Ніва № 7 (2388), 17 лютага 2002 г.

Чаму беларус з беларусам не размаўляе па-беларуску

Людміла ПІСКУН

З такім пытаннем я звярнулася да студэнтаў Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, у тым ліку — і да студэнтаў завочнай формы навучання.

Радзькова Алена Алегаўна, Буда-Кашалёўскі раён: Я працую выхавацелем групы падоўжанага дня ў школе, што ў вёсцы Кашалёў Буда-Кашалёўскага раёна. Школа — беларускамоўная. Беларуская мова вельмі прыгожая, таму і дзецям, якія ідуць у першы клас вельмі цікава размаўляць на сваёй роднай мове. І мне зусім незразумела, чаму наш народ не ўмее ці не хоча размаўляць па-беларуску. У сваёй школе мы імкнемся разнастаіць тэматыку беларускіх каляндарна-абрадавых свят. Асабіста я распрацоўваю сцэнарыі ранішнікаў, вячорак, прысвечаных юбілеям беларускіх пісьменнікаў, нацыянальным святам. Дзеці ахвотна спяваюць беларускія народныя песні, чытаюць на памяць вершы, з задавальненнем танцуюць „польку”, „бульбу”, „купалінку”. У школе працуе музычны гурток „Калінка”. Дзеці са сваімі канцэртамі выязджаюць на раён, каб парадаваць працаўнікоў розных прадпрыемстваў беларускімі песнямі, вершамі, танцамі, а таксама — „рукадзеллем” з бяросты, саломкі і т.п. Наша школа жыве вельмі весела па-беларуску.

Суднікова Алена Васільеўна, Гомельская вобласць: Для таго, каб беларус размаўляў на роднай мове, на мой погляд, ён павінен ведаць беларускую мову з маленства, чуць яе ў сямейным асяроддзі. Мне вельмі падабаецца тое, што сёння ў нашым дзіцячым садку ўводзяцца заняткі па развіцці роднага маўлення. Асабіста я вось ужо два гады з беларускамоўнымі выкладчыкамі Мазырскага педінстытута размаўляю па-беларуску. На жаль, студэнты рыхтуюцца па замежнай, сусветнай літаратурах па рускамоўных падручніках, таму іншы раз наш „самастойны” пераказ па-беларуску не зусім дасканалы, а вельмі хацелася б мець і падручнікі беларускамоўныя, тым больш, што гэтыя курсы нам чытаюцца па-беларуску.

Балдуява Наталля Іванаўна, Буда-Кашалёўскі раён: У маёй школе, якая знаходзіцца ў вёсцы Бушоўка, навучанне вядзецца на беларускай мове. І я шчыра прызнаюся, што не асмелілася б задаць пытанне: „Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску?”, паколькі бацькі маіх вучняў з павагай адносяцца да беларускамоўнага навучання. Больш таго, бацькі хочуць, каб іх дзеці ведалі мову родную, бо самім не давялося спазнаць „удасканальнасці”, дык „няхай нашы дзеці стануць сапраўднымі беларусамі”, так сцвярджаюць бацькі. Трэба сказаць, што жыхыры вёскі — людзі працавітыя, вясёлыя, валодаюць пачуццём гумару. Я іх вельмі паважаю, яны самі размаўляюць па-беларуску, праўда, не зусім дасканала, але гэта ўжо другая тэма разважанняў.

Бабушкіна Ніна Уладзіміраўна, Буда-Кашалёўскі раён: Адказаць на пытанне адназначна — немагчыма. Кожны, хто задумаецца над ім, шукае сваю ісцінную прычыну. На мой погляд, кожны адказ будзе мець „сваю” праўду. Скажу пра сябе: на працу я еду за сем кіламетраў, у вёску Крыўск. У мяне падрыхтоўчы клас. Сваіх вучняў я вучу размаўляць на беларускай мове. Асабіста я імкнуся больш глыбока вывучыць беларускую мову, каб больш свабодна ёю валодаць, лічу, што гэта справа майго патрыятычнага абавязку.

Ірына Сельвіч, студэнтка факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання: Мне здаецца, што пройдзе вельмі шмат часу, калі ўсе беларусы будуць размаўляць па-беларуску. Скажу ад сябе, што многім з нас цяжка сёння ўспрыняць беларускую мову як родную, паколькі мы з матчыным малаком „глыталі” мову рускую. У мяне такое ўражанне, што мы „рускія беларусы” і, наадварот, „беларускія рускія”, бо, калі шчыра прызнацца, трэба сказаць папраўдзе, што мы дрэнна валодаем рускай і дрэнна валодаем беларускай мовамі. Аднак хочацца пажадаць, каб любоў да роднай „прыгажуні-мовы беларускай” ужо сёння з кожным часам, кожнай хвілінай набірала яшчэ больш моцы і напаўняла сэрцы кожнага беларуса.

Дзмітрый Вага, студэнт факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання: Прычына ў сівой мінуўшчыне, у гісторыі нашага народа: стагоддзямі Беларусь жыла пад уплывам краін, улады якіх адмоўна ўплывалі на беларускую незалежнасць, самастойнасць і нацыянальную культуру, у тым ліку, найперш, на мову. За сваю шматвяковую гісторыю беларусы зведалі і апалячванне, і русіфікацыю. Канешне, былі і светлыя, шчаслівыя моманты для адраджэння беларускай мовы. Гэта і ВКЛ, у якім дзяржаўнай мовай была беларуская мова. Гэта і славутыя беларускія асветнікі: Ф. Скарына, С. Будны, Е. Полацкая, К. Тураўскі, М. Гусоўскі, Л. Сапега і многія іншыя. Гэта і беларускія паэты і пісьменнікі: Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч... Іх асветніцкая дзейнасць на карысць выжывання беларускай мовы — вялікі подзвіг. Іх беларускамоўная дзейнасць — гэта магутная рака, якая гоніць беларускамоўныя хвалі ў сённяшні дзень. Беларуская мова жыла ў пакутах, беларуская мова і сёння жыве ў пакутах, але я думаю, што сапраўдныя беларусы „размарозяць” занядбанне роднай мовы і беларус загаворыць найперш на беларускай, а яшчэ на трох-чатырох мовах замежных краін.

Вольга Заяц, студэнтка факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання: Калі шчырай быць, трэба прызнацца, што я асабіста штодзень не размаўляю па-беларуску, але адчуваю „родную” ў глыбіні душы і сэрцам адчуваю. Над гэтым пытаннем я задумвалася, а сёння яно мяне зусім усхвалявала, паколькі выкладчыца дзіцячай літаратуры прапанавала студэнтам паспрабаваць адказаць на яго (на пытанне). Як толькі я ўзялася за пяро, думкі самі прасіліся на паперу вершаваным тэкстам. Я не паэт і таму прашу прабачэння...

Чаму? Чаму ж так бывае,
Што беларус мову не зважае?
Ці гэта сорам?
— Гэта — шчасце
Гаварыць на роднай мове.
Гэта — шчасце
Богам дадзена
Усім народам,
Каб ведаць хто мы?
І адкуль мы родам?
Таму мая мова
У цяжкіх умовах. (...)
Бо поруч з рускай
Цесна мове беларускай. (...)