Ніва № 52 (2381), 30 снежня 2001 г.

„Ды не знiшчыць пагоняй таго, хто жыве пад Пагоняй”

Змiцер КIСЕЛЬ

Нашы нашчадкi, якiя пажадаюць вывучыць гiсторыю беларускага друку канца XX пачатку XXI стагоддзяў, пра гродзенскую газэту „Пагоня”, у разнастайных падручнiках, даведнiках i энцыклапедыях знойдуць прыкладна такiя звесткi: „...газета пачала выходзiць 25 сакавiка 1991 года, 12 лiстапада 2001 года, у часы беззаконня i дыктатуры, выданне было забаронена. Газета адноўлена ...”. Якая дата будзе напiсана замест шматкроп’я i на шэраг iншых пытанняў карэспандэнта „Нiвы” адказвае галоўны рэдактар „Пагонi” Мiкола МАРКЕВIЧ.

— Канкрэтна, калi зноў будзе друкавацца „Пагоня” пакуль адказаць не магу. Але газета абавязкова адродзiцца. Мы падалi скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд на рашэнне суддзi Жандарава ад 12 лiстапада, згодна якому выдаваць „Пагоню” было забаронена. Але спадзявацца на справядлiвасць суда пры iснуючым рэжыме справа практычна марная. Магчыма будзем рэгiстраваць новую газету — пераемнiцу „Пагонi”.

— Але, гродзенскiя ўлады не даюць дазволу на рэгiстрацыю нават палiтычна нейтральных выданняў.

— Так. У неафiцыйнай размове адзiн з „вертыкальных” чыноўнiкаў прама сказаў, што гарвыканкам нiколi не дазволiць нам у Гродне выдаваць газету. Улады, якiх Лукашэнка прызначыў кiраваць Гродзеншчынай, па-свойму iнтэрпрэтуюць закон аб друку. На ўсе запыты па ўдакладненні юрыдычнага адрасу рэдакцыі, не толькi ў Гродне, але i ў iншых раённых цэнтрах вобласцi, адказ адзiн — выдаваць новую газету немэтазгодна. Аднак ёсць праект новага закону, у якiм не патрабуецца ўзгадняць месцазнаходжання рэдакцыi з мясцовымi ўладамi.

— Спадзяецеся на большую дэмакратычнасць мiнскiх чыноўнiкаў?

— Хутчэй на большы розум. Улады, зневажаючы права людзей на незалежную iнфармацыю, не толькi не здолеюць дамагчыся свайго юрыдычнага прызнання цывiлiзаваным светам, але яшчэ больш зняславяць свой рэжым i гаспадара. Праўда, здаецца, да iх гэта пакуль не даходзiць. Напрыклад, некалькi тыдняў таму ўпаўнаважаны АБСЕ па свабодзе сродкаў масавай iнфармацыi Фраймут Дувэ паслаў лiст у Мiнiстэрства замежных спраў Беларусi, у якiм выказваецца занепакоенасць з прычыны закрыцця нашай газеты, i гаворыцца, што гэта разглядаецца як спроба абмежавання свабоды незалежнага друку. 12 снежня намеснiк мiнiстра МЗС Васiль Пугачоў накiраваў у ВГС лiст.У мяне ёсць яго тэкст. Думаю, што частку варта працытаваць: „Представляется, что отдельные оценки данной тональности являются следствием отсутствия информации о нормативно-правовой основе, раскрывающей истинную сущность причин закрытия газеты. В связи с необходимостью подготовки ответного письма Ф. Дуве просим направить в МИД до 21 декобря 2001 года развёрнутую информацию по существу причин, ставших основой для решения Высшего Хозяйственного Суда о закрытии гродненской газеты „Погоня”.

— Гэта ж прамое ўказанне, якiм павiнен быць адказ!

— Безумоўна. Нездарма ўжо 13 снежня „Народная газета” надрукавала артыкул прэс-сакратара ВГС Валянцiна Барысевiча „В чёрном омуте крамолы, или Почему разгорелся сыр-быр вокруг „Пагонi”, у якiм у лепшых савецкiх традыцыях даводзiцца, што мы „ачарнялi” беларускую рэчаiснасць i органы ўлады. Таму рашэнне суддзi Жандарава правiльнае. Можна ўявiць, што адказ МЗС будзе такiм жа. На жаль, у цывiлiзаваных еўрапейцаў калi-некалi адсутнiчае iмунiтэт на нахабную хлусню, якой карыстаюцца беларускiя чыноўнiкi. Я сам напiшу спадару Дувэ i паспрабую растлумачыць сапараўдны стан рэчаў.

— У цяжкiя хвiлiны неабходна падтрымка сяброў, проста зычлiвых людзей. Цi адчувае рэдакцыя „Пагонi”, што яе лёс не абыякавы грамадству?

— Занепакоенасць з прычыны закрыцця газеты выказалi: Сусветная арганiзацыя за свабоду слова „Article XIX”, Мiжнародная лiга па правах чалавека, Камiтэт у абарону журналiстаў, Федэрацыя журналiстаў Лiтвы. На жаль, практычна нiяк не адрэагавалi беларускiя палiтыкi, якiя падчас выбарчай кампанii вельмi жадалi выказацца на старонках незалежных газет, у тым лiку i „Пагонi”. Не чуваць рэакцыi польскiх калегаў i беларускiх арганiзацый у Польшчы. Магчыма яны вырашалi — цiск на свабоду для iх далёкая мiнуўшчына. Дай Бог, каб якi-небудзь палiтык кшталту спадара Лепэра не нагадаў палякам, што калi забываюць гiсторыю, яна можа паўтарыцца.

Але самае галоўнае падтрымка чытачоў. Яны дасылаюць лiсты. Самi прыходзяць у рэдакцыю. Гэта сведчыць, што „Пагоня” патрэбна людзям i ў яе ёсць будучыня.

— Маральнае спачуванне,звароты да ўлад — усё гэта добра. Але за якiя сродкi ўтрымлiваеце памяшканне, аплочваеце сувязь, як выжываюць супрацоўнiкi рэдакцыi?

— Вяртаюцца грошы за продаж газеты, дапамагаюць чытачы. Яшчэ месяц пратрымаемся. Даслалi звароты па дапамогу ў розныя месцы, але адказу пакуль не атрымалi. Вельмi ўдзячныя грамадскаму аб’яднанню IREX, з дапамогай якога можам выходзiць у Інтэрнэце. Журналiсты дасылаюць свае матэрыялы ў iншыя выданнi, iх ахвотна друкуюць. Гэта сведчыць, што наш калектыў можа рабiць высокапрафесійнае выданне.

З рэдакцыi нiхто не адышоў. Мы збiраемся, абмяркоўваем, якой павiнна быць наша газета.

— Як уяўляецца Вам „Пагоня” 2002 года?

— Гэта будзе сапраўдны штотыднёвiк. У два разы „таўсцейшы” за былую „Пагоню”. Хочам рабiць больш аналiтычных матэрыялаў. Наладзiць iнфармацыйны абмен з памежнымi Беласточчынай i Вiленшчынай. Такiм чынам даць нейкае жыццё еўрарэгiёну „Нёман”, якi, дзякуючы нашым уладам, iснуе толькi на паперы.

Карыстаючыся нагодай хачу павiншаваць чытачоў „Нiвы” з Новым годам i надыходзячымi Калядамi. Жадаю, каб у кожнай сям’i быў дабрабыт i звычайнае чалавечае шчасце. Каб нашы межы не дзялiлi нас, а ядналi.