Ніва № 5 (2386), 3 лютага 2002 г.

Цар Уладзімір у Варшаве

Яўген МІРАНОВІЧ

Пасля доўгіх гадоў чакання і многаразовых запрашэнняў Аляксандрам Кваснеўскім, у Польшчу нанёс візіт прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Ацэньваючы гэты факт на падставе таго, што гаварылася палітыкамі і журналістамі ў польскім тэлебачанні, па радыё ці пісалася ў газетах, Пуціна чакалі ў Варшаве прыблізна як рымскага папу Яна Паўла ІІ. Ад часу візіту цара Мікалая І у Варшаве ў 1829 г. так цёпла і шчыра не віталі ніводнага расійскага правадыра. Праўда, улады камуністычнай Польшчы таксама вельмі ветліва ставіліся да гасцей з Масквы — сакратароў „братняй партыі”, цалаваліся так, што часам тэлевізар чырванеў ад сораму, але ўсё гэта напамінала залежнасць паміж суверэнам і яго васалам.

Каментуючыя візіт Пуціна ў Польшчу палітыкі так з левага, як і правага боку польскага палітычнага тэатра папракалі госця, што прыехаў толькі на два дні, замест, як планавалася, на тры. Не прывёз таксама ў Варшаву сваёй жонкі, як бывала гэта падчас візітаў у Нямеччыну ці Злучаныя Штаты Амерыкі. Не было таксама прамовы ў парламенце. Выглядала гэта быццам польскія палітыкі былі расчараваны з-за недахопу кантактаў з прэзідэнтам Расіі. Кожны з іх хацеў нешта важнае сказаць Пуціну, але ўсе адным хорам выказвалі сваю задаволенасць ад яго прысутнасці ў Польшчы.

Захапленне Пуціным і Расіяй не выплывае аднак з пачуцця нейкай эмацыянальнай блізкасці палякаў і рускіх. У апошніх гадах Польшча апынулася — як гавораць прадстаўнікі ўрада — на мяжы банкруцтва. Кантакты з Захадам прывялі палякаў да лепшага самаадчування, прыналежнасці да элегантнага клуба, прабыванне ў якім аднак аказалася вельмі каштоўным. Новыя сябры палякаў не былі надта сентыментальнымі і хутка высветлілася, што нават на расійскім рынку абдурылі іх і пакінулі з „пустым чемоданом в руках”.

Нацыяналісты з Лігі польскіх сем’яў ці радыкалы з Самаабароны, якія выступаюць супраць інтэграцыі Польшчы з Еўрасаюзам гаварылі пра Расію як гаспадарчы шанс для Польшчы, неабмежаваны рынак збыту тавараў. Здаецца, што яны ўсё яшчэ не развіталіся з дзевятнаццатым стагоддзем. Як рынак для экспарту бачаць таксама Расію пээсэлеўцы і лібералы. Эсэльдоўцы іграюць на некалькіх скрыпках, але сэнс іх аргументаў канчаткова зводзіцца да таго самага, аб чым гаварылі палітыкі іншых лагераў — прадаваць што-небудзь у Расію, каб вырвацца з павіслага над галовамі палякаў кашмару фінансавай і эканамічнай катастрофы. Гандаль з Захадам у найбліжэйшым часе неперспектыўны, таму ўсе з надзеяй глядзяць на Расію, якой фінансы і гаспадарка трымаюцца на экспарце сыравіны. Большасць прадуктаў спажывецкага характару Масква купляе, аб чым ведаюць варшаўскія палітыкі, якія прабуюць прабіць дарогу на той вялікі рынак польскім таварам.

Вырашалася таксама справа другой ніткі газаправода, якім Расія мае намер пастаўляць газ у Заходнюю Еўропу. Прапанова Масквы, каб абмінаў ён Украіну, спачатку выклікала рашучае супрацьстаянне Польшчы, якая выступала ў абарону інтарэсаў украінскага саюзніка. Польска-ўкраінскае сяброўства аказалася аднак не надта трывалым таму, што яшчэ да візіту Пуціна ў Варшаву польскія палітыкі пачалі выказвацца са зразуменнем для расійскіх прапаноў. Ніхто аднак нават не думаў, каб пытаць згоды ўлад „суверэннай” Беларусі на пабудову газаправода цераз яе тэрыторыю. Відаць, у расійскай палітыцы Міншчына разглядаецца як такая самая тэрыторыя для інвестыцый, што, для прыкладу, Смаленшчына.

На пытанне Кваснеўскага пра Лукашэнку і яго метады кіравання краінай, а асабліва пра лёс загінуўшых апазіцыйных палітыкаў, Пуцін меў адказаць, што няшмат ведае і пацікавіцца справай, калі толькі сустрэнецца з Лукашэнкам. Малапраўдападобна, што прэзідэнт Расіі, маючы сваіх афіцэраў ва ўрадзе Рэспублікі Беларусь, не ведаў, што адбываецца ў Мінску і „какой парень владеет этим государством”. З другога боку, які інтарэс Расіі ў тым, каб паслабляць пазіцыю прэзідэнта Беларусі, які праводзіць палітыку русіфікацыі не менш паспяхова, чым граф Міхаіл Мураўёў. Размова з Пуціным на тэму Лукашэнкі зусім пазбаўлена сэнсу, таму што ніякі іншы палітык не будзе так аддана працаваць на Расію, як прэзідэнт Беларусі.

Візіт Пуціна ў Польшчу выклікаў вялікія спадзяванні мясцовых палітыкаў, бізнесменаў, журналістаў і звычайных грамадзян. Расія з ворага раптоўна пераўтварылася ў патэнцыяльнага збаўцу, які можа кінуць выратавальнае кола польскай гаспадарцы, якая ледзь трымаецца на паверхні. Раней, аднак, напэўна некалькі раз пералічаць у Маскве ці варта аблягчаць палякам жыццё. Рускія заўсёды глядзелі на палякаў вачыма Дастаеўскага, а пасля 1989 г. іх адмоўнае ўспрыманне „сяброў” толькі ўзмацнілася. Шмат часу яшчэ пройдзе, калі палякі і расіяне перастануць сябе баяцца і ўзаемна сабою пагарджаць, але безупынна будуць яны пра сябе ўвесь час думаць. У гэтым мышленні Беларусь выглядае як зона імглы, якую можна беспраблемна перасякаць. Напэўна ні адзін, ні другі бок не разглядае гэтай краіны як перашкоду ў наладжванні кантактаў паміж палякамі і расіянамі. Нібы Беларусь фізічна не існавала.