Ніва № 7 (2388), 17 лютага 2002 г.

Кантычка-2002

Паўліна ШАФРАН

Тры дні — ад 31 студзеня да 2 лютага — у Бельскім доме культуры працягваўся III Агульнапольскі дзіцяча-маладзёжны фестываль калядак і сучаснай пастаралкі.

Удзельнікі фестывалю прымалі ўдзел у варштатах, якія вялі Бэата Бэднаж і Цэзары Шыфман, а таксама наведалі музей у Студзіводах.

Першы дзень фестывалю пачаўся канцэртам калядак у выкананні бяльшчан. Затым удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся між сабою, паколькі ў Бельск прыехалі не толькі самадзейнікі з нашага рэгіёна, але і з Белай-Падляшскай, Элку і Сувалкаў.

У пятніцу адбыліся конкурсныя слуханні. Артысты былі падзелены на тры ўзроставыя групы: да 11 гадоў, ад 11 да 15 і ад 16 да 20 гадоў.

Найважнейшым днём фестывалю была субота, калі раздаваліся ўзнагароды і адбыўся гала-канцэрт з удзелам Бэаты Бэднаж.

У групе найламодшых Эмілія Шульц за песню „Калядуем” і Караліна Пажазінская занялі два першыя месцы і атрымалі „Залатую флейту”. Другое месца і „Сярэбраную флейту” заваявала Аліцыя Асавянюк, а „Бронзавая флейта” трапіла ў рукі Аксаны Хжанстоўскай.

У старэйшай групе (11-15 гадоў) усе ўзнагароды заваявалі бяльшчане і беластачане. Караль Врублеўскі атрымаў I узнагароду, Сільвія Тарасюк — II, а Юліта Катовіч — III.

Інакш было ў апошняй, найстарэйшай групе, у якой узнагароды „раз’ехаліся” па Польшчы. У Сувалкі, дзякуючы Эміліі Тарасевіч, трапіла „Залатая флейта”. Дзве наступныя ўзнагароды дасталіся Івоне Бардак і Моніцы Дымэк з Белай-Падляшскай. Першая з іх атрымала „Сярэбраную флейту” за песню „Святочны час”. Аднак найбольшае ўражанне на публіцы зрабіла выступленне Монікі Дымэк, якая заняла III месца. Цудоўны голас, спалучаны са скромнасцю паводзін, як і пастаралка, якую заспявала дзяўчына, увялі слухачоў у задуму і захапленне. „Бэтлеемская гвязда” — твор Кшыштафа Алесеюка здабыў „Залатую флейту” за найлепшую кампазіцыю фестывалю, а выканала яго вышэйзгаданая Моніка Дымэк.

Пасля канцэрта ўдзельнікі фестывалю з радасцю адзначылі, што варта было праехаць такі шмат дарогі. Большасць з іх спявае ад наймалодшых гадоў і прымае ўдзел у падобных мерапрыемствах, аднак Бельск-Падляшскі стварае ім цудоўную атмасферу, у якой знікае страх, нясмеласць і чалавек хоча толькі спяваць.

Зузанна Дамброўская і Эвеліна Макарэвіч, якія выступалі ў дуэце, прыехалі з Сувалкаў разам з бацькамі. Мама Зузанны падсумавала фестываль так: „Да гэтай пары мая дачка спявала на розных мерапрыемствах, прымала ўдзел у розных конкурсах, аднак тут, у Бельску-Падляшскім, аказалася, што спяванне гэта не толькі прыемнасць, але і цяжкая праца. Дачка разам з сяброўкай Эвелінай доўга працавалі над сваёй песняй у ходзе варштатаў, аднак былі задаволены, хаця і змучаны”.

Гала-канцэрт закончыўся ў сем гадзін вечара, аднак артысты (тыя старэйшыя) гулялі яшчэ ў адным з бельскіх пабаў.