Ніва № 4 (2385), 27 студзеня 2002 г.

Якуб Смольскі, сведка былога

Міра ЛУКША

Вёска Лука перастала існаваць, хоць вялікая яе частка засталася на беразе Нарвы, калі тая рака разлілася ў Семяноўскае вадасховішча. Гэта была палова васьмідзесятых гадоў. І з-пад адплываючай вады паказваецца тая рэштка былога — падгнілыя дрэвы, голле, зрубы студняў. Людзі пакінулі вёску, разбрыліся па свеце. Хто — амаль насупраць — у Новай Луцэ, у бандарскім блёкавішчы, у Беластоку (найбольш у мікрараёне Пяста) і далей. Іншыя — пад бярозкамі на ляўкоўскім могільніку, як адказала калісьці на пытанне, куды яна пойдзе, Параска Кардаш Войцеху Кавальчуку, этнографу.

Для спадара Кавальчука Лука гэта было першае даследаванае месца, калі разам з захавальніцай Галінай Якубоўскай, кіраўніком экспедыцыі ў 1978 годзе сюды прыбылі. Якуб Смольскі не жыў ужо ад 1970 года. Увайшлі ва ўдовін дом: на сцяне пакоя Аляксандры Смольскай вісеў экран-карціна, фатаграфічны штатыў быў кветнікам з папараццю; у куфэрку трымала ўдава, старанна паскладваныя, негатывы і іншыя фатаграфічныя аксесуары. Разам з рахункамі за дарагія аб’ектывы Цэйса, якія выпісваў быў яе муж, кравец і фатограф. Цяжка было ёй расстацца з усім гэтым, але пасля перадала мужаў скарб у музей. Ды шмат чаго прапала. Калі разбіралі хату Смольскіх, з-пад шчытоў пасыпаліся шкліны — Якуб Смольскі рабіў здымкі не толькі „пяцімінуткай”, пасля якіх засталіся папяровыя негатывы. Значыць, зрабіў здымкаў не тысячу (на столькі было ў яго рахункаў на паперу і хімікаты для праяўляння ў своеасаблівым „полароідзе”), а рабіў здымкі і іншай тэхнікай. На жаль, засталіся негатывы 200 здымкаў, а тых, шкляных, ніколі не ўбачым ні на выстаўцы ў беластоцкай ратушы, ні ў рыхтаваным фотаальбоме, ні нідзе. Яшчэ раз прапала ўвекавечанае ды недагледжанае.

Якуб Смольскі быў у ваколіцы адзіным фатографам. На жыццё гэты кульгавы, бяздзетны, досыць адукаваны чалавек (школа ў Свіслачы або ў Ваўкавыску) зарабляў шыццём адзення — зусім модных касцюмаў. А фатаграфія гэта было не толькі яго хобі — зарабляў ён някепска, бо, напрыклад, на фэсце ў Ялоўцы, Ляўкове ці Нараўцы абароты меў такія, што прывозіў грошы на дзве каровы. А здымак кліент атрымліваў зараз жа амаль пасля „пстрычка” — у скрынцы апарата адразу ён праяўляўся тальбатыпным спосабам. Звычайна кліенты самі прыбывалі ў Луку, святочна апранутыя. Калі не мелі ў што адпаведнае адзецца, фатограф пазычаў са свае шафы акуратны касцюм, апранаў кліента і стылізаваў. А, можа, мода была настолькі падобная?.. На здымках можна пазнаць касцюмы. Трапляліся, аднак, кліенты без ботаў, што відаць асабліва на пахавальных здымках. Лучане фатаграфаваліся і цэлымі сем’ямі, тады стылізаваў іх адмыслова — у цэнтры садавіў бацьку, каля маткі — дачку. Крыху спалоханых малечаў — на калені бацькоў, старэйшых — спераду і дастойна пазаваныя ў вянок сем’і застылі навекі ў сваёй радаслоўнай, з сур’ёзнымі мінамі на ўрачыстых тварах. На жаль, не ведаем часта, хто яны сёння. Таму яшчэ раз трэба склікнуць жывых лучан, каб пазналі на здымках сябе, сваякоў, знаёмых. Дарастаючая моладзь здымалася разам з сябрамі і машынамі — ёсць такі цудоўны здымак, дзе пяцёх юнакоў увекавечыліся са сваімі ганарліва пастаўленымі перад сабою роварамі званымі „козамі” (руль адвернуты „рагамі” ўперад). Дзяўчаты — з галінкамі бэзу, папараці, букетамі кветак. Смольскі рабіў здымкі пры дзённым, натуральным асвятленні. Толькі два здымкі былі выкананы ў інтэр’еры — у ляўкоўскай царкве ды пасмертны здымак маці фатографа Юстыны. На сцяне дома ў „атэлье пад адкрытым небам” вешаў свой славуты экран з палацава-агародным відам, пазіраваў на лаве ці столках прыбылыя асобы. Канструкцыя апарата не дазваляла рабіць здымкі ў руху. Ёсць, здаецца, толькі адзін здымак, не пазіраваны — Геніка Смольскага з коцікам на сцежцы. Хлопчык, босенькі, таропіцца ў вока аб’ектыва, а коцік, можа, і выпадкова трапіўшы сюды, у той момант зварухнуўся — і выглядае ён неяк прывідна. Але засталося пару рэпартажных здымкаў лучан пры працы — плытагоны на Нарве (ззаду — панарама Лукі з лазнямі на загуменнях), ёсць здымкі з рамонту дому, заворванне лугоў у Ляўкове, школьныя і палітычныя ўрачыстасці, кравецкі варштат фатографа. Шмат засталося пашпартных здымкаў.

Фатаграфіі Якуба Смольскага — сведкі гісторыі. Моды, абраду, сямейнага жыцця. Таксама ўспамін пра яго самога. Нарадзіўся ён у 1895 годзе ў сям’і Канстанціна і Юстыны Лаўнічанкі. У 1915-1922 гг. прабываў у бежанстве пад Ташкентам. Там ажаніўся з лучанкай Аляксандрай Стоцкай. Фатаграфіяй заняўся ў трыццатыя гады. Спачатку фатаграфаваў „пяцімінуткай”, пасля савецкім мяшковым фотаапаратам (прапалі якраз шкляныя пласцінак і плёнкі з таго часу). Чалавек быў ён цікавы, ахвярны. Дарыў ён людзям спагаду, параду (пісаў людзям заявы і просьбы ва ўстановы). Цікавіўся навінкамі ў тэхніцы, падзеямі. Карэспандаваў з рознымі газетамі.

Шмат людзей прыйшло на акдрыццё выстаўкі ў Падляшскі музей (ратуша) у Беластоку 11 студзеня. Паявілася радня, суседзі, і ўвесь „свет” Беластока. Лучане распазнавалі сваіх на здымках. Будзе выдавацца фотаальбом Якуба Смольскага, і трэба мець надзею, што будуць распазнаны асобы ўвекавечаныя на гэтых гістарычных здымках.