Ніва № 7 (2388), 17 лютага 2002 г.

Нам надта добра

Яўген МІРАНОВІЧ

Тады, калі ўрад Рэчы Паспалітай пазбаўляе меншасцей датацыі на культурную і выдавецкую дзейнасць, у гродзенскім польскамоўным часопісе „Glos znad Niemna” (н-р 4) друкуецца артыкул старшыні Саюза палякаў Беларусі, доктара Тадэуша Кручкоўскага, у якім аўтар даказвае як цудоўна жылося і жывецца беларусам у Польшчы і адначасова які цяжкі лёс выпаў на долю палякаў у Беларусі.

Год таму, пабываючы на канферэнцыі ў Мінску, слухаў я даклад іншага доктара, таксама дзеяча СПБ, які прадставіў тады патрэбы польскага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь. Гаварылася там пра польскі універсітэт, тэатр, дамы культуры ў абласных цэнтрах, пра школьніцтва не ўспамінаючы. Слухаючы даклад, задумоўваўся я тады, якая магла б быць рэакцыя нашых улад, калі б, напрыклад, беластоцкія беларусы паставілі такія патрабаванні. Праўдападобна адправілі б нас у псіхушку або назвалі б агентамі і правакатарамі.

Пан Кручкоўскі, відаць, ведае трохі гісторыю, таму што змяшчае асаблівы нарыс беларускай мінуўшчыны. Вынік яго разважанняў зводзіцца да высновы, што толькі тады добра жылося на тэрыторыі, якая цяпер называецца Беларуссю, калі была там польская ўлада. Зусім наадварот было, калі на беларускую зямлю прыходзілі расійскія паліцыянты, чыноўнікі і памешчыкі. Аўтар, здаецца, хацеў даказаць, што менш карэнных жыхароў балела, калі білі іх бізуном, чым тады, калі білі іх нагайкамі. Вялікі шанс мела таксама Беларусь, калі прыйшла туды напалеонаўская армія і ўзнікалі перспектывы на адбудову Вялікага княства Літоўскага. Доктар Кручкоўскі неяк не заўважыў дробнага факту, што праз год часу, калі мясцовая шляхта ўзялася будаваць Вялікае княства, на Беларусі прапала недзе 40 працэнтаў насельніцтва. Гэта прапарцыянальна два разы больш чым падчас апошняй крывавай нямецкай акупацыі. Нябожчыкам зусім непатрэбная была свабода і цывілізацыйны прагрэс, які — як піша Кручкоўскі — несла з сабой французска-польская ўлада.

Не надта добра ведаю сітуацыю палякаў у Рэспубліцы Беларусь, але напэўна належыцца ім усё, што павінны мець як грамадзяне краіны, у тым таксама школы. Справа аднак у тым, што сваіх школ у Беларусі не маюць таксама самі беларусы, аб чым лідэр Саюза палякаў Беларусі хіба ведае. Праўдападобна ведае ён, што рэальная ўлада ў дзяржаве знаходзіцца не ў руках беларусаў. Але ў адрас рэжыму не ставіць ён ніякіх закідаў. Усім няшчасцям палякаў вінаваты нейкія міфалагічныя беларусы.

Аднак самы цікавы фрагмент артыкула прысвечаны сітуацыі нацыянальных меншасцей у Польшчы. „Mniejszosci narodowe w Polsce posiadaja przywileje i prawa, o ktore trudo Polakom w sasiednich krajach”. Далей прыводзяцца канкрэтныя лічбы, хаця невядома з якіх крыніц узятыя. Напрыклад, у гэтым годзе дзяржаўная датацыя на адукацыю нацыянальных меншасцей узрасце на 42 працэнты. У 620 школах у Польшчы сваю родную мову вывучае амаль 42 тысячы дзяцей непалякаў, у тым ліку 3 763 беларусы. У 2001 годзе — як палічыў пан Кручкоўскі — польскі падаткаплацельшчык выдаткаваў на адукацыю нацыянальных меншасцей аж 4 мільёны долараў. Старшыня Саюза палякаў Беларусі мае права не ведаць, што ў Польшчы няма іншых школ як толькі з польскай і англійскай мовамі навучання, але мог бы здагадацца, што нацыянальныя меншасці таксама плацяць падаткі, з якіх, між іншым, фінансуецца таксама дзейнасць Саюза палякаў Беларусі.

Пан Кручкоўскі ведае таксама пра закон аб нацыянальных меншасцях, які падрыхтавала сеймавая Камісія па справах нацыянальных і этнічных меншасцей. Піша, што закон гэты яшчэ палепшыць і так камфартабельныя ўмовы жыцця непалякаў у Польшчы. Не піша толькі, што закон гэты рыхтуецца ўжо больш за дзесяць гадоў і невядома ці калі-небудзь будзе ён прыняты парламентам. Але, паводле слоў лідэра СПБ, у найбліжэйшай перспектыве на Беласточчыне могуць быць двухмоўныя назвы мясцовасцей, а з чыноўнікамі ваяводскай ці гарадской управы можам размаўляць на беларускай мове.

Аўтар распараджаецца таксама інфармацыяй, што неўзабаве мае быць створана спецупраўленне па справах нацыянальных меншасцей, пра якое нічога не ведаюць яшчэ самі зацікаўленыя. Адкуль бяруць такія сакрэтныя інфармацыі дзеячы Саюза палякаў Беларусі — невядома, але відаць для іх гэта не праблема.

Разважанні пра сітуацыю нацыянальных меншасцей у Польшчы аўтар канчае такой высновай: „Trudno doszukac sie jednak podobnych przywilejow dla polskiej mniejszosci nawet w panstwach, ktorych mniejszosci w Polsce sa traktowane w komfortowy sposob. Jest to konsekwencja wieloletniego niestosowania przez polski rzad zasady wzajemnosci”. Мала праўдападобна, што пан Кручкоўскі, дамагаючыся для беларускіх палякаў не грамадзянскіх правоў, а ролі заложнікаў, выступае ў іх інтарэсе. Дэмагогія, якую прэзентуе на старонках „Glosu znad Niemna” пра сітуацыю нацыянальных меншасцей у Польшчы і адначасова ледзь скрываны заклік у адрас улад Польшчы да абвастрэння нацыянальнай палітыкі можа быць толькі праявай нейкага шаленства, або гульні паводле добра спрактыкаваных правілаў савецкай палітычнай школы.