Ніва № 6 (2387), 10 лютага 2002 г.

Карнавал сярод вампіраў

Яўген МІРАНОВІЧ

У гэтым годзе неяк зусім не адчуваецца карнавальнага настрою. Можа калі б чалавек не чытаў газет, не ўключаў ні тэлевізара, ні радыёпрыёмніка, не сустракаўся з суседзямі і не чуў пра дэмаралізаваных лекараў, паліцыянтаў, чыноўнікаў, палітыкаў, можа інакш успрымаў бы свет, які нас акружае. Напрыклад, інфармацыя аб міністэрскай забароне лекарам карыстацца медыкаментам „павулён”, каб не маглі яны дабіваць хворых, прагучала як вестка са свету фантазіі, сюррэалістычнай фабулы. Узнікае пры нагодзе пытанне, ці ў нашым цывілізаваным грамадстве яшчэ нешта магчымае, што можа выклікаць здзіўленне і што адрознівае нас ад канібалаў.

Пра гандаль нябожчыкамі прадстаўнікамі медычных службаў і нахабнасць пахавальных фірмаў ведалі ўсе, каму здарылася няшчасце патраціць блізкіх. Ніхто аднак не думаў, што медыкі маглі браць удзел у паскарэнні скону хворых людзей, каб атрымаць сваю долю за пастаўку нябожчыка ўласніку пахавальнай фірмы. Хаця пракуроры і паліцыя пацвярджаюць, што такія факты мелі месца ў шматліках гарадах краіны, цяжка паверыць, што ў белай лекарскай вопратцы хадзілі чалавекападобныя істоты з менталітэтам фільмавых вампіраў.

Найбольш пакрыўджанымі ад гэтай афёры, апрача заўчасна памерлых, з’яўляюцца тыя медыкі, якія сумленна выконваюць сваю працу. Іх у нас большасць, аднак кашмарны імідж гэтаму асяроддзю зрабіла тая меншасць, якая ў гонках за грашыма зусім забыла аб этычных асновах кожнага нармальнага чалавека. Хворы, пасля такога інфармацыйнага шуму, ніколі ўжо не будзе ўпэўнены, ці мае перад сабой лекара ці вампіра, ад якога найлепей было б даць ходу.

Аматараў лёгкай нажывы шмат сярод паліцыянтаў, чыноўнікаў, настаўнікаў, не ўспамінаючы аб прафесійных зладзеях. Аказваецца, аднак, што найгорш справа маецца сярод палітыкаў. Напрыклад, Гжэгаж Вячэжак, будучы шэфам дзяржаўнай страхавальнай фірмы стварыў разам са сваім палітычным акружэннем хеўру, якая высмактала з бюджэту больш грошай, чым укралі ўсе злачынцы ў краіне на працягу дзесяткаў гадоў. Грошай гэтых, якія былі адабраны грамадству ў выглядзе падаткаў, не хапіла ў шпіталях для ратавання хворых, не хапіла на дапамогу беспрацоўным, бяздомным. Пра гэта, аднак, гавораць найчасцей журналісты. Палітыкі, заўсёды ненатуральна балбатлівыя, даволі стрымана выказваюцца пра карупцыю ў сваім асяроддзі. Паслы, якія са зразуменнем ставяцца да патрэбы ашчаднасці коштам грамадзян, згодным хорам апратэставалі прапанову памяншэння сваіх камандзіровачных, якія непрапарцыянальна высокія ў параўнанні нават да сярэдняй зарплаты ў краіне.

Парламент, дарэчы, пераўтварыўся апошнім часам у кабарэ, дзе адзін пасольскі клуб — Лігі польскіх сем’яў — падчас пасяджэння моліцца, карыстаючыся сеймавымі мікрафонамі, другі — Самаабароны — ладзіць дэманстрацыі і паводзіць сябе як раней падчас блакады дарог. У будынку парламента не хапае толькі трактароў з плугамі. Няма толькі каму займацца праблемамі звычайных людзей. Неяк страшнавата робіцца, калі чалавек усведамляе сабе, што законы ў краіне ствараюць такія геніі палітыкі як Лепэр, Вжодак, Мацярэвіч ці Ляскоўскі з-пад Сейнаў, якога мясцовы люд пабаяўся выбраць радным у гміне. Кампраметацыя парламента некаторымі абраннікамі народа з’яўляецца вельмі небяспечнай для польскай дэмакратыі. Дыктатуры заўсёды нараджаліся падчас эканамічнага крызісу, недаверу да палітыкаў і паралічу дзяржаўных устаноў.

Пастаянны рост цэн на камунальныя паслугі, электраэнергію, газ, ваду, тэлефоны і адсутнасць іх кампенсацыі ў выглядзе заробкаў учынілі невыносным штодзённае жыццё вялікаму працэнту людзей. Беспрацоўе спараджае ўсялякія грамадскія паталогіі. У гэтым часе ў телебачанні паказваюць палітыкаў, якія займаюцца выключна сабою, быццам бы вялі выбарчую кампанію на наступны тэрмін. Перад тэлекамерамі расказваюць, напрыклад, што рабіў партыйны калега дзесяць гадоў таму, склікаюць кангрэсы, ствараюць штораз новыя партыі. Хаця паводзяць сябе часам як хлопчыкі ў садку, аднак заўсёды знаходзяць спосаб, каб абдурыць грамадства і праціснуцца да бочкі з мёдам. Ілгуць яны без сораму ўпэўненыя, што адурманены люд і так нічога не памятае. Люд можа і нічога не памятае, аднак адчуваецца, што чакае правадыра, які пакіруе чарговым бунтам. Некаторыя варожаць, што неўзабаве можам дачакацца карнавалу з Лепэрам у ролі распарадчыка.