Ніва № 2 (2383), 13 студзеня 2002 г.

Люд, які не баяўся вады

Яўген МІРАНОВІЧ

У палове мінулага года выйшла друкам кніжка Ірэны Матус Lud nadnarwianski*. Аўтарка шмат гадоў займаецца даследаваннем гісторыі і этнаграфіі вядомых ёй з дзяцінства мясцовасцей. Прэзентаваная праца прадстаўляе гісторыю, абраднасць і побыт жыхароў распаложаных над ракой Нарвай вёсак — ад Трасцянкі на ўсходзе да Кажан на захадзе — у першай палове ХХ стагоддзя. Некаторыя вёскі на разглядаемай тэрыторыі знаходзяцца нават у адлегласці пару кіламетраў ад ракі, аднак, як даказвае аўтарка, ствараюць яны адну культурную і этнаграфічную прастору. І. Матус расказвае пра людзей, якія былі сведкамі найбольш бурлівага перыяду ў нашай гісторыі. Дзяцінства і маладосць правялі яны ў час, калі метады працы і абраднасць не надта адрозніваліся ад тых, якія былі характэрнымі для людзей ХVII ці ХІХ стагоддзя. Дачакаўшы пажылога ўзросту, сталі яны сведкамі палёту чалавека ў космас, а некаторым і пашанцавала пагаварыць з унукамі па мабільным тэлефоне.

Праца І. Матус, хаця не мае навуковага характару, для людзей навукі з’яўляецца неабмежаванай крыніцай ведаў. Аўтарка запісала ў ёй усё, што пачула ў сяброўскіх, спантанных размовах з жыхарамі некалькіх вёсак. Адчуваецца, што суразмоўцы Ірэны Матус шчыра расказалі тое, што ім запамяталася з дзяцінства і маладосці. Мне, як чалавеку, які нарадзіўся і выхаваўся ў адной з вёсак у непасрэдным суседстве з прынарвянскім рэгіёнам, кніжка напамінае расказы бацькоў, сваякоў, старэйшых суседзяў. Кніжку чытаецца вельмі лёгка магчыма і таму, што расказвае яна пра свет, які яшчэ можа лічыць сваім чалавек саракагадовага ўзросту. Для дваццацігодкаў прадстаўленая ў працы І. Матус першая палова ХХ стагоддзя можа здацца далёкай і дзіўнай як сярэднявечча.

Свет суразмоўцаў Ірэны Матус ужо не існуе. Няма нават той ракі Нарвы. Рака напамінае цяпер вядомы мне з дзяцінства ручаёк Рудня, што каля вёскі Пухлы ўліваецца ў „вялікую” Нарву. Рудня трыццаць гадоў таму была ракой шырокай на 5-6 метраў, глыбокай на 2 метры, з чыстай вадой і поўнай рыб. Такая вада ўзмацняла Нарву. Сёння Рудня звузілася да 1,5 метра, а яе забруджаныя воды не дазваляюць жыць ні расліннасці, ні нават мутантнай жывёле. Некалькі такіх „рудняў” уліваецца ў Нарву, забіваючы ўсё, што вадзілася ў ёй ад тысяч гадоў. Няма таксама на Нарве тых кладак, лодак, драўляных мастоў, рыбакоў з невадамі, пра якіх піша аўтарка. Пакаленне, якое прыйшло на свет у васьмідзесятыя гады, унукі суразмоўцаў Ірэны Марус, не бачылі ўжо тае Нарвы, пра якую расказвалі дзяды, не зразумеюць яны таксама і тае вясковае абраднасці і культуры, якую стварылі іх жывучыя згодна логіцы натуры продкі. Сучасная эпоха стварыла людзей, інтэлект якіх фарміраваўся пад уплывам кантактаў з камп’ютэрам, тэлевізарам і іншымі вынаходствамі пластмасавай цывілізацыі.

Ірэна Матус паспела пагаварыць са сведкамі гісторыі, якія найбольш кампетэнтна маглі расказаць пра зыходзячую цывілізацыю. У ніякіх архівах няма дакументаў больш дакладна характарызуючых тую эпоху. Шкада толькі, што аўтарка, будучы гісторыкам, не напісала раздзела, які малодшым чытачам і тым, не народжаным на Беласточчыне, наблізіў бы палітычныя, а таксама эканамічныя ўмовы жыцця жыхароў прынарвянскіх вёсак. Ёсць, праўда, раздзел Z dziejow kraju, але змяшчаюцца ў ім свабодныя разважанні аўтаркі на тэму святых месц, бежанства і камасацыі зямлі ў трыццатыя гады. Шкада таксама, што ў кніжцы цалкам занядбана тэхнічная рэдакцыя. Здымкі, якія сабрала І. Матус, маюць дакументальную вартасць. У кніжцы яны некалькі разоў паменшаны ў параўнанні да арыгіналу і таму зусім невыразныя. З’яўляюцца яны неадлучнай часткай тэксту, графічнай аздобай таго, аб чым піша аўтарка і ашчаднасць у гэтым выпадку цалкам неабгрунтаваная.

*I. Matus, Lud nadnarwianski. Prace Katedry Kultury Bialoruskiej Uniwersytetu w Bialymstoku, wyd. Uniwersytet w Bialymstoku, Bialystok 2000, ss. 192.