Ніва № 6 (2387), 10 лютага 2002 г.
Мае дзеці дасканала валодаюць беларускай мовайІнтэрв’ю з настаўніцай беларускай мовы ў Нарве Нінай АБРАМЮК.„Томкавы дзеткі”*: — Чаму Вы сталі настаўніцай беларускай мовы? — Проста маёй марай было, ужо з дзяцінства, стаць настаўніцай. Ужо будучы вучаніцай беларускага ліцэя ў Гайнаўцы пад кірункам Анатоля Скепкі — настаўніка біялогіі я правяла некалькі ўрокаў у першым, другім і трэцім класах. Калі я была ў чацвёртым класе, тады мае зацікаўленні пайшлі зусім у іншым напрамку. Як відаць з вышэйсказанага, марыла я быць настаўніцай біялогіі і таму прымала ўдзел у першай біялагічнай алімпіядзе. Стаць лаўрэатам мне не ўдалося. Я якраз сёння настаўніца беларускай мовы. Калі я пабачыла, што ў некаторых вёсках пачынае падаць навучанне беларускай мовы, што не ўсе яе вывучаюць, а бацькі пачынаюць размаўляць з дзеткамі толькі на польскай мове, тады я падумала, што трэба мне стаць настаўніцай беларускай мовы. І таму я закончыла беларускую філалогію ў Варшаве і адначасова зрабіла другую спецыялізацыю — пачатковае навучанне. Як з гэтага відаць, у мяне кваліфікацыі вучыць беларускай мове і працаваць у інтэграваным навучанні. Я пачала працаваць у Нарве, таму што тут мала вучняў вывучала беларускую мову. Раней я працавала ў Ласінцы і тую працу ўспамінаю вельмі добра, спачатку я не хацела пераходзіць працаваць у Нарву. — Ці многа вучняў вывучае беларускую мову і ці ахвотна прыходзяць яны на ўрокі? — У Пачатковай школе 105 навучэнцаў, а ў Гімназіі — 50. У малодшых класах вучні ахвотна вывучаюць беларускую мову. Вучні, якія вывучалі родную мову ў Пачатковай школе амаль усе вывучаюць яе і ў Гімназіі. Толькі адзінкі не працягваюць вучобы. Першы клас Гімназіі гэта вучні адкрытыя на супрацоўніцтва са мною. Вельмі ахвотна ўдзельнічаюць у розных конкурсах, мерапрыемствах. — Мы чулі, што Ваша школа ладзіць таксама кантакты з іншымі школамі. Як гэта выглядае? — Я ўжо некалькі гадоў супрацоўнічаю з ПШ у Гарадку. Мы арганізуем супольныя мерапрыемствы. Беларускай мове вучыць там вельмі сімпатычная настаўніца Тамара Бялькевіч. Супольна з бацькамі нашых дзетак наведваем іншыя школы. Я думаю, што ў далейшым будзем наладжваць выезды ў Гарадок, а яны прыедуць да нас. На супольных сустрэчах мы паказваем розныя формы пазакласнай дзейнасці. І таксама ў гэтым годзе наладзілі першую сустрэчу з Гімназіяй у Дубінах. Яна мела пакуль што інтэграцыйны характар. Яны пазнаёміліся з маімі навучэнцамі са школы. Перад тым я наладзіла кантакты з іншымі школамі: у Гайнаўцы, Крыўцы, Чыжах і Кленіках. — Як супрацоўнічаеце з вучнямі з Нарвы? — Калі ідзе пра самых малодшых, няма праблемы — яны і іхнія бацькі вельмі ахвотна ўключаюцца ў школьшую самадзейнасць. Бацькі часта дапамагаюць пры арганізацыі мерапрыемстваў такіх як: „Давайце пазнаёмімся”, „Салодкі стол”, „У нас так, а як у вас?” „У звычаі і абрадзе”, „Веснавыя абрады” і г.д. У Гімназіі больш складана, таму што многія вучні з навакольных вёсак і ім не заўсёды хочацца заставацца пасля ўрокаў. Але калі ўжо трэба нешта сарганізаваць, то ўсё ж такі вучні мабілізуюцца і падрыхтуюць тое, што я ім запрапаную. — Ці многа вучняў удзельнічае ў розных конкурсах і якія ад гэтага эфекты? — Трэба сказаць, што многа вучняў бярэ ўдзел у розных конкурсах — дэкламатарскім, гавэнды, тэатральным і прадметных. Заўсёды ёсць лаўрэаты ў гэтых конкурсах. — Калі Вы сталі свядомай беларускай? — Калі я была вучаніцай ліцэя ў Гайнаўцы, я не думала, хто я. Але калі я пачула, што бацькі гавораць да дзяцей выключна на польскай мове, тады я пачала вучыць беларускай мовы і ўсвядоміла, што я беларуска. — На якой мове размаўляеце ў хаце; як ставіцеся да роднай мовы? — У хаце да мужа і дзяцей я гавару на беларускай гаворцы і таму мае дзеці дасканала валодаюць роднай мовай. — Што думаеце пра нацыянальную свядомасць маладых жыхароў Нарвы? — Мне здаецца, што тыя вучні, якія ходзяць на заняткі беларускай мовы, ведаюць хто яны, або над гэтым задумоўваюцца. Нягледзячы на тое, я лічу, што ў іх нізкая свядомасць. Я ім прапаную, каб заглянулі ў мінулае сваёй сям’і. — Якія ў Вас дасягненні? — Мае дасягненні — гэта лаўрэаты розных конкурсаў, спецыялізацыя па беларускай мове і апошнім часам удалося мне стаць дыпламаваным настаўнікам. — На канец больш асабістае пытанне: раскажыце пра Вашу першую любоў. Ці гэта быў спадар Яўген? — Цяжкае пытанне. Ну, так, маёй першай сур’ёзнай сімпатыяй быў Яўген. У сярэдняй школе я мела многа сімпатыяў, але не думала, каб выходзіць замуж, толькі каб вучыцца. — Дзякуем за размову і жадаем Вам поспехаў у працы з дзяцьмі. Гутарылі Данеля ДУДЗІЧ і Анна ЛАПІНСКАЯ * „Томкавы дзеткі” — адна з трох газетак, якія выдаваліся ўдзельнікамі XX Сустрэч „Зоркі”.
|