Ніва № 7 (2388), 17 лютага 2002 г.

Курсы для гайнаўскіх самаўрадаўцаў

Паўліна ШАФРАН

Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь сарганізаваў у Бельску-Падляшскім трохдзённыя курсы для самаўрадавых дзеячаў Гайнаўскага павета. Першага і другога лютага прадстаўнікі гайнаўскіх самаўрадаў удзельнічалі ў дакладах і дыскусіях сарганізаваных у рамках праекта „Супрацоўніцтва самаўрадаў на тэрыторыі населенай беларускай нацыянальнай меншасцю ў Польшчы і Літве”.

Пятніца была прысвечана агульным тэмам. Кшыштаф Карпешук — кіраўнік секцыі гаспадарчага развіцця Маршалкоўскай управы гаварыў аб падрыхтоўцы самаўрадаў нашага ваяводства да ўдзельніцтва ў дапаможных праграмах Еўрасаюза. Паводле яго, 50 гмін нашага рэгіёна падало праекты на атрыманне фінансавай дапамогі з еўрапейскіх фондаў, аднак большасць з іх была адкінута. Прычынай былі недахопы ў распрацоўцы праектаў і таму Дэпартамент рэгіянальнай палітыкі арганізуе курсы для распрацоўшчыкаў праектаў. У такіх выпадках самаўрады павінны інвеставаць у сваіх супрацоўнікаў. На сустрэчы ставілася справа сродкаў, прызначаных нашаму рэгіёну ў гэтым годзе, а гэта 25 мільёнаў еўра (на 5 млн. больш чым у мінулым годзе). Хаця гэта кропля ў моры патрэб, аднак добра, што яны ёсць, — сказаў Кшыштаф Карпешук. Будуць яны прызначаны на мадэрнізацыю дарогі н-р 61, Аўгустаўскага канала, тунеля ў Беластоку ў ваколіцы вуліцы Папялушкі і на падтрымку малых прадпрыемстваў.

Пра глабалізацыю і рынкі працы ва Усходняй Еўропе гаварыў д-р Станіслаў Гжэляк з Вышэйшай эканамічнай школы ў Беластоку. Яго выступленне выклікала дыскусію не толькі аб беспрацоўі ў Еўропе, але і на цэлым свеце. Падсумаваннем дыскусіі была цытата з кніжкі „Глабалізацыя — прычыны і рэзультаты”: „У будучым стагоддзі трэба будзе толькі 20% папуляцыі, каб утрымаць сусветную гаспадарку ў яе сучасным маштабе развіцця”. Абазначае гэта, што беспрацоўе будзе расці з году ў год, а развіццё тэхналогіі будзе гэты працэс толькі паглыбляць. Яўген Сачко гаварыў аб ініцыятывах Рады горада Гайнаўкі, аднак выступленне перамянілася ў дыскусію аб надыходзячых выбарах у гарадскія самаўрады.

Субота пачалася з выступлення Альжбеты Нядзейка, старшыні Сувальскай сельскагаспадарча-турыстычнай палаты на тэму агратурызму, які становіцца элементам развіцця прадпрымальніцтва на вёсках. Аб нізкай інвестыцыйнай прыцягальнасці малых еўрарэгіёнаў гаварыў Збігнеў Эйсмант — прарэктар Вышэйшай эканамічнай школы. Курсы праводзіліся дзякуючы падтрымцы Еўрапейскай камісіі ў Бруселі і намаганням Управы Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь. Пасля такой сустрэчы ўзнікае пытанне, ці ўдзельнікі ўвядуць у жыццё здабытыя веды і выкарыстаюць іх на практыцы, бо хіба такая была мэта арганізатараў?