Ніва № 5 (2386), 3 лютага 2002 г.

Калядаванне на Гайнаўшчыне

Аляксей МАРОЗ

У час ХХІІІ Павятовых сустрэч калядуючых калектываў, якія 20 студзеня г.г. адбыліся ў Гайнаўскім доме культуры, выступілі 27 груп праваслаўных каляднікаў і група каталіцкіх дзетак.

Дырэктар ГДК Мікола Бушко, які адкрыў мерапрыемства, адзначыў, што калядаваць будуць людзі ў розным узросце. Калядаванне пачалося ад гайнаўскіх дашкольнікаў, а пасля спявалі школьнікі і дарослыя. Прыехалі яны з розных мясцовасцей Гайнаўскага павета і найчасцей спявалі калядкі на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Хаця сцэна ў доме культуры ўпрыгожана была вялікай гвяздай Уладзіміра Петручука, многія каляднікі выходзілі са сваімі гвяздамі. Арганізатары мерапрыемства, якімі былі Гайнаўскі дом культуры і Фонд „Царкоўная музыка”, заявілі, што ацэньвацца будзе не толькі спеў, але і мастацкае ўражанне, якое выклікаюць каляднікі. У камісію побач спецыялістаў па музыцы: Аліцыі Саевіч і Аляксандра Лукашука, увайшоў мастак Віктар Кабац.

Сярод дашкольнікаў выступілі тры калядныя групы, а спецыяльную ўзнагароду атрымалі дзеткі з Самаўрадавага садка н-р 3 у Гайнаўцы. У катэгорыі школьнікаў дзве першыя раўнапраўныя ўзнагароды атрымалі: калектыў „Рамонка” з Ласінкі (ранейшыя „Лісічкі”) і хор прыхода Нараджэння св. Іаана Хрысціцеля з Гайнаўкі, а вылучэнні — сям’я Несцерукоў з Курашава (калядавала маці з дзецьмі) ды група з каталіцкага прыхода Уздзвіжання Крыжа Гасподняга з Гайнаўкі. Сярод маладзёжных каляднікаў першае месца занялі вучні Гімназіі з дадатковым навучаннем беларускай мовы з Гайнаўкі. Камісіі спадабаўся прыгожы спеў вялікай колькасці белгімназістаў, якія выступілі са сваім акардэаністам і прыгожай гвяздай. Другое месца заняла народная капэла „Дубіны”, якую стварыў Пётр Скепка, вядомы музыкант калектыву „Дубіны”. Каляднікі з Дубін спявалі калядкі пад акампанемент музычных інструментаў, што спадабалася публіцы. Вылучэнне сярод моладзі атрымалі белліцэісты, якія заспявалі прыгожую беларускую калядку і пастараль на англійскай мове.

Найбольш было дарослых каляднікаў. Першае месца атрымаў калектыў „Вульчанкі” з Вулькі-Тэрахоўскай, а другое — „Крыўчанкі” з Крыўца. У гэтай катэгорыі найчасцей спявалі жанчыны. Выходзілі яны на сцэну па-зімоваму апранутыя, з гвяздай, часам спадарожнічаў ім акардэаніст. Паказалі яны аўтэнтычнае калядаванне на Гайнаўшчыне ў мінулым і сёння. Зараз калядуюць не толькі на вёсках, але і ў самой Гайнаўцы. Калядоўшчыкі збіраюць грошы на будову і рамонт цэркваў.

У групе дзяцей і моладзі найбольш аўтэнтычнае калядаванне паказалі вучні з Ласінкі, якія выступілі ў каляровай верхняй вопратцы, з прыгожай гвяздай і з калядкамі на беларускай мове.

— У аспекце чысціні мовы можна пахваліць калектывы з белліцэя, белгімназіі і Ласінкі, якія спявалі на прыгожай беларускай мове або хор прыхода Нараджэння св. Іаана Хрысціцеля, які на некалькі галасоў прыгожа спяваў на ўкраінскай мове, — адзначыў член камісіі Віктар Кабац.

Апрача гайнавян і ўзнагароджаных калядных груп Хрыста праслаўлялі каляднікі з Чаромхі, Арэшкава, Кляшчэляў, Курашава, Збуча, Дабрывады, Дашоў, Тыневіч, Старога Ляўкова, Нараўкі і Чыжоў. Мерапрыемства завяршыў калектыў ГДК. Сярод выступаючых на сцэне вылучалася аматарская тэатральная група з Кляшчэляў, якая падрыхтавала тэатральную сцэнку, звязаную з калядаваннем. Да ўсіх каляднікаў падыходзіў Дзед Мароз з падарункамі і дыпломамі. Вылучаныя групы атрымаюць узнагароды.