Ніва № 52 (2381), 30 снежня 2001 г.

Сферы „Бязмежжа”

Аляксандр МАКСІМЮК

Беларуска-польскаму літаратурнаму семінару, арганізатарам якога выступае Беларускі саюз, усё ж шанцуе. Нават у такіх экстрэмальных абставінах як 14-15 снежня сёлета, калі ўсё мерапрыемства арганізавалася з усяго тыднёвым апярэджаннем. 7 снежня — была гэта пятніца, зыход тыдня — я толькі пачуў, што быццам праз тыдзень сустракаемся ў Гайнаўцы. У панядзелак (было ўжо 10 снежня) мяне пераканалі, што справа рухаецца ўсур’ёз. І ў гэтым сэнсе шостае „Бязмежжа” было самым шалёным праектам. А шанцуе яму таму, што наведваюць-дакранаюцца да яго людзі для беларускай культуры фарматныя. У пачатку мерапрыемства былі імі мінчукі Ігар Бабкоў і Адам Глёбус, сёлета — Алег Мінкін з Вільні.

Наведалі шостае „Бязмежжа” таксама творцы з суседніх нам Гродзеншчыны і Берасцейшчыны, дачыненне з якімі ў нас непасрэднае ды мае ўжо сваю традыцыю — Юры Гумянюк і Ігар Сідарук. Абодва даехалі з камандамі, якія састаўлялі барды, паэты і журналісты: Ярына Дашына, Валера Жамойцін, Юры Карэйва, Вікторыя Назарэнка, Алена Сіневіч і Вольга Хвашчынская. На артыстычную частку „Бязмежжа 2001” склаліся як літаратурныя чытанні, так і канцэрты аўтарскай песні (упершыню), што ў агульным, насуперак спадзяванню, быццам літаратурнае мерапрыемства гэта гаварунства да знямогі, склала прыемна-нечаканае ўражанне разнастайнасці і займальнасці.

Пра што ж гаварылася або спявалася ў час „Бязмежжа”? Музыка — гэтая тэма адгукнецца і ў далейшым — лягчэй паддаецца асэнсаванню. Песні гучалі ў выкананні гродзенцаў і беластачан. Валера Жамойцін па стылістыцы нагадвае крышку Віктара Шалкевіча — стылістыка тая правінцыйна-крапіўна-прыдарожная або лапухова-буракова-агародная. Але ёсць і выразная адрознасць у іх — В. Жамойцін сціплы паводзінамі, што, мабыць, характэрнае ранняму перыяду ўзыходу зоркі, у той час, калі аўтарскае шоу В. Шалкевіча прысвячаецца адной тэме „Вось вам Я — Зорка”. У Вольгі Хвашчынскай ціхая экзальтаванасць літаратурай, захапленню гэтаму не чужая і такая ж ціхая любоў да бацькаўшчыны. Зусім іншыя карані напеваў Ганны Кандрацюк, якая цалкам звяртаецца ў падляшскую традыцыю фальклору — аднак не таго спрошчанага яго варыянту, які прэзентуецца на аглядах беларускай песні, а, так сказаць, адзін прыступак глыбей, фальклору, носьбіты якога вось-вось адыходзяць ад нас, беззваротна забіраючы ўвесь свой няхітра шчыры жыццягляд. Лірычны герой тут быццам і не ўдзельнік жыцця, а хутчэй яго сузіральнік. Песні гучныя і шурпатыя ў выкананні, але ў той жа час і суцішаныя ў выказванні нескладанай праўды чалавечага лёсу.

У апавяшчальнай частцы „Бязмежжа” прагучалі тры даклады — ніжэйпадпісанага пра ўзнікненне часопіса „Правінцыя” і водгукі на яго, Юрыя Гуменюка пра літаратурную Гродзеншчыну і Ігара Сідарука пра Берасцейшчыну ў такім жа кантэксце. Водгукаў на „Правінцыю” было небагата, але з пункту погляду часопіса, які свядома адмяжоўваецца ад акадэмічнага мэйнстрыму — былі яны істотнымі. Не пашкадаваў цёплага слова выданню Валянцін Тарас у інтэрв’ю для Радыё Свабода, якое прагучала ў эфіры 13 мая 2001 г. (найважнейшыя гутаркі эфіру спісваюцца ды працягваюць жыць як даступныя ў Інтэрнэце тэксты). „Я быў у захапленні, — сказаў пра «Правінцыю» В. Тарас. — Я даўным-даўно не адчуваў такой асалоды ад самой рэчы і ад самога перакладу, ад дзіўнай, раскаванай як вялікая рэчка беларускай мовы”. Па мерках В. Тараса, было ў часопісе нешта паражальнае, бо ў гутарцы, галоўная тэма якой круцілася пад лозунгам „Палітычнага патэнцыялу ў сённяшняга Саюза пісьменнікаў няма”, літаратар усё вяртаўся і вяртаўся да „Правінцыі”. Другім істотным водгукам быў тэкст Ганны Кісліцынай у рубрыцы „Крытыка” газеты „Літаратура і мастацтва” ад 27 ліпеня 2001 г. Паколькі рэцэнзія зноў жа была прыхільная нам, дык увагу варта запыніць на адным істотным дакоры, які там прагучаў. Аўтарка нейкім чынам аспрэчыла наша — беластачан — права выказваць свой погляд на беларускую літаратуру. Пацвярджае гэта тэзіс, што Беласточчына ўвесь пасляваенны час заставалася самотнай, а яе беларускія насельнікі ніколі не ўспрымаліся Беларуссю як суб’екты беларускай культуры. Мяжа надалей застаецца шчыльнай і для людзей, і для ідэй. А ў тым, што склад думкі і працэсы аднолькавыя і тут, і там пераконвае нават камічная дэталь, якую вылавіў я ў час аўтарскіх чытанняў. Беларусь знаходзіцца пад расійска-каўказскім культурным ціскам, а Беласточчына — бразільска-галівудска-польскім. Вось і ў апавяданні Ігара Сідарука „Выкраданне вепрука” тытульны герой і яго сукватарант носяць імёны Магамая і Мамая — светлыя прыклады з „Кнігі імёнаў народаў СССР”. Беластоцкія ж каровы і расплодныя быкі — гэта найчасцей Херты, Мальвіны, Патрыцыі, Чэмпіёны, Карынгтоны... Беларусы ў кожным кутку свету хатнюю жывёлу называюць імёнамі сваіх палітычна-культурных прыгнятальнікаў.

Рэшта тэкстаў пра часопіс, якія я сабраў па розных, часамі і кур’ёзных з пункту гледжання беларускай літаратуры, выданнях, выйшла з-пад пяра людзей, якія прачыталі з яго няшмат або і ўвогуле не раскрывалі.

Падзеяй шостага „Бязмежжа” стаў удзел у ім Алега Мінкіна — улюбёнага аўтара і сябры рэдкалегіі ўзноўленай „Нашай Нівы” сяргеедубавецкага перыяду. Я за ўсе аўтарскія сустрэчы, у якіх давялося мне ўдзельнічаць, не пачуў столькі шчырага пра вершаскладанне і г.зв. творчы працэс, колькі ад А. Мінкіна — самавука ў паэтычным мастацтве (па адукацыі ён фізік). Сваю дакранальнасць да паэзіі А. Мінкін назваў уваходам у сферу, якая ад пачатку да канца застаецца для творцы чужой з’явай — творца з’яўляецца ўсяго яе прыймачом. Кантакт са сферамі дадзены ўсім людзям, але некаторым ён ад нараджэння даецца лягчэй. У паэзіі, як і ў музыцы, некаторыя супастаўленні слоў уздзейнічаюць на чалавека ў любы час. Музыка па сваёй прыродзе лягчэй паддаецца матэматычнаму асэнсаванню. Паэтычныя ж сферы мусяць праяўляцца ў матэрыяльнасці традыцыі і культуру, што стварае панятак нацыянальнай паэзіі, даступнай у любым пункце нацыянальнай часапрасторы. А. Мінкін называе сябе анталагічным паэтам, бо дзеля ўваходу ў сферу патрабуе начытанасці іншымі паэтамі. Ён зайздросціць Анатолю Сысу, ад якога згаданы ўваход — так мяркуе А. Мінкін — не патрабуе дадатковых захадаў. А. Мінкін вядомы як перакладчык польскай паэзіі на беларускую мову — высока цэніць Б. Лесмяна, які ў ягоным перакананні з’яўляецца стопрацэнтным транслятарам таго, што сам называе сферай.