Ніва № 1 (2382), 6 студзеня 2002 г.
Ці патрэбны дзяржаве нацыянальныя меншасці?Яўген МІРАНОВІЧПалітыка польскай дзяржавы ў адносінах да нацыянальных меншасцей амаль ад 1918 г. вядзецца цыклічна. Натуральным, можна сказаць інстынктыўна вызначаным напрамкам дзейнасці палітычных элітаў краіны, нягледзячы на іх левую, правую, ці цэнтрысцкую арыентацыю, было імкненне да асіміляцыі няпольскага насельніцтва. Гэтай палітыцы не падвяргаліся толькі яўрэі з-за таго, што лічыліся яны элементам дэструктыўным нават калі цалкам асіміляваліся. Інтэрнацыяналісты з Польскай рабочай партыі, якія пасля вайны атрымалі поўную ўладу ў краіне, як фундамент свае палітыкі прынялі лозунг: „Польшча — адзінаэтнічная краіна” і даволі паспяхова яго ажыццяўлялі. Камуністы нацыяналізмам хацелі прыдбаць сабе прыхільнасць палякаў. Савецкія ўлады пры канцы саракавых гадоў прымусілі аднак польскіх таварышаў стварыць меншасцям школы і падрыхтаваць арганізаваныя формы дзейнасці. У палове пяцідзесятых гадоў пачалі працаваць грамадска-культурныя таварыствы і рэдакцыі часопісаў. На хвалі палітычнай адлігі польскія ўлады дазволілі нацыянальным меншасцям аб’явіць сваё існаванне.Пры канцы шасцідзесятых гадоў „інтэрнацыяналісты” вярнуліся да найлепшых традыцый эндэцкага лагера, яўрэяў выгналі з краіны, немцаў пачалі прадаваць ФРГ за пазыкі на мадэрнізацыю краіны, а славянскім меншасцям стварылі гладкую сцежку да асіміляцыі. Гэтая палітыка прывяла да маргіналізацыі яўрэйскага і нямецкага пытання, а несумненна пайшла б таксама паспяхова ў адносінах да беларусаў, украінцаў і славакаў, калі б не чарговы выбух польскага нацыяналізму ў канцы сямідзесятых гадоў, дарэчы выкліканага прапагандысцкай палітыкай улад. Салідарнасць перш за ўсё на некалькі гадоў затармазіла працэс асіміляцыі беларусаў. Вяртаючы ў публічны ўжытак прынцып „паляк — каталік” адкінула польскасць усіх „праваслаўных палякаў”. Пасля 1989 г. Польшча вырашыла далучацца да еўрапейскіх структур, але там, ад маладой дэмакратыі, запатрабавалі дэмакратычнай палітыкі ў адносінах да ўсіх грамадзян, у тым і да нацыянальных меншасцей. Не было з гэтым вялікіх праблем, таму што ў радах новых элітаў улады апынулася шмат прыхільнікаў такой палітыкі, асабліва сярод уплывовай партыі — Дэмакратычнай уніі. Да ўлады наперамен прыходзілі салідарнікі і посткамуністы, але пару добрых гадоў усе яны вялі палітыку карысную нацыянальным меншасцям. Часам не ўсё атрымлівалася так як хацелася б, але гэта была перш за ўсё віна саміх нацыянальных меншасцей. Напрыклад, беларусы, у выніку інтрыганцтва, лакейства ці хворых амбіцый некаторых дзеячаў пастаянна трацілі. Настроямі нашага грамадства маніпулявалі як хацелі дасведчаныя ў палітычных гульнях таварышы з-па-за нашага асяроддзя. Пры канцы дзевяностых гадоў пагас энтузіязм палякаў для еўрапеізацыі. Салідарніцкі лагер, які прыйшоў да ўлады ў 1997 г. з лозунгамі мадэрнізацыі краіны і далучэння да Еўропы, неўзабаве прадэманстраваў афрыканскі ўзровень карумпаванасці, некампетэнтнасць, а лакальныя царыкі шавіністычную рыторыку ўчынілі стандартам дзяржаўнай палітыкі. Ад паловы дзевяностых гадоў нацыянальная палітыка пераставала быць прадметам публічнай дыскусіі, а перш за ўсё узорам пээнэраўскай традыцыі, суб’ектам зацікаўлення сакрэтных службаў. Пакуль аднак сеймавую Камісію па справах нацыянальных меншасцей узначальваў Яцэк Курань — палітык з вялікім аўтарытэтам, грамадзяне няпольскай нацыянальнасці мелі нейкія сродкі і магчымасці, хаця з году ў год штораз меншыя, для падтрымкі свае культурнай ці выдавецкай дзейнасці. Пасля апошніх парламенцкіх выбараў сітуацыя нацыянальных меншасцей пачынае хутка мяняцца. У парламенце апынуліся партыі, якія адкрыта заяўляюць, што меншасцям ад дзяржавы нічога не належыцца. Аказваецца, што меншасці маюць абавязак плаціць падаткі і служыць у арміі, але — заяўляюць, напрыклад, дзеячы Лігі польскіх сем’яў — не павінны дамагацца ніякіх правоў, спрыяючых захаванню свае культурнай адметнасці. Здамінаваны Саюзам левых дэмакратаў Сейм і ўрад раптоўна парваў лінію палітыкі, запачаткаваную пры канцы васьмідзесятых гадоў. У рыторыцы яна нават гучыць прыхільна меншасцям, аднак на практыцы выглядае менш вясёла. Кіраванне Камісіяй па справах нацыянальных меншасцей было даверана Генавефе Вішнёўскай з Самаабароны, якая мае клопаты з акрэсленнем свае адукацыі і складаныя адносіны з законам. Яе намеснікам стаў актывіст Лігі польскіх сем’яў Ежы Чарвінскі. СЛД, паставіўшы гэтых людзей на чале парламенцкай камісіі, акрэсліў месца нацыянальных меншасцей у дзяржаве. Фінансавы крызіс у краіне па зразумелых прычынах закранае ўсіх грамадзян, але здаецца, што найбольш адчуюць яго нацыянальныя меншасці. У рамках ашчаднасці бюджэт дзяржавы не кампенсуе затрат, вынікаючых з інфляцыі настаўнікам, лекарам, паліцыянтам, паменшвае датацыі амаль для ўсіх бюджэтных структур на 5-10 працэнтаў. Найбольшыя аднак ашчаднасці ўрад запланаваў зрабіць на выданнях і культурных мерапрыемствах нацыянальных меншасцей, плануючы забраць амаль 80 працэнтаў датацыі. На практыцы абазначае гэта спыненне ўсялякай актыўнасці, якой ганарыліся грамадзяне няпольскай нацыянальнасці. Настроі сярод палякаў цяпер такія, што палітыка накіраваная на абмежаванне падтрымкі нацыянальным меншасцям будзе ўспрымацца з вялікім зразуменнем большасці грамадства і мець поўную падтрымку партыйных актывістаў так левай, як і правай арыентацыі.
|