Ніва № 6 (2387), 10 лютага 2002 г.

Рэвалюцыйная пільнасць Уладзіміра Юзвюка

Мікола ВАЎРАНЮК

Засяроджаныя на рознай драбніцы, — з-за якой не відаць агульнай карціны, — справаздачы з розных пасяджэнняў, сустрэч з больш і менш высокапастаўленымі чыноўнікамі, фэстаў і фестываляў — гэта асноўная частка кніжных „Беларускіх календароў”, выдаваных Беларускім грамадска-культурным таварыствам. Так ёсць і ў сёлетнім.

Аднак, калі вы, кіруючыся патрыятычным абавязкам і шматгадовай прывычкай, яго набылі, не адстаўляйце календар на полку, не заглядаючы ўсярэдзіну. Апрача матэрыялаў з ХІV З’езда Таварыства ды загадзя вядомых паведамленняў міністраў Рэспублікі Беларусь пра поспехі гэтай дзяржавы на ўнутраным і вонкавым форумах, падборкі не заўсёды свежай літаратуры, ёсць і жамчужыны.

Найбольшай пэрлай у кароне аўтараў „Беларускага календара 2002” з’яўляецца яго галоўны рэдактар Уладзімір Юзвюк. Ён мяне, асабіста, не расчароўваў і ў папярэдніх выпусках, але тое, што паказаў у сёлетнім — вернасць ідэалам маладосці, абыякавасць да грамадска-палітычных перамен у краіне ды свеце за апошнія 13 гадоў ды нязменная юнацкая рэвалюцыйная стараннасць — нармальна кінула мяне на калені.

Ён не абмяжоўваецца, так як Ніна Цыванюк да простага наракання на неаб’ектыўнасць беларускіх сродкаў масавай інфармацыі на Беласточчыне (а так, між іншым, пані Ніна, калі я вас не так паказаў у тэлебачанні, ці скрывіў сэнс вашых слоў?), але стараецца зразумець, чаму так адбываецца. Напрыклад, на з’ездзе „ГКПМ і АБК” (паўкаралеўства таму, хто беспамылкова расшыфруе гэтую абрэвіятуру) да Уладзіміра Юзвюка звярнуўся Яраслаў Іванюк з Беластоцкага радыё з прапановай узяць інтэрв’ю пра Беларускі музей на польскай мове. „Успрыняў я гэтую прапанову як нагоду добрасумленнага праінфармавання польскай грамадскасці аб поспехах Грамадскага камітэта ў пабудове музея і асяродка беларускай культуры ў прыгранічнай Гайнаўцы, — успамінае Уладзімір Юзвюк. — Але памыліўся, намеры рэдактара былі іншыя, характэрныя іх групоўцы — традыцыйна да кожнай нашай дзейнасці адмоўныя”. (с. 70)

Брыдка, спадар рэдактар! Павінны саромецца вы і ўся ваша групоўка. Вы думалі, што вас не разгадаюць, але не са старымі — гэта не намёк на ўзрост, а прызнанне досведу — рэвалюцыянерамі гуляць вам у такія хітрыкі.

Няхай і іншыя не думаюць, што мы забудзем на велічныя дні нашай гісторыі, як утварэнне БССР, Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі ці Савета эканамічнай узаемадапамогі. Што з таго, што іх ужо няма, затое Кітайская Народная Рэспубліка трымаецца цвёрда. У календарнай частцы знойдзем важныя для нас даты, як хаця б дні нараджэння маршалаў Савецкага Саюза: Жукава, Ракасоўскага, Сакалоўскага, генерала Вашкевіча. Чарку можам прыгубіць таксама ў дзень утварэння ў СССР І дывізіі Людовага Войска Польскага і 22 ліпеня ў дзень Адраджэння Польшчы, і з нагоды ўстанаўлення Міжнароднага Свята Працы (правапіс назваў згодны з арыгіналам — М. В.). Помнім пра Леніна Уладзіміра Ільіча і бітву пад Леніна. Не хочам ведаць нічога пра Варшаўскую бітву 1920 года, хоць за яе і моляцца нашы бацюшкі-афіцэры НАТА. А 11 лістапада няхай святкуе хто хоча, для нас гэта ўсяго „фармальнае заканчэннне першай сусветнай вайны і аднаўленне незалежнасці Польшчы”. Куды ж гэтаму дню да Дня перамогі ў 1945 годзе. Нашай перамогі, як казаў герой „Лёсу чалавека” ў нямецкім лагеры.

* * *

На старонках 67-68 пералічаны пастановы ХІV З’езда БГКТ. Васемнаццатая такая: „Рабіць намаганні ў звароце прэсавага органа ГП — «Нівы»”. На праве назіральніка нашага грамадскага жыцця хачу ўнесці прапанову, каб пункт гэты дапоўніць наступным чынам: „а яго камісарам, о прабачце, галоўным рэдактарам, назначыць Уладзіміра Юзвюка”. Ён гарантуе непахіснасць праграмнай лініі і плюралізм у беларускім правапісе. Само слова „падляшскі” ў календары напісана на тры спосабы: у Падлясскім ваяводстве (с. 152), у Бельску Падляшскім (с. 38; тут яшчэ адна разнавіднасць напісання — адсутнічае злучок), радны Сейміка Падляскага ваяводства (с. 70). Гэта важна, каб у кантэксце адмоўных з’яў у навучанні беларускай мовы на Беласточчыне (болей пра гэта на старонках 47-51), не перагружваць будучых журналістаў граматыкай ды арфаграфіяй цяжкай беларускай мовы.