Ніва № 5 (2386), 3 лютага 2002 г.

Чаго чакаць меншасцям?

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Гутарка з дырэктарам Дэпартамента культуры нацянальных меншасцей Кшыштафам ЦВЭЧАМ.

— Як гэта сталася, што Мінстэрства культуры разглядала зніжэнне датацый нацыянальным меншасцям нават на 80 працэнтаў?

— Сума, якую прадбачвае праект сёлетняга бюджэту, сапраўды, намнога ніжэйшая чым у папярэднія гады. Хачу, аднак, з усёй моцай падкрэсліць, што яна не з’яўляецца вынікам адвольных вырашэнняў, як сцвярджаюць некаторыя, хто не хоча або не ў змозе прыняць да ведама факт, што публічныя фінансы дзяржавы знаходзяцца на ўскраю катастрофы. А ўсе ж ведаем, што такая сітуацыя пагражае дэстабілізацыяй нашай гаспадаркі, якая сёння на парозе рэцэсіі.

Пры пабудове бюджэту на 2002 г. урад быў вымушаны прымаць цяжкія, часам вельмі балючыя выбары, у выніку якіх наступіць абмежаванне да неабходнага мінімуму або і поўнае спыненне фінансавання некаторых праектаў з публічных сродкаў. Такія абмежаванні кранулі таксама бюджэт міністра культуры. Выспела неабходнасць радыкальнага змяншэння расходаў. Уявіце сабе, што праект гэтага бюджэту прадугледжвае змяншэнне на 87,7% сумы, якою распараджаўся міністр у мінулым годзе на ўсю тую дзейнасць, якою дзяржава апякуецца як мецэнат культуры. Варта адзначыць, што ў гэтай групе расходаў знаходзяцца і тыя, якія адводзяцца на дзейнасць нацыянальных меншасцей. Паколькі пытанне аховы культуры нацыянальных меншасцей мы лічым надзвычай важным, міністэрства палагодзіла тыя „высечкі”, і меншасныя асяроддзі атрымаюць адносна больш чым іншыя праекты, якімі апякуецца дзяржава-мецэнат. Вядома, не настолькі, каб забяспечыць усе патрэбы. Аднак, не забывайма таксама аб неабходнасці забеспячэння сродкаў на ўтрыманне падлеглых Міністэрству культуры 254 адзінак мастацкага школьніцтва, 18 вышэйшых навучальных мастацкіх ды 36 нацыянальных культурных устаноў.

— У „Навінах” TVP (18 студзеня) пані міністр Аляксандра Якубоўская запэўнівала, што тыя датацыі не будуць адменены. Ці Вы пацвярджаеце ейную дэкларацыю і на якой падставе?

— Добрай звычкай журналіста ставіць дапытлівыя пытанні, але я, са свайго боку, не намерваюся ні каменціраваць, а тым больш — рэцэнзаваць выказванні міністра культуры.

— Колькі грошай знойдзецца ў сёлетнім бюджэце на патрэбы нацыянальных меншасцей? Адкуль яны возьмуцца, калі дагэтуль у праектах Міністэрства іх не было? Будзе столькі ж, менш (наколькі?), больш (наколькі)? Ці „Ніва” ды іншыя часопісы нацыянальных меншасцей выжывуць без урону?

— Пытанне датацый праектаў нацыянальных меншасцей з бюджэту міністра культуры шырока абмяркоўвалася на апошніх пасяджэннях сеймавай Камісіі нацыянальных і этнічных меншасцей. На гэтай падставе можна мець надзею, што дадатковыя сродкі на дзейнасць нацыянальных меншасцей знойдуцца ў агульным бюджэце дзяржавы. Пра канчатковую ж суму на дзейнасць у галіне культуры нацыянальных меншасцей у бюджэце міністра культуры зможам паведаміць толькі пасля ўхвалення Сеймам бюджэтнага закону на 2002 год.

Хачу адзначыць, што адной з самых важных нашых задач будзе ўтрыманне датацыі на найважнейшыя часопісы нацыянальных меншасцей на тым узроўні, які быў да гэтай пары. Мы ўсведамляем важкасць і значэнне гэтай справы ў развіцці культыры нацыянальных меншасцей.

— Што зменіцца ў палітыцы цяперашняга Міністэрства ў справе стаўлення да нацыянальных меншасцей?

— Палітыка ў гэтай справе не мяняецца. Адной з самых важных і прыярытэтных задач Міністэрства культуры — ахова культуры нацыянальных меншасцей. Асаблівую ўвагу ўрад Рэчы Паспалітай прыдае вобразу Польшчы на еўрапейскай арэне. Я запэўніваю, што міністр культуры будзе выконваць усе міжнародныя абавязацельствы Польшчы, у іх ліку і Агульную канвенцыю аб ахове нацыянальных меншасцей Рады Еўропы.

— Паводле якіх прынцыпаў будуць прызнавацца датацыі паасобным меншасным арганізацыям?

— Міністр культуры праз пасрэдніцтва Дэпартамента культуры нацыянальных меншасцей прызнае мэтавыя датацыі на канкрэтныя праекты, якія ажыццяўляюцца непублічнымі суб’ектамі, у іх ліку і таварыствамі нацыянальных меншасцей.

Прынцыпы прызнавання мэтавых датацый вызначаюцца законам аб публічных фінансах, а таксама ў Распараджэнні н-р 48 міністра культуры ад 20 снежня 2001 года аб парадку надзялення мэтавых датацый.

Больш інфармацыі ў гэтай справе па інтэрнэтавым адрасе Міністэрства культуры: www.mk.gov.pl.