Ніва № 51 (2380), 23 снежня 2001 г.

Міжнароднае спатканне археолагаў

Паўліна ШАФРАН

Беластоцкі універсітэт стаў на два дні месцам сустрэчы археолагаў Падляшша і Беларусі. У чацвер, 6 снежня, канферэнцыю адкрылі прафесар Галіна Парафяновіч — дэкан Гістарычна-сацыялагічнага аддзялення і прафесар Ганна Канопка — дырэктар Інстытута гісторыі, якія прадставілі сучасны стан археалогіі. Нягледзячы на адсутнасць датацый, археалогія на нашай тэрыторыі знаходзіцца на высокай пазіцыі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Польшчы.

Ежы Мацейчык з Ваяводскага аддзела службы аховы помнікаў расказаў пра даследаванні, якія вяліся ў 2000-2001 гадах у нашым ваяводстве. Гаварыў ён таксама і пра патрэбныя ў працы археолагаў інструменты, паказаў лічбавую ортафотакарту як прыкладны даследчыцкі інструмент, які прымяняецца пры вывучэнні першабытных стаянак у паўночна-ўсходняй Польшчы.

Вынікі археалагічных даследаванняў на Пунскай і Сейненскай зямлі прадставіў Юрка Лапо з Музея народнай культуры ў Венгажэве. Паказаў ён шэраг прадметаў штодзённага карыстання і расказаў гісторыю Мазур.

Канферэнцыя праходзіла ў трох секцыях. Першая з іх, прысвечаная каменнаму і бронзаваму веку, займалася вынікамі археалагічных доследаў курганнага могільніка ў мясцовасці Сінец на Мазурах. Госцем гэтай групы быў доктар Міхал Чарняўскі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў Мінску, які прадставіў найноўшыя вынікі даследаванняў Гродзеншчыны. Другая секцыя займалася раннім жалезным векам і перыядам перасялення народаў. Удзельнічалі ў ёй Аляксандр Мядзведзеў з Мінска, Гжэгаж Калвак і Міраслаў Гофман з Вармінска-Музурскага універсітэта.

Крыстына Бянькоўская з Падляшскага Музея прадставіла вынікі даследаванняў у Вышках. Апрача гэтага ў канферэнцыі ўдзельнічалі археолагі з Беларусі, якія прадставілі спосабы і вынікі прац на Гродзеншчыне і Палессі.

Міжнароднае спатканне археолагаў, як сказаў адзін з удзельнікаў канферэнцыі Юрка Лапо, было патрэбным. „Такія сустрэчы адбываюцца рэдка, бо занятыя раскопкамі археолагі часам замыкаюцца ў сваім свеце і не маюць часу на канферэнцыі, семінары і абмен вопытам. А яны памагаюць не толькі ў даследаваннях, бо прадстаўляюць новыя метады працы, але і накіроўваюць на новы шлях, прымушаюць да большага высілку”.