Ніва № 6 (2387), 10 лютага 2002 г.

Чаму беларус з беларусам не размаўляе па-беларуску?

Людміла ПІСКУН

Уласна кажучы, на пытанне „Чаму беларус не размаўляе па-беларуску?” я адкажу так: „Многія са шчырых сыноў і дачок Бацькаўшчыны, а да такіх я адношу сябе, сяброў ТБМ, выкладчыкаў беларускай мовы і беларускай літаратуры, а найперш супрацоўнікаў газеты „Наша слова” і іншых беларускамоўных газет і часопісаў, слынных сыноў-пісьменнікаў Бацькаўшчыны, настаўнікаў і вучняў вясковых школ і класаў і яшчэ тысячы непералічаных сапраўдных беларусаў, — размаўляюць па-беларуску паўсюдна, штодзённа, як пісаў Ніл Гілевіч, на „радасць Маці-Беларусі і ўсім добрым людзям у свеце”.

Гэтае аптымістычнае выказванне мае рэальную падставу, паколькі відавочна сёння, што многія тысячы шчырых сыноў і дачок Бацькаўшчыны не ігнаруюць сваю мову, не закідваюць яе „на пасля”. Не. Сапраўдныя беларусы не чакаюць гэтага „пасля”, калі адменяць зверху „ганебна здрадніцкі закон” пра статус дзяржаўнасці дзвюх моў, таму што менавіта гэты закон, на мой погляд, з’яўляецца адной з прычын занядбання беларускай мовы. Сапраўдныя беларусы і сёння крок за крокам набліжаюць шчаслівы дзень сваёй існасцю, сваёй беларускамоўнай дзейнасцю. І гэтыя намаганні даюць крохкія, аднак станоўчыя вынікі. Гэта значыць, што беларуская мова не толькі жыве, але і дужэе на радасць Маці-Беларусі.

Вось адзін з прыкладаў. У маім горадзе Мазыры, у якім апошнім часам няма ніводнай беларускамоўнай школы, у гэтым навучальным годзе адкрыты беларускамоўны клас, міні-клас, у якім дзве вучаніцы навучаюцца па-беларуску. Перамагчы было нялёгка. Пачынала вырашацца гэта праблема са звароту бацькоў, чые дзеці хацелі вучыцца ў беларускамоўным падрыхтоўчым класе, да кіраўніцтва Мазырскай арганізацыі ТБМ. А далей — Мазырскі гарадскі выканаўчы камітэт (аддзел адукацыі), Цэнтральная рада ТБМ на чале з Алегам Трусавым, Упраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта... Дзякуй Богу (як бачыце, на Бога спадзяваліся, а самі „дамагаліся”) дзеці, якія з калыскі чулі родную мову, выхоўваліся ў беларускамоўным сямейным асяроддзі шэсць-сем гадоў — сёння жыццярадасныя, бо вучацца па-беларуску.

Безумоўна, у многіх закрадваецца сумненне: „А што далей?”. Зразумела, з такой колькасцю вучняў другі беларускамоўны міні-клас адкрываць не будуць. Выйсце ёсць: будучых (новых) вучняў будзе вучыць адна і тая ж настаўніца, спадарыня Шнітман. Такім чынам атрымаецца міні-камплектная школа на базе агульнаадукацыйнай школы № 14. Ад гэтага будзе толькі карысць. Другую прапанову, на наш погляд, можна здзейсніць толькі на ўзроўні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, калі адтуль будзе ісці ініцыятыва (загад, закон, указ): у г. Мазыры мова навучання вызначаецца ў адпаведнасці з заявамі бацькоў пры паступленні дзяцей у школу; пры наяўнасці не менш 10-15 заяў у беларускамоўны клас пры кожнай школе па месцажыхарству будзе адкрыты беларускамоўны падрыхтоўчы клас. І гэтую прапанову трэба давесці да ведама бацькоў-беларусаў да красавіка — мая 2002 года, каб заставаўся час для прыняцця адпаведных „захадаў” на ўзроўні ўлад, а не спадзявацца на грамадскае аб’яднанне, якое не мае юрыдычнай сілы.

„Кожная мова — прыгожая, бо выяўляе асабовую сутнасць бясконцага, невычарпальнага, шматаблічнага Боскага свету”, — напісаў Зянон Пазьняк.

З гэтага выказвання відавочна, што і руская, і ангельская і іншая якая — прыгожыя мовы. І кожны з народаў размаўляе на сваёй роднай мове, а мовы другіх народаў вывучае як дадатковыя. Так павінна быць і ў Беларусі: кожны з беларусаў павінен размаўляць на сваёй роднай прыгожай мове, а другія мовы вывучаць як дадатковыя (пры жаданні).

На пачатку дзевяностых гадоў у гісторыі нашай краіны адбылося штось амаль неверагоднае: беларуская мова стала ў Беларусі адзінай дзяржаўнай. І любоў да беларускага слова прывівалася з дзіцячага садка, з першых класаў, бо была падтрымка на дзяржаўным узроўні.

А сёння, калі беларуса „спіхнулі ў дрыгву” ізноў, вобразна кажучы, віну ўскладваюць на таго ж беларуса: „Чаму ты не размаўляеш па-беларуску?”. І той, хто самасвядома туды ўскочыў, адказвае, што размаўляць па-беларуску не абавязкова: пенсію даюць „вовремя” і дзякаваць Богу. Адзін з такіх прыкладаў — вясковая цётка-пенсіянерка, якая за сваё жыццё пабачыла шмат гора, перамен і ёй не да адраджэння беларускай мовы, пра гэта няхай дбаюць „нацыяналісты”, на яе думку. Чула бабка слова, не ведаючы сэнс сапраўдны яго і „абзывае” гэтым словам сапраўдных, шчырых беларусаў. Дзякаваць за камплімент, цётачка. Мы ёй даруем, яна без адукацыі.

„Чаму беларус не размаўляе па-беларуску?”. Праўдай застаецца і такі факт: у пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці бацькі пішуць „беларус” па нацыянальнасці, а самі бацькі спяваюць Калыханку рускім тэкстам. Дзіця выхоўваецца ў рускамоўным асяроддзі... Потым і пытанне ўзнікае: „Чаму беларус не размаўляе з беларусам па-беларуску?”.

Верыцца, што сённяшнія вучні і студэнты імкнуцца дарасці да пачуцця самасвядомасці, пачуцця нацыянальнай годнасці і гонару за сваю прыгожую родную мову, нацыянальную культуру.

Асобным бацькам раю „павучыцца” ў цыганскага насельніцтва, дзеці якога з маленства, з калыскі найперш ведаюць цыганскую мову з вуснаў сваіх бацькоў, не маючы цыганскіх школаў, падручнікаў, а беларускую, ці якую іншую, у залежнасці ад месцажыхарства, ведаюць як дадатковую.

Хочацца нагадаць, што Таварыства беларускай мовы лічыць, што справа сумлення і патрыятычнага абавязку кожнага беларуса, кожнага жыхара рэспублікі шанаваць і вывучаць беларускую мову, свабодна валодаць ёю, карыстацца ў штодзённым жыцці. ТБМ заахвочвае вывучэнне і распаўсюджванне гістарычных ведаў пра Беларусь.

Падтрымліваючы імкненне прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей, што жывуць у рэспубліцы, да захавання і развіцця іх моў, ТБМ спрыяе і заахвочвае авалоданне імі мовай карэннай нацыі рэспублікі — беларускай.

У заключэнне — прызнанне Ларысы Лявонцевай, рускай па нацыянальнасці: «Нарадзілася і вырасла ў Расіі. Па волі лёсу, нядаўна пераехала на пастаяннае месцажыхарства ў Беларусь. Прыгажосць беларускай мовы зразумела і сэрцам адчула, калі стала студэнткай Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н. К. Крупскай. Цудоўная, мілагучная беларуская мова, якую прыйшлося вывучаць мне, вельмі мяне зачароўвае. Шчаслівыя беларусы, што маюць такую мову. Дзякаваць, што падказалі мне падпісацца на газету „Наша слова”».