Ніва № 1 (2382), 6 студзеня 2002 г.

Добрасуседскія кантакты

Віталь ЛУБА

20 снежня 2001 г. у Беластоку сустрэліся падляшскі ваявода Марк Стшалінскі і старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Саўчанка. Кіраўнікі адміністрацыі Беласточчыны і Гродзеншчыны падпісалі папярэдняе пагадненне ў справе замацавання і развіцця добрасуседскіх кантактаў паміж Беластоцкім ваяводствам і Гродзенскай вобласцю. У дакуменце асаблівую ўвагу адводзіцца, між іншым, шчыльнаму супрацоўніцтву пры ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў і незвычайных сітуацый, а таксама развіццю бізнесу. Падпісанае пагадненне замяняе дамову шасцігадовай даўнасці.

У ходзе сустрэчы разглядалася справа закрытага на рамонт пагранперахода Кузніца-Беластоцкая — Брузгі. Беластоцкі ваявода і старшыня Гродзенскага аблвыканкама супольна заявілі, што ў палове гэтага года пераход у Кузніцы можа быць адкрыты для асабовага руху. Абодва кіраўнікі сцвердзілі, што чэргі на пагранпераходах на польска-беларускай мяжы з’яўляюцца вялікай перашкодай для тавараабмену. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка запэўніў беластоцкага калегу, што да сярэдзіны 2002 г. даязная дарога да перахода на беларускім баку будзе здадзена ў карыстанне. Перабудова гэтай дарогі з’яўляецца часткай плана мадэрнізацыі пагранперахода Кузніца — Брузгі і праводзіцца за кошт Еўрасаюза.