыя на варварскія метады працы пры пашырэнні мінскай кальцавой дарогі. Калі будаўнікі сталі валіць дрэвы і засыпваць пяском крайнія магілы, у лесе ўсталяваліся кругласутачныя дзяжурствы. Слаліся пратэсты ўладам і інфармацыі ў мас-медыі. Урочышча было сімвалічна абгароджана драўлянымі крыжамі.

Адкуль у Курапатах з’явіліся дарожнікі?

У мінулым годзе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даў загад ударнымі тэмпамі пашырыць мінскую кальцавую дарогу з трох палос на шэсць. Гэтая шаша праходіць паўз Курапаты.

— Правесці новую ў абыход урочышча гэта дадатковыя кіламетры і дадатковыя кошты, — кажа Мікола Дайнега з Дэпартамента аховы гістарычнай і культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, — а наша дзяржава лішніх грошай не мае. Я думаю, што прапанова нашых дарожнікаў-прафесіяналаў, якія праектавалі пашырэнне існуючай так, каб не парушыць магіл, гэта добрая развязка.

— Нашы дарожнікі ўсё яшчэ працуюць па-савецку, — гаворыць Алесь Гетман. — Яны на два з паловаю метра перасыпалі гэту дарогу. Ну і што, кажуць, потым лішні пясок забярэм. Каб нас тут не было, яны і на пяць метраў маглі б перасыпаць.

Улады пытанне кансультацыі з тымі, якія не пагаджаліся на пашырэнне дарогі рашылі развязаць па-свойму. Ноччу паслалі на крыжы бульдозеры, а на абаронцаў Курапат — міліцыю.

— Божа, што тады рабілася! — расказвае Паліна Сцепаненка з Праваабарончага цэнтра „Вясна”. — Цемру рассвятлялі фары бульдозераў і фанары міліцыянтаў. Па лесе несліся загады кіруючых акцыяй і крыкі бітых. Адну дзяўчыну засыпала пяском. Аж дзіў, што ніхто тады не згінуў.

— Мы перамаглі, хаця не дабіліся, каб шаша абыходзіла Курапаты і не ўратавалі крайніх магіл, — кажа Алесь Гетман. — Па крайняй меры цяпер працы ў Курапатах не вядуцца.

* * *

Чаму адбылося такое супрацьстаянне грамадства і ўлады? Чаму кіраўнікі сённяшняй Рэспублікі Беларусь не шануюць такога месца?

— Бо наша ўлада пераняла ідэалы не тых, якія гінулі ў Курапатах, а тых, хто іх там расстрэльваў, — кажа Валянціна Трыгубовіч, дырэктар Міжнароднага грамадскага аб’яднання „Беларуская перспектыва”, якая падпісала ініцыятыву „За ўратаванне мемарыяла Курапаты”.

Ігар Кузняцоў, кандыдат гістарычных навук Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які даследуе сталінскія рэпрэсіі таксама не здзіўляецца:

— Нездарма Беларусь лічаць запаведнікам камунізму. Пра рэпрэсіі ў падручніках можна было прачытаць у пачатку 1990-х гадоў. Потым тыя выданні сталі лічыцца крамольнымі, а ў Курапатах насільна шукаліся доказы, што не НКВД, а немцы там расстрэльвалі. І хаця ўжо афіцыйна пракуратура прызнала віну НКВД, то дзяржаўныя СМІ гэтага не абнародваюць. У падручніку па гісторыі, выдадзеным у 2000 годзе напісана: ва ўмовах акружэння варожымі капіталістычнымі краінамі, савецкая ўлада мела поўнае права абараняцца ад унутраных ворагаў. Вось бачыце, яны апраўдоўваюь рэпрэсіі.

— Ні беларускае КГБ, ні сённяшняя ўлада не пакаяліся за грахі камунізму, — гаворыць над раскапанай магілай у Курапатах Ірына Жыхар, — значыць, яны пераемнікі тых злачынстваў.

* * *

У Курапатах пакуль спакойна. Але ў лесе добра чуваць гул тэхнікі. Непадалёк, у агромністым катлаване рыюцца экскаватары, перавозяць зямлю грузавікі. Будуецца велічэзная стаянка для машын.

Групка маладых людзей ля зялёнай палаткі рубае дровы. Два чалавекі ідуць у краму. Худы барадач падкладае палена ў буржуйку. Яшчэ іншы ставіць ваду на гарбату. Балазе, палягчэлі маразы. І ёсць добрыя людзі, якія дапамагаюць чым могуць. У кутку палаткі стаіць вялікая кардонная скрынка яек. Пракарміцца імі можна будзе прынамсі да Вялікадня.