Ніва № 1 (2382), 6 студзеня 2002 г.

„Суседзі 2”

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

З кожным Новым годам, здаецца, кожнаму хочацца так сабе памарыць аб тым, што нас чакае, паваражыць. Думаў я сабе, чаго мог бы я жадаць у 2002 годзе беларусам на калонках гэтай рубрыкі. Камбінаваў на розныя спосабы. І што-кольвек прыходзіла мне ў галаву, усё датычыла выключна польска-беларускіх спраў.

Я падумаў сабе так: немцы, а нават жыды, украінцы і літоўцы — усе, як па-польску сказаць, do przodu. Адносінам паміж нашымі народамі (грамадствамі) і ў адносінах да розных няшчасных фактаў, якія мелі месца ў даўнейшай і бліжэйшай гісторыі, спадарожнічаюць ужо слова przepraszam, даруйце, і жэсты, якія могуць сведчыць аб паяднанні нацыянальнасці пражываючай у Польшчы. А ў выпадку правін палякаў у адносінах да беларусаў, а і правін беларусаў у адносінах да палякаў пануе маўчанне. Час ад часу толькі ў так званых польскіх беларускіх медыях паяўляюцца далікатныя тэмы, ды ў прынцыпе толькі кранаюць яны праблему і знікаюць, каб вярнуцца, як вупыр, праз некалькі гадоў. Вось як у справе замардавання фурманоў (хоць хвала, што заняўся ёю Інстытут нацыянальнай памяці).

Кіруючым элітам, лягчэй уваходзіць у такія праблемы, калі маюць рэгуліраваныя або хоць больш-менш інтэнцыйна карэктныя адносіны з дзяржавай, у якой тая меншасць ёсць большасцю. З Беларуссю, аднак, адносін такіх увогуле няма. Здаецца, пакуль іначай быць не можа. Усё ж, справа ўсялякіх гістарычных крыўдаў, якія перакладаюцца часта на бачанне нацыянальнасці (у гэтым выпадку беларускай) палякамі і наадварот, павінна быць вырашальным фактарам кіруючых. Асмельваюся сцвердзіць, што ўмеласць вырашэння такіх пытанняў будзе чарговым плюсам у Бруселе ці Жэневе.

Аднак, без уключэння ў агульнанародныя дэбаты (назваць іх можам, на ўжытак гэтай рубрыкі, „Суседзі 2”) саміх беларусаў з Польшчы нічога з гэтага не атрымаецца. Патрэбны адзін голас. І справа тут не ў аднадумнасці гістарычных поглядаў, але ў супольнай дэкларацыі гатоўнасці да такой размовы, а, мабыць, нават, у інспіруючым сігнале. „Mowa-trawa!” — ужо чую, як кажуць мае знаёмыя высокія рангам і ростам беларусы. Але гэта якраз ім і прадстаўнікам сёння кіруючай у Варшаве знаці, выбранай таксама з мандата нашых беларусаў, жадаю ў Новым годзе адкрыць у сабе цудоўную моц, якая здзейсніць такое: праблема Суседзяў 2 сцішыць і супакоіць польска-беларускія сумленні, незалежна ад часовасці вынікаючай з вялікай палітыкі.