Ніва № 2 (2383), 13 студзеня 2002 г.

Тэрарысты

Яўген МІРАНОВІЧ

Тэрарызм — слова, якое ў апошніх месяцах стала найбольш папулярным у сродках масавай інфармацыі. Паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы (т. 5, 1983) тэрор — гэта „палітыка расправы з палітычнымі і класавымі праціўнікамі з прымяненнем насілля аж да фізічнага знішчэння”. Згодна гэтаму азначэнню не толькі дзейнасць экстрэмісцкіх груповак, але таксама палітыку шматлікіх сучасных дзяржаў можна назваць тэрарызмам.

У паліталогіі і гістарыяграфіі тэрарызмам найчасцей называецца палітычная дзейнасць з мэтай разбурэння існуючага парадку шляхам знішчэння людзей і ўстаноў, якія яго ўвасабляюць. У сапраўднасці кожную падзею мілітарнага характару адны называюць тэрарызмам, другія — вызваленнем ад палітычнага, нацыянальнага ці сацыяльнага прыгнёту.

Тэрор як метад змагання за ўладу прыдумалі французскія інтэлектуальныя эліты ў канцы XVIII стагоддзя. Францыя была тады несумненна найбольш багатай краінай свету, ганарылася выдатнымі філосафамі, пісьменнікамі, мастакамі. Каб ажыццявіць вельмі слушны лозунг „свабоды, роўнасці, братэрства”, парыжскія інтэлектуалы, якія прыйшлі да ўлады на плячах натоўпу, пабудавалі ў цэнтры горада надта простую канструкцыю для абезгалоўлівання ўсіх падазроных у супрацьдзеянні ці хаця б у абыякавасці да гэтай ідэі. Спектакль з прымяненнем гільяціны цягнуўся некалькі гадоў. Натоўп у гэтым часе пабачыў чэрапы дзесяткаў тысяч знакамітых грамадзян краіны, у тым ліку і караля Луі XVI, у руках жрацоў свабодалюбівага руху.

Тэрарызм і фрустраваны натоўп прывялі да ўлады ў Расіі ў 1917 г. невялікую палітычную групоўку, якой кіраваў Уладзімір Ульянаў, вядомы ў гісторыі як Ленін. Адзін з таварышаў Ульянава, Язэп Джугашвілі, больш вядомы як Сталін, раней арганізаваў фінансавыя сродкі для партыі шляхам звычайнага бандыцкага рабунку дзяржаўных грошай. Калі стаў кіраўніком дзяржавы, тэрарыстамі называў галодных сялян, якія ў адчаі кралі каласкі пшаніцы на калгасных гонях. Чалавек, якога Джугашвілі назваў тэрарыстам, не меў амаль ніякіх шанцаў на далейшае існаванне.

Тэрарызм прывёў да ўлады таксама іншых любіцеляў парадку, напрыклад Беніта Мусаліні ці Адольфа Гітлера. Хаця ў аднаго і другога тэрор быў неадлучным інструментам улады, усіх, якія ім супрацьставіліся паслядоўна называлі яны тэрарыстамі і бандытамі. У акупаванай немцамі Еўропе кожны парушаючы заканадаўства партызан, па зразумелых прычынах, быў тэрарыстам. Але гэты ж партызан нават у французскай, рускай, польскай, сербскай навуковай літаратуры з’яўляецца змагаром за найбольш дастойную ідэю — свабоду, нацыянальным героем.

Пару месяцаў таму сродкі масавай інфармацыі заявілі аб узнікненні „антытэрарыстычнай кааліцыі”, якую складаюць, між іншым, Злучаныя Штаты Амерыкі, Расійская Федэрацыя, краіны НАТАўскага блока, Узбекістан, Таджыкістан і некалькі іншых экзатычных дзяржаў. Фармальна кааліцыя мае змагацца з арганізатарамі атакі на амерыканскія палітычныя, вайсковыя і эканамічныя цэнтры ў верасні мінулага года. Пра што дакладна ідзе ў гэтай вайне, зусім невядома. Расія, як антытэрарыстычная краіна — гучыць надта дзіўна. Хто бачыў у тэлебачанні зраўнаныя з зямлёю гарады ў Чачні, мог пераканацца як выглядае антытэрарыстычная дзейнасць. Арганізатар кааліцыі — Злучаныя Штаты Амерыкі нядаўна выступалі саюзнікам ісламскіх тэрарыстаў у югаслаўскай правінцыі Косава і пры дапамозе авіяцыі прывялі да руіны гаспадарчую інфраструктуру Сербіі. Бомбамі прымусілі сербаў адрачыся ад свае гістарычнай зямлі, а НАТАўская прапаганда (глядзі, для прыкладу: „Gazeta Wyborcza”) без сораму называла іх агрэсарамі, быццам яны напалі на Амерыку, Англію ці Польшчу.

Апошнім часам пад лозунгам змагання з тэрарыстамі амерыканцы некалькі месяцаў кідалі бомбы на гарады Афганістана, а маральныя аўтарытэты свету з вялікім зразуменнем паставіліся да праблемы неабходнасці ахвяр сярод мірнага насельніцтва краіны. Бомбы часам падалі пад ногі талібаў, але часцей на дамы, у якіх сядзелі галодныя непісьменныя людзі. Сапраўдным ісламскім тэрарыстам нічога дрэннага не сталася. У іх шмат прыхільнікаў ва ўсім свеце і новыя аргументы, каб працягваць сваю дзейнасць. На палесцінска-яўрэйскім фронце нічога не памянялася, безупынна плывуць весткі пра чарговыя ахвяры сярод маладых арабаў.

Антыісламскі саюз Амерыкі і Расіі для гэтай апошняй мае стратэгічнае значэнне. Прыхільнікаў Магамета ў Расіі за пару дзесяткаў гадоў можа аказацца больш за грамадзян праваслаўнага веравызнання. Колькасць расіян з году ў год скарачаецца. Крызіс сямейнага жыцця, выкліканы яшчэ савецкай палітыкай, вядзе да дэмаграфічнай катастрофы. У мусульман наадварот — іх колькасць расце маланкавымі тэмпамі. Наступ ісламскага фанатызму з Афганістана, Пакістана ці адкуль там яшчэ мог бы прывесці Расію да клопатаў, якіх не мела яна ад 1941 г. Таму ўлады гэтай дзяржавы будуць падтрымліваць усялякую „антытэрарыстычную акцыю” амерыканцаў нават тады, калі прывядзе яна да зраўнання з зямлёй чарговай ісламскай краіны.

Сучасны тэрарызм і антытэрарызм, незалежна ад таго ці выступаюць яны ў абароне цывілізацыі, нацыі, расы, веравызнання, штогод цягнуць за сабою тысячы ахвяр, найчасцей сярод тых людзей, якія не хацелі б ведаць аб існаванні сваіх збаўцаў. І гэта адна з вялікіх драм нашага часу.