Ніва № 3 (2384), 20 студзеня 2002 г.

Калядны кісель

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Несумненна, гітам сёлетняга праваслаўнага Ражджаства Хрыстова быў аўсяны кісель. Прынамсі так вынікала з калядных перадач у „Тэлеэкспрэсе”, галоўным выданні „Навін” і мясцовым „Аб’ектыве”. Пані Тамашук, падляшская старажылка, зрабіла ў той дзень агульнапольскую кар’еру, бы той спец па кулінарыі ў публічным тэлебачанні Роберт Макловіч альбо бігбрадэрскі Клаўдзій Саўковіч з TVN. Як мала ўсвядомлены, даведаўся я з калядных інфармацыйных сервізаў польскага тэлебачання, што праваслаўнае Божае Нараджэнне ад каталіцкага адрозніваецца, вось, адно калядным кісялём.

Прынамсі ў публічным тэлебачанні паінфармавалі мне, што ў праваслаўных сяброў пачынаецца свята. Бо ўжо ў сервізе Польскага прэсагенцтва (PAP) у той дзень і з навін, якія паказвае тэлегазета на першым і другім канале, даведацца я пра тое не мог. У тэлегазеце ў калядную нядзелю сказалі, што свята пачынаюць грэка-католікі, да таго ж і выключна ў Прыкарпаччыне.

Радыё Беласток, як звычайна, вяло сябе пільна і элегантна. Аднак неяк дзіўна прагучала інфармацыя ў сервізе ў 13 у першы дзень свята. Я пачуў, што сёння ў гайнаўскіх прадпрыемствах „людзей няма ў працы; ёсць толькі дзяжурныя”. Прагучала гэта так, быццам праваслаўныя злосна згаварыліся і самавольна пакінулі работу. Можа, была гэта толькі няўдалая фармулёўка. Або я зноўку перабольшваю.

А, можа, і не перабольшваю, але ж пачала ўва мне кіпець кроў, калі, едучы аўтобусам у першы дзень праваслаўных (і грэка-каталіцкіх) Каляд, у час трансляцыі з Сямятыч у тэлебачанні набажэнства з удзелам мітрапаліта Савы, я ўбачыў, як гмінныя працаўнікі з запалам разбіраюць галоўную ёлку ў Беластоку. Стаіць яна, як штогод, паміж прыходам Святога Духа і саборам святога Мікалая. Так прынамсі гэта бачыцца, калі глядзець з вакон майго аўтобуса. Я дагэтуль не ведаў, што гэтая ёлка — каталіцкая. Тым больш, што, сапраўды, ёй бліжэй да касцёла святога Роха.

Чапляюся, адно раблю, што чапляюся. Можа так, а, можа, і не.

Калі пару гадоў таму пачаў я займацца журналістыкай у Беластоку, дык, як кажацца ў нашым слэнгу, выслалі мяне „да абслугі” чарговай гадавіны паўстання ў гета. Справаздача з урачыстасці ў адной з мясцовых газет знайшлася на „адзінцы”, і, як пасля прызналіся яе ўдзельнікі, была сумленная і нават хвалюючая. Толькі адна яўрэйка, народжаная ў Беластоку, якая тутака жыла ў маладосці, пісьменніца і журналістка Феліцыя Новак, пазваніла мне і далікатна звярнула ўвагу, што я пісаў не пра „жыдоў польскага паходжання”, а пра „палякаў паходжання жыдоўскага”. Той „перастаўкі” ніхто з палякаў у рэдакцыі перад друкам не заўважыў: ні я, ні галоўны, ні сакратар вядучы нумар, ні тым больш карэктаркі. Прыкмеціла тое Феліцыя Новак, і, пэўна, яшчэ і іншыя яўрэі, якія артыкул прачыталі, тым больш, што ён кранаў менавіта іх.

Калі праз самыя розныя памылкі, менш ці больш свядомыя, здавалася б, зусім малаважныя, грамадзяне Польшчы іншай нацыянальнасці ці паходжання, якія ёсць у меншасці, адчуюць сябе абражанымі, заўсёды будзе вінавата большасць. Тым больш, што, як упарта паўтараў Яцэк Курань, меншасць ёсць празмерна ўражлівая, і мае на гэта права, і трэба быць у адносінах да яе вельмі далікатным.

Праваслаўныя Каляды гэта не толькі аўсяны кісель.

PS. Хвала ва вышніх! Шопка-яслі пад Пілсудскім стаяла яшчэ на другі дзень праваслаўных Каляд (аўторак). Не было там, аднак, ні осліка, ні тым больш Тура.