Ніва № 3 (2384), 20 студзеня 2002 г.

Таварыства любіцеляў царкоўнай музыкі

Аляксей МАРОЗ

У будынку Школы псаломшчыкаў у Гайнаўцы 28 снежня мінулага года адбыўся ўстаноўчы сход Таварыства любіцеляў царкоўнай музыкі, якое будзе дапамагаць Грамадскаму арганізацыйнаму камітэту ладзіць у маі гэтага года Дні царкоўнай музыкі.

Грамадскі аргкамітэт, якому старшынствуе мітрафорны пратаіерэй Міхаіл Негярэвіч, складаюць па пяць прадстаўнікоў ад Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і мясцовых самаўрадаў.

— Яшчэ канчаткова не вырашана назва мерапрыемства. З’явілася прапанова ўвесці ў назву слова фестываль, — сказаў айцец Міхаіл Негярэвіч. — Мерапрыемства будзе мець свецкі і міжнародны характар, паколькі запрашаем замежныя хоры, але будзе яно згоднае з канонамі Праваслаўнай царквы.

Ва ўстаноўчым сходзе Таварыства любіцеляў царкоўнай музыкі прынялі ўдзел кіраўнікі мясцовых самаўрадаў: стараста Гайнаўскага павета, бурмістр Гайнаўкі і войт Гайнаўскай гміны, якія сталі членамі таварыства.

— Супольна з аргкамітэтам Дзён царкоўнай музыкі вырашылі мы прыняць больш шырокую формулу арганізацыі мерапрыемства і дзеля гэтага ангажаваць большую колькасць людзей з Гайнаўкі і наваколля. Гэтаму мае садзейнічаць Таварыства любіцеляў царкоўнай музыкі. Я перакананы, што яго дзейнасць падтрымаюць прадстаўнікі самаўрадаў Гайнаўскага і іншых паветаў, дзе жывуць праваслаўныя, хаця дзейнасць таварыства не абмяжоўваем толькі да праваслаўных, — сказаў стараста Уладзімір Пятрочук.

Таварыства любіцеляў царкоўнай музыкі будзе абапірацца на грамадскай працы яго членаў. Арганізуючы сімпозіумы, выстаўкі і іншыя папулярызатарскія мерапрыемствы таварыства будзе дзейнічаць на тэрыторыі Польшчы і за яе межамі.

Заснавальнікі прынялі статут таварыства, які мэтай дзейнасці ставіць папулярызацыю духовых каштоўнасцей Праваслаўнай царквы, духова-мастацкай прыгажосці царкоўнай музыкі і дабрачыннай ды гуманітарнай дзейнасці.

У выніку галасавання старшынёю таварыства стаў Ян Андраюк (старшыня Гайнаўскага гуртка Праваслаўнага брацтва св.св. Кірылы і Мяфодзія), а яго намеснікам — пратаіерэй Славамір Хвойка (вікарны свяшчэннік Свята-Троіцкага сабора і дырэктар Гайнаўскага Інстытута праваслаўнай культуры). Сакратаром выбрана была Нэля Шчука (намеснік старшыні Праваслаўнага брацтва), скарбнікам стаў Якуб Астапчук (старшыня спартклуба „Пушча”), а членам управы — Ірыней Лаўрашук (рэгент з Бельска-Падляшскага, выкладчык Гайнаўскай школы псаломшчыкаў і Бельскай музычнай школы).