Ніва № 5 (2386), 3 лютага 2002 г.

Каляды ў Лондане

Праваслаўныя беларусы Лондана і правінцыі кожны год урачыста адзначаюць свае хрысціянскія святы. Таму і ў гэтым годзе Каляды правялі даволі ўрачыста. У часе святой літургіі, якую служыў айцец Аляксандр Сідаровіч, прысутнічаў амбасадар Рэспублікі Беларусь у Лондане д-р Валеры Садоха і першы сакратар д-р Зоя Калантай. На багаслужбе прысутнічаў таксама англічанін д-р Брэт-Краўтдэр са сваёю жонкай грачанкай. У часе багаслужбы хор пад кіраўніцтвам Марыі Галубінкі праспяваў калядку „Ціхая ноч”.

Пасля літургіі а. А. Сідаровіч запрасіў усіх прысутных зайсці ў царкоўную залу на святочны прыём.

Хоць на дварэ не было так холадна, але паветра вільготнае, неба пахмурнае, сумнае, аднак настрой у людзей адчуваўся святочны. Айцец Аляксандр паблаславіў страву на стале і пасля пачастунку пры кілішку віна, а нават і віскі, першы выступіў з прамовай амбасадар. Прамова яго зводзілася да нашага жыцця на чужыне, бо адны былі вывезены ў Сібір, а другія не чакалі, калі іх вывезуць, а загадзя падаліся на Захад. Цяпер усе сядзелі за сталамі ў адной зале як адна сям’я. Прамоўца ўспомніў, што і з яго радні былі вывезены ў Сібір.

Пасля выступіла сакратар амбасады д-р З. Калантай і па-ангельску паўтарыла, што сказаў амбасадар, бо былі людзі, якія не разумелі беларускай мовы. Як амбасадар, так і сакратар выказалі сваё задаваленне быць прысутнымі сярод сваіх людзей, бо як доўга яны ў Лондане, то не бачылі столькі беларусаў. На канец сказалі, што калі хто будзе мець якія праблемы, каб звярталіся да іх і па магчымасці яны пастараюцца памагчы.

З даўжэйшай прамовай выступіў англічанін д-р Брэт-Краўтдэр, які расказаў аб гуманітарнай дапамозе Ордэна праваслаўных гаспіталяроў, у якім ён прымае ўдзел. Дзякуючы гэтай дабрачыннай арганізацыі, з якой супрацоўнічае і а. Аляксандр, на Беларусь былі засланы медыкаменты ў гарады Мінск, Мазыр, Нароўля, Светлагорск і іншыя. За гэтую дапамогу былі ўжо атрыманы падзякі з Беларусі.

Пасля прамоваў харысты праспявалі „Люблю наш край” і „Зорачкі” і за гэтыя песні госці не пашкадавалі апладысментаў, а ў некаторых прысутных паказаліся слёзы на вачах.

Каляднае святкаванне прайшло ў прыемнай святочнай атмасферы, людзі былі задаволены, толькі ў некаторых прыхаджан аказаўся сум і спачуванне для тых беларусаў на Бацькаўшчыне, дзе няма свабоды, няма сваёй беларускай школы, урад карыстаецца чужой мовай у сваёй дзяржаве, а што найбольш праступна, што гінуць таямніча дзейныя і свядомыя беларусы. Такія рэчы здараюцца толькі ў дыктатарскіх, паліцыйных дзяржавах. Шмат гора перажыў беларускі народ за сваю гісторыю, перажыве ён і гэта гора, несправядлівасць, бяду. Божая кара праступнікаў не міне.

Прысутны