Ніва № 7 (2388), 17 лютага 2002 г.

Каб не давесці гміну да торбы

Міхал МІНЦЭВІЧ

„Ну, як жа так, каб у хаце хлеба не было”, — гаворыць з плачам жанчына. У хаце дзве непаўналетнія дзяўчыны. Гаспадар разводзіць рукамі. На падворку салідная муравана абора, але ўсярэдзіне пустая. Пад дашком стаіць вялікі трактар, але яго апісаў секвестратар. Побач на мураваным хляве заваліўся дах. Усё гэта дзеецца ў Рыгораўцах, Арлянскай гміны, у сям’і Сяргея Нікіцюка.

— Пры камуне гадаваў я па дзесяць кароў. Пабудаваў мураваную абору, да якой праклаў водаправод, абрабляў 22 гектары зямлі і лугоў, — прызнаецца Сяргей Нікіцюк. — Сям’я павялічылася, пяцёра дзяцей, жонка — інвалід. Стала нам цяжка жыць, а як настала тая дэмакратыя, не хапала на аплату падаткаў у гміну. Папярэдні войт разумеў маю сітуацыю і наколькі мог, то часткова здымаў падатак. Грошай не хапала на ўтрыманне сям’і і даўгі выраслі да 8 тысяч зл., але, амаль палавіна — гэта налічаныя гмінай самыя працэнты. Цяперашні войт наслаў фінансавыя органы і 13 снежня прыехалі двое секвестратараў і апісалі трактар.

Солтыс паведаміў мяне, што тэлефанавалі з гміны, каб сказаць мне аб канчатковым тэрміне ўплаты падаткаў. Заязджаю я да войта, а той да мяне: „Аплаціш, Нікіцюк, арганізацыйныя расходы секвестратара, каля 800 злотых, тады з тымі паперамі прыйдзеш да мяне і пабачым. — Можа растэрміную задоўжанасць на раты, а ануляваць доўг не магу, бо іншыя прыйдуць...”. На другі дзень еду ў Фінаддзел у Бельск, а там мне сказалі: „Як не заплаціш даўгоў, то вясною, Нікіцюк, не будзеш мець чым араць. Прыедзем і забярэм трактар”. І так мазгую, — клапоціцца Сяргей Нікіцюк.

У студзені атрымаў ён першую рэнту, каля 380 злотых. Нямнога, бо КРУС вылічвае з яе незаплачаныя за 8 гадоў складчыны. Атрыманая палучка ідзе на доўг у краме, і нярэдка ізноў бракуе хлеба ў хаце. Восенню заараў 13 гектараў (зямлю перапісаў дачцэ, каб асталася ў сям’і, шкада будынкаў), але няма чым яе абсеяць. Жонка — інвалід III групы без пенсіі. Сітуацыя адбіваецца на дзецях. Старэйшая дачка засталася дома з закончанай два гады таму падставовай школай. Брак грошай на яе далейшую адукацыю. Другая вучыцца яшчэ ў гімназіі ў Орлі.

Ці не шкада вам гэтага гаспадара? — пытаю ва Управе гміны ў Орлі работніцу па падаткаабкладанні.

— Яму пакуль што занялі трактар, але не забралі, і толькі таму, каб яго не прадаў, — адказвае Барбара Савіцкая. — Ён ужо не селянін, а пенсіянер. Да часу, калі быў гаспадаром, то не мелі чаго заняць. Паводле закону, для селяніна, нават задоўжанага, нельга нічога заняць, калі мае толькі адну карову, аднаго каня, трактар і г.д. Але калі стаў ён пенсіянерам, тады можна. Адказнасць за задоўжанасць нясе ён або яго наследнік ці арандатар.

Мы яму вельмі спачуваем, але мы столькі разоў тлумачылі, а ён абяцаў... і не плаціў. І так занядбаўся, хаця павінен троху і сябе вініць, — тлумачыць Барбара Савіцкая.

— Адчуваем псіхічны дыскамфорт, калі прыходзіцца справу накіроўваць секвестратару. Але калі пачнем літавацца над кожным, то гміну давядзем да торбы, — кажа другая работніца Лена Мартыновіч.

* * *

Бюджэт гміны сёлета прадугледжвае 3 775 273 зл. даходаў, а ў тым ліку 1 659 000 злотых уласных з чаго падаткі ад асоб прыватных і фізічных складаюць 1 313 000 злотых, а адсоткі ад нетэрміновых уплат — гэта 14 000 злотых. Грамадства гміны бяднее і таму прыбывае асоб, якім немагчыма нават аплаціць падаткі. Многія асобы згодны адпрацоўваць хаця частку падатку, але аб гэтым вырашае войт. Гміне такая праца дала б рэальныя карысці, напрыклад, пры направе дарог ці рамонце будынкаў. Але войт пра гэта не падумаў.