Ніва № 1 (2382), 6 студзеня 2002 г.

Яшчэ адны сацыял-дэмакраты

Змiцер КIСЕЛЬ

2 снежня 2001 г. у мiнскiм кiнатэатры „Змена” адбыўся ўстаноўчы сход новай партыi сацыял-дэмакратаў. Аднак 136 дэлегатаў ад усiх абласцей Беларусi не навiчкi ў палiтыцы. Яны прадстаўлялi сяброў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi (Народная Грамада), якiх не задавальняюць метады кiравання партыяй старшынi Мiколы Статкевiча. Такiм чынам у Беларусi будзе ўжо чатыры партыi, у назве якiх прысутнiчае тэрмін „сацыял-дэмакратычная” i шэсць партый сацыял-дэмакратычнага накiрунку, калi ўлiчыць Партыю працы i Партыю жанчын „Надзея”. Самае парадаксальнае ў гэтай сiтуацыi тое, што драбленне беларускай лявiцы адбываецца пад сцягам аб’яднання.

Першай сацыял-дэмакратычнай партыяй, пасля знiкнення манаполii камунiстаў на ўладу ў Беларусi была Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, якую стварыла ў 1991 годзе частка сяброў Народнага Фронту. На яе чале стаў вядомы гiсторык Мiхась Ткачоў. Яна стала другой, пасля БНФ, недзяржаўнай палiтычнай арганiзацыяй. Грамадоўцы назвалi сябе пераемнiкамi традыцый Беларускай сацыялiстычнай грамады, якая iснавала на пачатку дваццатага стагоддзя.

Не паспеўшы як след сфармавацца, БСДГ панесла непапраўную страту. Заўчасна, ад цяжкай хваробы, памёр Мiхась Ткачоў. Яго месца на пасадзе старшынi заняў Алег Трусаў. З цягам часу Грамада рабiлася рэальнай палiтычнай сiлай. У 1994 годзе партыя на першых прэзiдэнцкiх выбарах падтрымала кандыдатуру Станiслава Шушкевiча, а не лiдэра БНФ Зянона Пазьняка. Так узнiкла першае сур’ёзнае рознагалоссе памiж дзвюма хаўруснымi арганiзацыямi, бо БНФ i БСДГ былi адзiнымi партыямi, для якiх пабудова рэальна незалежнай краiны, адраджэнне беларускай культуры i нацыянальнай свядомасцi сталi прыярытэтнымi задачамi.

Пасля таго, як на пасадзе старшынi Алега Трусава замянiў Мiкалай Статкевiч, партыя наладзiла шчыльныя кантакты з еўрапейскiмi сацыял-дэмакратамi, асаблiва нямецкiмi, якiя абяцалi ўсялякую дапамогу. Аднак сябрам з Захаду не падабалася iснаванне ў Беларусi некалькiх партый сацыялiстычнага накiрунку. Яны сталi раiць аб’яднацца. Яшчэ нямецкiя таварышы лiчылi, што ў дзейнасцi БСДГ зашмат нацыянальнага i замала сацыялiстычнага. Вiдаць, такiх жа поглядаў прытрымлiвалася i акружэнне Мiкалая Статкевiча. Частка кiраўнiцтва Грамады пачала рыхтавацца да аб’яднання з Партыяй народнай згоды. У той час ПНЗ уяўляла сабой даволi стракатую арганiзацыю з незразумелай палiтыкай. Некаторыя сябры адкрыта падтрымлiвалi рэжым Лукашэнкi, iншыя час ад часу выказвалi апазіцыйныя погляды. З-за гэтага ў патрыятычным беларускiм асяроддзi абрэвiятуру ПНЗ нярэдка расшыфроўвалi як „партыя народнай здрады”. Але аб’яднанне ўсё ж адбылося. Узнiкла БСДП(НГ). Аднак шэраг сяброў БСДГ, якія не пагаджаліся на адхiленне ў бок сацыялiзму i марксiзму за кошт нацыянальнай iдэi, на чале з Алегам Трусавым, утварылi спачатку фракцыю за захаванне Грамады, а пасля аднавiлi дзейнасць БСДГ. У сваю чаргу члены ПНЗ, якiя былi гатовы верна служыць уладзе, не пагадзiлiся з аб’яднаннем з „апазіцыянерамi” i стварылi сваю сацыял-дэмакратычную партыю. У вынiку замест аб’яднанай арганізацыі ўзнiклі тры новыя.

Паступова шэрагi Грамады павялiчвалiся, у яе ўвайшлi сябры колькасна меншых арганiзацый нацыянальнага накiрунку, што не маглi перайсцi перарэгiстрацыю па новым лукашэнкаўскім законе. На чале партыi стаў вядомы палiтык Станiслаў Шушкевiч. Грамада ўсё больш хiлілася направа. Увайшла ў рух БНФ (не блытаць з партыяй БНФ — аўт.). Новая праграма атрымалася па некаторых пунктах нават больш кансерватыўная за народнафронтаўскую. На перадапошнiм з’ездзе, па iнiцыятыве гродзенскай фiлii, было паднята пытанне па выключэнні з назвы партыi слоў „сацыял-дэмакратычная”, што было падтрымана большасцю дэлегатаў, але па прапанове кiраўнiцтва канчатковае рашэнне адтэрмінавалі. Грамада стала паўнапраўным сябрам Кангрэса дэмакратычных сiл Беларусi.

Пралукашэнкаўскiя сацыял-дэмакраты нічым не вызначалiся, яны ўзнiкалi толькi ў час псеўдавыбараў, каб засведчыць iх „шматпартыйнасць” у вачах сусветнай супольнасцi. Невядома ці iснуюць фiлii гэтай партыi дзе-небудзь па-за Мiнскам.

Спачатку былыя аднапартыйцы, якiя ўвайшлi ў БСДП(НГ) усяляк перашкаджалi ўзмацненню БСДГ, называлi грамадоўцаў раскольнiкамi, адшчапенцамi i г.п. Апошнiя адказвалi тым жа. Партыя Мiколы Статкевiча намагалася завалодаць манаполiяй на сацыял-дэмакратызм у Беларусi. Але ўрэшце абедзве арганiзацыi пачалi супрацоўнiчаць у КДС. З аднаго боку, БСДП(НГ) прымала сумесна з iншымi незалежнiцкiмi дэмакратычнымi арганiзацыямi ўдзел у акцыях, што праводзiлiся ў абарону суверэнітэту краiны i беларускасцi, была нават iнiцыятарам некаторых з iх. З другога, кiраўнiцтва партыi вяло сябе непаслядоўна. Нягледзячы на рашэнне IV з’eзда арганiзацыi разам з усiмi дэмакратычнымi сiламi не прымаць удзелу ў выбарах лукашэнкаўскай „палаты”, згодна з пастановай КДС, Статкевiч не толькi заахвочваў сяброў партыi вылучаць свае кандыдатуры, але i сам стаў кандыдатам. У вынiку ў БСДП(НГ) утварылася фракцыя пад кiраўнiцтвам Аляксея Караля, якая выступiла супраць дзеянняў старшынi.

Статкевiч у адказ пачаў ствараць паралельныя структуры тым арганiзацыям, большасць сяброў якiх далучылiся да фракцыянераў. Так гродзенская гарадская арганiзацыя практычна ў поўным складзе была адхiлена ад партыйнай працы. Замест яе намаганнямi акружэння Статкевiча з былых членаў пралукашэнкаўскай арганiзацыi „Очищение” створана паслухмяная суполка БСДП(НГ). Дэлегаты на чарговы з’езд вылучалiся ўжо ад яе.

Па словах удзельнiкаў сходу ў кiнатэатры „Змена”, фракцыя Караля прапаноўвала, каб на з’езд прыехалi прадстаўнiкi ад усiх суполак, але кiраўнiцтва партыi не пагадзiлася. Гледзячы на аўтарытарныя метады кiраўнiцтва арганiзацыяй Статкевiча, 2 снежня 2001 г. было вырашана стварыць або новую партыю пад назвай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, або проста Сацыял-дэмакратычную партыю. У мiнюст неўзабаве будуць пададзены дакументы для рэгiстрацыi. У новую БСДП сярод iншых увайшлi такiя вядомыя людзi як Мечыслаў Грыб, Анатоль Сiдарэвiч, Леанiд Лойка, Мiхась Чарняўскi.

Удзельнiкi ўстаноўчага з’езда не выключаюць магчымасцi аб’яднання з БСДГ. Адной з прычын стварэння новай партыi было жаданне яе сяброў у час перамоў з калегамi быць раўнапраўнымi партнёрамi.

Мiж iншым на з’ездзе БСДГ, якi адбыўся 24 лiстапада была прынята рэзалюцыя аб iмкненнi да аб’яднання арганiзацый сацыял-дэмакратычнага кшталту. Атрымоўваецца, усе за яднанне. Але што з гэтага выйдзе?

БСДГ калiсьцi стварылася ў вынiку iдэалагiчных разыходжанняў з групай Статкевiча. Фракцыя Караля не мае падобных прэтэнзiй да БСДП(НГ), яе сябрам недаспадобы толькi самаўладства Статкевiча. Таму на з’ездзе Грамады гучалi галасы супраць аб’яднання. Вялiкая частка грамадоўцаў, асаблiва з заходнiх рэгiёнаў Беларусi, нiколi не пойдзе на злiццё сваёй арганiзацыi з прыхiльнiкамi марксiсцкага сацыялiзму. Але ёсць сябры БСДГ, якiя хочуць стварэння адной сацыял-дэмакратычнай партыi. У сваю чаргу ў новай арганiзацыi, якая ствараецца зараз, магчыма знаходзяцца людзi, якія згодныя адмовiцца ад сацыялiстычных iдэй у карысць нацыянальным iнтарэсам беларускага народа. А ёсць i такiя, якiя нiколi не зменяць сваiх прамарксiсцкiх поглядаў. Што датычыць Партыi працы i „Надзеi”, дык гэтыя арганiзацыi, здаецца, iснуюць пераважна на паперы, дзеля палiтычнага iмiджу лiдэраў, якiя асаблiвага жадання аб’ядноўвацца i дзялiцца, хаця б iлюзорна, уладай, не выказваюць. Цi не скончыцца гэта ўсё стварэннем яшчэ адной сацыял-дэмакратычнай партыi?