Ніва № 2 (2383), 13 студзеня 2002 г.

Палічаць нас

Мікола ВАЎРАНЮК

Колькі нас, беларусаў, у Польшчы? Сто тысяч, дзвесце, трыста? Да гэтай пары можна было назваць любую лічбу; некаторыя дзеячы, далібог, гаварылі: паўмільёна!

Пасля вайны не было ніякіх афіцыйных статыстык адносна нацыянальнасці грамадзян Польшчы. У некаторых паперах трэба было назваць сваю нацыянальнасць, напрыклад, у заяве на пашпарт (dowod osobisty) ці працу, выпускніку сярэдняй школы перад экзаменацыйнай універсітэцкай камісіяй ці прызыўніку перад вайсковай. Але гэтыя інфармацыі невядома дзеля чаго збіраліся. Напэўна не выкарыстоўваліся ў статыстычных апрацоўках.

Гэта зменіцца. У палове будучага года пройдзе нацыянальны перапіс насельніцтва. Сярод шматлікіх больш і менш падрабязных пытанняў анкеты, з якою будуць хадзіць па хатах рахункаводы, ёсць пытанне і пра нацыянальнасць.

— Пытаем пра суб’ектыўнае адчуванне кожнага чалавека, — кажа Тэрэса Качынская, кіраўнік Аддзела каардынацыі Статыстычнай управы ў Беластоку. — Хочам устанавіць, якія нацыянальныя меншасці жывуць у Польшчы і які іх лік. Гэта патрабаванне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Рады Еўропы ды іншых міжнародных арганізацый. Усе даныя застануцца абсалютна тайныя і будуць выкарыстоўвацца толькі ў статыстыцы.

Адзіны перапіс насельніцтва Польшчы, у якім было пытанне пра нацыянальнасць, праводзіўся ў 1921 годзе. Тады беларусамі назвалі сябе мільён пяцьдзесят тысяч. Дзесяць гадоў пазней пытанне пра нацыянальнасць было заменена пытаннем пра родную мову. Беларускую роднай палічылі 900 тысяч грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай. Але аж 700 тысяч — „тутэйшую”. Усе католікі былі аўтаматычна палічаны палякамі. Палякамі адчулі сябе таксама 400 тысяч праваслаўных. Апошняй катэгорыі перапіс насельніцтва Расійскай імперыі з 1897 года ў паўночна-заходніх губернях не адзначыў. Гэта паказвае ролю дзяржавы ў фармаванні нацыянальнай тоеснасці жыхароў пэўнай тэрыторыі.

А да якой нацыянальнасці будуць прызнавацца цяперашнія жыхары ўсходняй Беласточчыны? Абапіраючыся на сацыялагічныя доследы прафесара Андрэя Садоўскага, можна прадбачыць, што большасць — таксама праваслаўных — назаве сябе палякамі. Адсутнасць беларускага школьніцтва, моўная практыка ў святынях, нізкі аўтарытэт Рэспублікі Беларусь — гэта фактары, якія паспрыяюць такому выбару.

Няма ў гэтай анкеце пытання пра веравызнанне, але, баюся, што сотні тысяч праваслаўных, гэта таксама толькі наша ўява. Не хацеў бы я ў гэтым упэўніцца падчас чарговага перапісу.